Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра візыт Мясьніковіча ў ЗША: чорнага ката проста так не адмыеш


Міхаіл Мясьніковіч
Міхаіл Мясьніковіч

Кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Мясьніковіч накіроўваецца ў Нью-Ёрк. 22 верасьня ён будзе ўдзельнічаць у адкрыцьці першага беларуска-амэрыканскага інвэстыцыйнага форуму, а 23 верасьня — у саміце па клімаце пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Паводле беларускага боку, пра жаданьне ўдзельнічаць у інвэстыцыйным форуме паведамілі прадстаўнікі 170 амэрыканскіх кампаніяў і фірмаў.

Міхаіл Мясьніковіч ляціць у ЗША на чале ўрадавай дэлегацыі. Беларускія ўлады надаюць гэтай паездцы вялікае значэньне. Інфармацыю пра візыт ужо распаўсюдзіла прэсавая служба прэм’ера. А сёньня з нагоды паездкі правялі спэцыяльную прэсавую канфэрэнцыю.

Беларускі бок спадзяецца на нью-ёрскім інвэстыцыйным форуме завабіць у Беларусь як мага болей патэнцыйных інвэстараў з Амэрыкі. Пра гэта заявіў сёньня намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур’янаў:

«Карыстаючыся нагодаю, што прэм’ер-міністар будзе знаходзіцца ў Нью-Ёрку на мерапрыемствах ААН, было вырашана пра яго ўдзел і ў інвэстыцыйным форуме. Гэта зроблена для таго, каб зь першых вуснаў данесьці інфармацыю патэнцыйным інвэстарам зь ліку амэрыканскіх кампаніяў і міжнародных карпарацыяў. У тым ліку абмяняцца думкамі пра апошнія зьмены, якія адбыліся ў сувязі з інтэграцыйнымі працэсамі ў нашым рэгіёне. А таксама абмеркаваць і інвэстыцыйныя праекты».

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка называе гэтыя клопаты марнымі:

«Амэрыканцы — людзі ушлыя. Магчымасьці ўкладаць грошы паўсюль у іх ёсьць. І з намі яны будуць разьбірацца проста. Па-першае, ці ёсьць у нас сур’ёзныя карысныя выкапні? Цяпер грошы ўкладаюць пераважна ў карысныя выкапні — нафту, газ, сланцавы газ, Антарктыка, шэльф...

Другі момант — наколькі заканадаўства і ўмовы для бізнэсу ў краіне лібэральныя? А тут пэўны імідж у Беларусі ўжо склаўся. Адмыць чорнага ката даволі складана».

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

Палітоляг Алесь Лагвінец згадвае, што падобныя форумы беларускія ўлады ўжо праводзілі ў Вялікай Брытаніі і Нямеччыне. Але сур’ёзных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку ад гэтых мерапрыемстваў не паступіла:

«Улады спрабуюць рабіць такія рэчы — і з эўрапейскімі кампаніямі, і цяпер з амэрыканскімі. Наколькі гэты форум будзе ўдалым, іншае пытаньне. Гэта пошук зьнешніх інвэстараў і праяўленьне намаганьняў беларускіх уладаў. А новы форум — гэта, магчыма, вынікі нядаўняга візыту амэрыканскай урадавай дэлегацыі ў Беларусь».

Міжведамасная дэлегацыя ўраду ЗША наведала Менск на мінулым тыдні. Тады намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Мэлія сказаў, што гэты візыт можна расцэньваць як узнаўленьне дыялёгу паміж дзьвюма краінамі:

«Мы задаволеныя тым, што беларускія ўлады не пайшлі настолькі далёка, каб прызнаць анэксію Расеяй Крыму. І тым, што Менск пагадзіўся прыняць у сябе сустрэчу па вырашэньні ўкраінскага канфлікту».

Аднак наяўнасьць палітвязьняў перашкаджае наладжваньню нармальных дачыненьняў, — падкрэсьліў Томас Мэлія:

«Нашы дачыненьні зь Беларусьсю не зьмяніліся ў выніку гэтага візыту. Мы прыбылі сюды, каб разгледзець магчымасьці пашырэньня ўзаемадзеяньня паміж дзьвюма краінамі. І каб яшчэ раз падкрэсьліць пазыцыю, якая была выкладзеная ў супольнай заяве кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў 1 сьнежня 2010 году. А там было сказана, што паляпшэньне дачыненьняў паміж нашымі краінамі залежыць ад паляпшэньня спраў у сфэры правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі».

Да гэтага можна дадаць, што супольную заяву на сэсіі АБСЭ ў Астане тады зрабілі Гілары Клінтан і Сяргей Мартынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG