Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пунтус: Калі «Дынама» не мабілізуецца, то можа паўтарыць «подзьвіг» БАТЭ


Юры Пунтус
Юры Пунтус

Футбалісты барысаўскага БАТЭ адзначыліся найгоршым вынікам за ўвесь час выступаў у Лізе чэмпіёнаў, разгромна прайграўшы на выезьдзе партугальскаму «Порту» зь лікам 0:6. Ці спраўдзяцца прагнозы адмыслоўцаў, якія прадраклі ня толькі вострую барацьбу ў квартэце Н, але нават шанцы зачапіцца за высокае месца ў групе? І ці не паўторыць «подзьвіг» БАТЭ менскае «Дынама», якое сёньня дэбютуе ў Лізе Эўропы?

На старце чацьвёртага для сябе групавога розыгрышу самага прэстыжнага кантынэнтальнага кубку выхаванцы Аляксандра Ермаковіча паставілі абсалютны антырэкорд: дагэтуль каманда не прайгравала з сухой розьніцай у 6 мячоў ні ў кваліфікацыі, ні ў асноўнай стадыі Лігі чэмпіёнаў. Нават грознай «Барсэлёне» два гады таму прапусьцілі «ўсяго» 5 мячоў. Галоўны трэнэр ужо папрасіў прабачэньня ў заўзятараў, а форвард Віталь Радыёнаў самакрытычна заявіў, што на полі была «каманда не мужыкоў, а хлюпікаў». Ці варта сьпісваць пасьля гэтай гульні БАТЭ ў тыраж? Колішні настаўнік барысаўскай каманды Юры Пунтус так ацэньвае далейшую пэрспэктыву:

«Змагацца можна і трэба заўжды, проста мне цяжка ведаць прычыну такога правальнага матчу. „Порту“, вядома, гэта „Порту“, але ж я БАТЭ бачыў у справе, і быў нейкі правал. З чым гэта зьвязана — сказаць складана. Так, можна гаварыць, што „Порту“ — фаварыт групы. Хоць і „Шахтар“, і „Атлетык“ — таксама моцныя каманды. Але з улікам таго, што БАТЭ мае гучныя перамогі над „Баварыяй“, над „Лілем“, гэта не азначае, што непераможных няма. Змагацца трэба з усімі. І нават пасьля пройгрышу 0:6 нельга адназначна паставіць крыж на тым, што барысаўцы не заваююць пуцёўку ў плэй-оф. Усялякае ў футболе бывае. Правільна ўчора Ўладзімер Навіцкі сказаў: ня наш быў дзень. Але толькі знутры, толькі трэнэрскі штаб сёньня можа дакладна сказаць, што гэта было. Для мяне пры ўсёй павазе да „Порту“ ўчорашняя гульня не дала адказу: што здарылася і чаму?»

У сваю чаргу, вядомы ў мінулым футбаліст, памочнік галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Андрэй Зыгмантовіч перакананы, што цяпер усё будзе залежаць ад пазыцыі трэнэра, які павінен уласным прыкладам настроіць хлопцаў на патрэбны лад:

Андрэй Зыгмантовіч
Андрэй Зыгмантовіч

«Самае галоўнае, каб была вера, каб галоўны трэнэр мог зараджаць гэтай верай і сябе, і гульцоў. Трэба рэальна паверыць, што мы — каманда, мы здольныя выконваць максымальныя задачы. Таму што ў псыхалягічным пляне гэта таксама немалаважны фактар. Прычым ня толькі для футболу, а, мабыць, для любога віду спорту — упэўненасьць у сваіх сілах, рух наперад. Але трэба разумець, што гэта карпатлівая праца, што посьпех сам па сабе не ўпадзе ні зь якага боку — ні зь неба, ні справа, ні зьлева. Дзеля дасягненьня гэтай мэты павінна быць штодзённая праца, і ў першую чаргу, напэўна, праца над самім сабой. І ўжо потым пэўным чынам адбудзецца трансфармацыя на калектыў, зь якім трэнэр непасрэдна працуе».

Колішні гулец менскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай Уладзімер Макоўскі наракае на рознасьць стартавых умоваў беларускіх клюбаў нават з эўрапейскімі сераднякамі. А паколькі дзяржава ня здольная забясьпечыць камандам нават мінімальныя ўмовы для падрыхтоўкі, то патрабаваць ад іх скакаць вышэй за галаву — справа марная:

Уладзімер Макоўскі
Уладзімер Макоўскі

«Можа і дойдзем калі да эўрапейскага ўзроўню. Усё ж людзі езьдзяць па сьвеце, глядзяць трэніровачныя працэсы, вучацца на ўласных памылках. У той жа Нямеччыне, ведаю, часта бываюць, спрабуюць сюды нешта перадавое перанесьці. А ім у нашай фэдэрацыі кажуць: прабачце, у нас столькі сродкаў няма, каб ісьці іхным шляхам. Чаму тады ў Нямеччыне ёсьць грошы? Чаму ёсьць у Англіі, Гішпаніі, Італіі? Я ўжо не кажу пра Бундэслігу — нават у першай, у другой нямецкай лігах на стадыёнах зьбіраюцца аншлягі. Чаму? Таму што каманда любага ўзроўню дэманструе відовішчную гульню. У нас адносна поўны стадыён можа сабраць хіба што гульня БАТЭ — Дынама (Менск). І ўсё, астатні футбол гледачам проста нецікавы».

Сёньня ўпершыню ў сваёй гісторыі ў групавой стадыі Лігі Эўропы стартуе менскае «Дынама». Першая гульня гэтаксама на выезьдзе, супернік калектыву Ўладзімера Жураўля — ПАОК з Грэцыі. Як учорашняя параза беларускага чэмпіёна адаб’ецца на менчуках? Футбольны трэнэр Юры Пунтус лічыць, што калі дынамаўцы дачасна раскіснуць, паўтарэньня «подзьвігу» БАТЭ выключаць нельга:

«Справа ў тым, што ПАОК — дакладна такога ж узроўню каманда, як і „Порту“. Упэўнены, што там такая ж будзе абстаноўка на стадыёне. Апроч таго, я ня ведаю, які будзе псыхалягічны стан каманды пасьля разгромнай паразы ад салігорскага „Шахцёра“ ў чэмпіянаце краіны, як яна гэта ўсё перажыве. Бо калі каманда будзе такая ж, як у матчы з „Шахцёрам“, то паўтарэньне гісторыі з БАТЭ цалкам магчымае.

Калі вярнуцца да ўчорашняй гульні, то ўсё было як у тым фільме пра „Старога Хатабыча“, калі абвясьцілі, што ўся каманда „захварэла“. Так і тут: нейкая ж прычына існуе, бо зусім непазнавальны БАТЭ быў. Яшчэ раз паўтару: пры ўсёй моцнай павазе да футбалістаў „Порту“, БАТЭ не настолькі слабейшае за іх, як было ўчора».

Наступныя матчы абодва беларускія клюбы згуляюць на «Барысаў Арэне»: 30 верасьня БАТЭ сустрэнецца з «Атлетыкам» зь Більбао, які ўчора мірна разышоўся з данецкім «Шахтаром», а 2 кастрычніка менскае «Дынама» прыме «Фіярэнтыну» з Флярэнцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG