Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уплывовыя амэрыканцы прэзыдэнту Абаму: Дамо Ўкраіне зброю!


Строўб Тэлбат, намесьнік дзяржсакратара ЗША ў 1994-2001 гг., і Стывэн Пайфэр, амбасадар ЗША ва Ўкраіне ў 1998-2000 гг., заклікалі прэзыдэнта Барака Абаму дапамагчы Ўкраіне «абарончай зброяй», каб украінцы маглі адбіць расейскую агрэсію.

Напярэдадні сёньняшняга візыту прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў Вашынгтон Тэлбат і Пайфэр, якія цяпер зьяўляюцца аналітыкамі Брукінгскага інстытуту, апублікавалі свой заклік на сайце CNN.

Фрагмэнты:

Наведваючы Вашынгтон у чацьвер [18 верасьня — РС], прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка амаль напэўна папросіць зноў амэрыканскай вайсковай дапамогі, у тым ліку абарончых узбраеньняў. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама павінен сказаць «так». Узбраеньне Кіеву можа стрымаць Уладзімера Пуціна ад далейшай агрэсіі ды падтрымаць няпэўнае перамір’е ва Ўкраіне і працэс урэгуляваньня канфлікту.

Расея незаконна акупавала і анэксавала Крым у сакавіку. Усяго празь некалькі тыдняў узброеныя сэпаратысты — у некаторых выпадках з дапамогай і пад камандаваньнем расейскіх выведнікаў — пачалі захоп урадавых будынкаў у Данецкай і Луганскай абласьцях на ўсходзе Ўкраіны.

Украінскія контратакі ўлетку былі пасьпяховымі. Расея адказала на іх, пастаўляючы сэпаратыстам цяжкое ўзбраеньне — у тым ліку, як шырока мяркуецца, зэнітную сыстэму «Бук», зь якой зьбілі малайзійскі авіялайнэр у сярэдзіне ліпеня.

Нягледзячы на прыток зброі [сэпаратыстам — РС], украінскія войскі працягвалі наступаць. У пачатку жніўня сэпаратысты былі блізкія да паразы. Гэта выбіла б стратэгію Пуціна з каляіны. Таму, як адзначыла НАТО, элітныя расейскія аддзелы ўварваліся і акупавалі тэрыторыю Ўкраіны, нанёсшы ўкраінскім сілам цяжкія страты.

Прымаючы Парашэнку ў Авальным кабінэце, Абама павінен пагадзіцца на пастаўкі абарончых узбраеньняў у паскораным парадку.

З увагі на вялікую агнявую перавагу ворага Парашэнка ня меў іншага выбару, як пагадзіцца на спыненьне агню 5 верасьня. Перамір’е зьяўляецца хісткім, але ўкраінскі прэзыдэнт, як падаецца, хоча давесьці да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Няясна, ці змогуць знайсьці агульную мову Кіеў, сэпаратысты і Масква . У найлепшым выпадку, перамовы будуць доўгімі і цяжкімі.

Украінскі ўрад ужо некаторы час просіць вайсковай дапамогі, напрыклад, процітанкавай зброі, а таксама бясьпечных сродкаў сувязі і выведвальных бесьпілётнікаў. Прымаючы Парашэнку ў Авальным кабінэце, Абама павінен пагадзіцца на пастаўкі абарончых узбраеньняў у паскораным парадку. Такая дапамога будзе спрыяць павышэньню здольнасьці Кіеву стрымліваць далейшую расейскую агрэсію, якая паставіла б пад пагрозу магчымасьць урэгуляваньня канфлікту шляхам перамоваў. (...)

Некаторыя могуць запярэчыць і сказаць, што пастаўкі сьмяротнай зброі Ўкраіне схіляць Пуціна да большай эскаляцыі канфлікту. Але ён ужо і так давёў да эскаляцыі — падбухторваючы сэпаратыстаў, пастаўляючы ім цяжкое ўзбраеньне і пасылаючы расейскія войскі ва Ўкраіну. Гэта наводзіць на думку, што якраз адваротнае можа аказацца праўдай: узбраеньне Ўкраіны павысіць цану эскаляцыі для Расеі і, такім чынам, зробіць яе менш верагоднай. (...)

Ёсьць яшчэ адна важная прычына таго, каб мы станоўча адгукнуліся на просьбу Ўкраіны аб абарончых узбраеньнях: аднаўленьне даверу да паняцьця «гарантыі бясьпекі».

У сьнежні 1994 лідэры ЗША, Вялікабрытаніі і Расеі падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі, які абавязаў гэтыя краіны паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і не ўжываць сілу супраць Украіны. Гэтыя абавязаньні праклалі шлях для рашэньня Кіеву адмовіцца ад 1900 стратэгічных ядзерных боегаловак, якія ў той час складалі трэці па велічыні ядзерны арсэнал у сьвеце.

Масква груба парушыла Будапэшцкі мэмарандум сваім захопам Крыму і ўварваньнем ва Ўкраіну. Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія былі абавязаныя рэагаваць. Вашынгтон увёў эканамічныя санкцыі супраць Расеі і паставіў Украіне сьціплую, так бы мовіць, «несьмяротную» вайсковую дапамогу, у якой ня ўтрымлівалася зброі. Гэта адпаведныя крокі, але іх не дастаткова.

Агульнае ўражаньне, што Масква парушыла свае будапэшцкія абавязаньні такім нізкім коштам, вельмі аслабляе значэньне гарантый бясьпекі ў будучыні.

У мінулую пятніцу [12 верасьня — РС] былы прэзыдэнт Леанід Кучма, які падпісаў Будапэшцкі мэмарандум ад імя Ўкраіны, даў зразумець, што ягоную краіну падманулі. Гэта адлюстроўвае агульны настрой у Кіеве.

Агульнае ўражаньне, што Масква парушыла свае будапэшцкія абавязаньні такім нізкім коштам, вельмі аслабляе значэньне гарантый бясьпекі ў будучыні. Шкада, бо гарантыі бясьпекі могуць адыграць сваю ролю як частка пакету па ўрэгуляваньні ядзернай праблемы Ірану і Паўночнай Карэі. Але чаго будуць вартыя такія гарантыі бясьпекі, калі Тэгеран і Пхеньян бачаць, што яны могуць быць парушаныя адносна беспакарана?

Вашынгтон можа зьмяніць гэтае ўражаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG