Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка зможа апэляваць адразу да розных галінаў улады ЗША — экспэрт


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Падчас візыту прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў ЗША, які пачынаецца 18 верасьня, у Вашынгтоне не абмяжуюцца словамі падтрымкі. Злучаныя Штаты гатовыя прадставіць вялікую дапамогу Ўкраіне, процідзейнічаючы расейскай агрэсіі.

Такое меркаваньне выказалі Радыё Свабода ўкраінскія палітолягі. Затое расейскія аналітыкі адзначаюць, што цяпер Уладзімер Пуцін не адступіць ад сваёй агрэсіўнай палітыкі насуперак заходнім санкцыям і аб’яўленаму перамір’ю на Данбасе.

Падчас візыту ў ЗША Парашэнка сустрэнецца з амэрыканскім калегам Баракам Абамам, віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джозэфам Байдэнам, сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Джонам Бэйнэрам, дзяржсакратаром Джонам Кэры. Парашэнка стане другім прэзыдэнтам у гісторыі Ўкраіны, які выступіць у Кангрэсе Злучаных Штатаў. Віктар Юшчанка як кіраўнік украінскай дзяржавы выступаў у ніжняй палаце амэрыканскага парлямэнта ў красавіку 2005 года.

«Выступ Парашэнкі ў Кангрэсе — яшчэ адзін сыгнал нашай актыўнай падтрымкі імкненьняў ўкраінскага народа», — запэўніваў раней сьпікер Палаты прадстаўнікоў Джон Бэйнэр.

Амэрыканскія заканадаўцы рыхтуюцца сустрэць прэзыдэнта Парашэнку не з пустымі рукамі. У камітэце па замежных справах сэната менавіта сёньня, пасьля выступу кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, паставяць на галасаваньне законапраект пра новыя санкцыі супраць Расеі і аб дапамозе Ўкраіне.

Аўтарамі дакумэнта зьяўляюцца сэнатары Робэрт Мэнэндэс і Боб Коркер. Згодна зь ім, амэрыканскі прэзыдэнт павінен атрымаць права прадставіць Украіне процітанкавае ўзбраеньне, зброю і амуніцыю для асабовага складу, радары, далямеры, абсталяваньне для навядзеньня, бесьпілотнікі і камунікацыйнае абсталяваньне. На гэта ў наступным годзе плянуецца вылучыць 350 мільёнаў даляраў.

Прыняцьце гэтага законапраекта стане важкім доказам таго, што ЗША гатовыя падтрымаць Украіну не толькі словам, але і справай, адзначыў у камэнтары Радыё Свабода палітоляг, экс-кіраўнік Нацыянальнага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў Юры Рубан. Як ён выказаўся, многім ва Ўкраіне хацелася б, каб «прыляцелі амэрыканцы або эўрапейцы і ваявалі з Расеяй за нас». Але такога не будзе. Адначасова ЗША ўсьведамляе, што вайна супраць Украіны не ўяўляе сабой лякальную праблему і пад пагрозай, з-за дзеяньняў Крамля, апынулася ўся ўсясьветная праблема бясьпекі.

Юры Рубан
Юры Рубан

«Прэзыдэнт Украіны будзе мець магчымасьць апэляваць адразу да розных галінаў улады Злучаных Штатаў. І ёсьць шанец, што гэты зварот дапаможа ўзгодненаму прыняцьцю рашэньняў амэрыканскімі заканадаўцамі і пра санкцыі супраць Расеі, і аб пастаўках узбраеньняў, і пра іншыя віды палітычнай і дыпляматычнай падтрымкі Ўкраіны», — лічыць Юрый Рубан.

Уладзімер Горбач
Уладзімер Горбач

Палітычны аналітык Інстытута эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Ўладзімер Горбач адзначыў Радыё Свабода, што Ўкраіна магла б разьлічваць на значна большую падтрымку і з боку ЭЗ, і з боку ЗША. Але пры гэтым варта ўлічваць, што Захад павінен дзейнічаць сумесна і ўзгоднена ў супрацьдзеяньні агрэсіўнай палітыцы Расеі. Гэта дасягаецца, але затарможвае хуткасьць рэакцыі, адзначае экспэрт. «Злучаныя Штаты ўсё ж павінны гуляць у гэтым працэсе функцыю лідэра. Менавіта лідэра, а не, так бы мовіць, проста звычайнага кампаньёна, партнэра Эўрапейскага зьвязу», — сказаў Уладзімер Горбач.

А як адзначае расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, ад самага пачатку крызысу ўнутры і вакол Украіны для прэзыдэнта Расеі Пуціна важным было заахвоціць Захад і перш за ўсё Злучаныя Штаты пачаць дамаўляцца на роўных менавіта з Пуціным пра лёс як Украіны, так і ўсёй постсавецкай прасторы. І якія б пагадненьні, пратаколы аб перамір’і на Данбасе не падпісвалі, Уладзімер Пуцін гатовы зноў зьвярнуцца да ваенных дзеяньняў супраць Украіны, каб схіліць да сваіх як Кіеў, так і ў рэшце рэшт Вашынгтон і Брусэль.

Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

«Галоўным козырам Расейскай Фэдэрацыі ва ўсіх гэтых адносінах застаецца вайна. Гэта ваенная перавага над украінскімі ўзброенымі сіламі. І ў Крамлі цяпер лічаць, што калі б не наступ расейскіх войскаў пасьля 25 жніўня гэтага года, то нічога не было б — ні „менскага пратаколу“, ні законапраекта аб „асаблівым статусе“ пэўных раёнаў Данецкага і Луганскага рэгіёнаў, ні адкладаньня імплемэнтацыі пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ да 2016 года», — сьцьвярджае Станіслаў Бялкоўскі.

У законапраекце амэрыканскіх сэнатараў Мэнэндэса і Коркера ўтрымліваецца патрабаваньне ўвесьці санкцыі супраць «Рособоронэкспорта» і іншых абаронных прадпрыемстваў, якія маюць дачыненьне да дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, Грузіі, Малдове і Сырыі. Таксама абмежаваньні могуць быць ужытыя супраць кампаній па ўсім сьвеце, якія робяць вялікія інвэстыцыі ў праекты здабычы нетрадыцыйнай нафты ў Расеі.

Дакумэнт павінен даць права прэзыдэнту ЗША ўводзіць санкцыі супраць «Газпрома», калі ён не паставіць значных аб’ёмаў газу краінам-сябрам НАТО, а таксама Ўкраіне, Грузіі ці Малдове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG