Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск згубіў магчымасьць прыняць Эўра-2020


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусь страціла шанец стаць адной з гаспадынь футбольнага чэмпіянату Эўропы 2020 году. Падчас сёньняшняга галасаваньня ў цэнтры «Espace Hippomene» у Жэнэве заяўка Беларускай фэдэрацыі футболу была забракаваная з-за адсутнасьці стадыёну і з-за прывідных шанцаў на ягонае зьяўленьне да акрэсьленага тэрміну.

У гонар 60-годзьдзя правядзеньня першага эўрапейскага Кубку турнір заплянаваны адразу ў 13 краінах. Ад пачатку на арганізацыю Эўра-2020 прэтэндавалі тры дзясяткі дзяржаў, але зь цягам часу колькасьць скарацілася да 19-ці, уключна зь Менскам: Азэрбайджан (Баку), Англія (Лёндан), Беларусь (Менск), Бэльгія (Брусэль), Баўгарыя (Сафія), Македонія (Скоп’е), Вугоршчына (Будапэшт), Нямеччына (Мюнхен), Данія (Капэнгаген), Ізраіль (Ерусалім), Ірляндыя (Дублін), Гішпанія (Більбао), Італія (Рым), Нідэрлянды (Амстэрдам), Расея (Санкт-Пецярбург), Румынія (Бухарэст), Уэльс (Кардыф), Швэцыя (Стакгольм), Шатляндыя (Глазга).

Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі, у склад якой уваходзілі старшыня БФФ Сяргей Румас, тэхнічны дырэктар фэдэрацыі Міхаіл Вергяенка, памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях фізкультуры, спорту і разьвіцьця турызму Максім Рыжанкоў, міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко і трэнер нацыянальнай зборнай Андрэй Зыгмантовіч да апошняга спадзяваліся, што ўдасца пераканаць эўрапейскіх футбольных чыноўнікаў у рэальнасьці беларускага праекту.

Як піша газэта «Прессбол», на мінулым тыдні УЭФА надрукавала зьмястоўную справаздачу аб гарадах-прэтэндэнтах. Ацэнка Менска аказалася нездавальняючая — як скласьці аб’ектыўнае ўражаньне ў адсутнасьць стадыёну? У якасьці арэны для Эўра-2020 Менск заявіў нацыянальны стадыён, які нават не пачаў узводзіцца, але заплянаваны ў межах Партызанскага праспэкту і вуліц Ванеева — Даўгабродзкай.

Стадыён «Дынама», які меркавалася перабудаваць у чыста футбольны, Аляксандар Лукашэнка загадаў пакінуць лёгкаатлетычным. У выніку былі завернутыя ўжо ўзгодненыя праекты, якія спачатку прапанавалі адмыслоўцы з Вугоршчыны, а потым і Нямеччыны.

Такім чынам, гаспадарамі спаборніцтваў стануць наступныя гарады: Лёндан (фінал і паўфіналы), Мюнхен, Баку, Санкт-Пецярбург, Рым (чвэрцьфіналы), Капэнгаген, Бухарэст, Амстэрдам, Більбао, Будапэшт, Брусэль, Глазга (3 матчы групавой стадыі і 1/8 фіналу).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG