Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ваююць расейцы, якія маюць баявы досьвед Чачні ды іншых войнаў


Прарасейскі сэпаратыст у Данецку
Прарасейскі сэпаратыст у Данецку

Расейскія дзяржаўныя тэлеканалы ўпершыню паказалі пахаваньне аднаго з дэсантнікаў з Кастрамы, які загінуў на Данбасе, ваюючы на баку сэпаратыстаў. Да гэтага афіцыйныя ўлады адмаўлялі, што расейскія вайскоўцы ваююць ва Ўкраіне. Гэтаксама ў Савецкім Саюзе хавалі, што савецкія вайскоўцы ўдзельнічаюць у збройных канфліктах у Афрыцы і Азіі, адкуль на радзіму таксама нярэдка прыходзіў «груз-200». А сярод савецкіх салдат і афіцэраў было шмат беларусаў.

Гэта быў адзін са складнікаў савецкай зьнешняй палітыкі — удзел у розных узброеных канфліктах, войнах у краінах трэцяга сьвету. Прычым рабілася гэта не адкрыта, як пазьней было з Аўганістанам, а патаемна, кажа былы ваенны журналіст Васіль Зданюк:

«Удзельнічалі не ў адкрытую, а прыкладна так, як цяпер Расея ва Ўкраіне (афіцыйна быццам бы не ваюе). Удзельнічалі ў выглядзе ваенных дарадцаў, як было, да прыкладу, у Віетнаме. Віетнамцы б самі ня зьбілі такую колькасьць амэрыканскіх самалётаў без узбраеньня і кадраў з Савецкага Саюзу. А яшчэ раней не было б такой вайны паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй. У 1953 годзе неафіцыйна ваявалі фактычна Ваенна-паветраныя сілы Савецкага Саюзу і Злучаных Штатаў. Героямі Савецкага Саюзу ўзнагароджвалі за зьбітыя амэрыканскія самалёты, я нават ведаў аднаго такога родам зь Менску».

Дарэчы, паводле афіцыйных дадзеных, у Віетнаме загінула ўсяго 16 савецкіх вайскоўцаў. І такая практыка працягвалася да самога распаду Савецкага Саюзу. Толькі ў Анголе пабывала больш за 11 тысяч савецкіх вайскоўцаў — паводле афіцыйных дадзеных, загінула 54 чалавекі. Куба, Віетнам, Эгіпет, Мазамбік, Лібія, — пералічвае Васіль Зданюк:

«А чаго вартыя пастаянныя канфлікты паміж Ізраілем і арабскімі краінамі — колькі там было на баку Эгіпту ды іншых арабскіх краінаў савецкіх вайскоўцаў! Так што ў савецкі час гэтая практыка была вельмі распаўсюджаная. І, напэўна, Расея пераняла зараз, праз столькі гадоў, гэтую практыку ў дачыненьні да вайсковай прысутнасьці ва Ўкраіне».

Палічыць, колькі сярод савецкіх вайскоўцаў было беларусаў, даволі складана, кажа экспэрт у вайсковых пытаньнях, аглядальнік тыднёвіка «Белорусы и рынок» Александар Алесін:

«Удзел высокакваліфікаваных вайсковых тэхнічных спэцыялістаў зь Беларусі — гэта пэўна, гэта, як кажуць, неаспрэчны факт. Асабіста ў мяне былі знаёмыя, якія як дарадцы ўдзельнічалі ў канфліктах на афрыканскім кантынэнце. Перш за ўсё гэта спэцыялісты ў галіне СПА, артылерыі, авіяцыі, радыёлякацыі».

Прычым, беларусаў заўсёды было шмат у спэцыяльных падразьдзяленьнях, у дэсантных войсках, авіяцыі, войсках СПА, бо яны добрыя выканаўцы, талерантныя, прыязна ставяцца да людзей іншых нацыянальнасьцяў, кажа Аляксандар Алесін.

Іншы экспэрт, былы ваенны журналіст Васіль Зданюк дадае свае меркаваньні:

Выпускнікоў беларускай ВІЗРУ вельмі шмат ваявала ў розных Анголах ды іншых гарачых кропках

«Па-першае, у працэнтных адносінах сярод афіцэрскіх кадраў было шмат беларусаў. А па-другое, у Беларусі была адна з найлепшых у СССР вайсковая ВНУ— Вышэйшая інжынэрная зэнітна-ракетная вучэльня. І гэтыя спэцыялісты былі вельмі запатрабаваныя якраз ва ўсіх вайсковых канфліктах за мяжой у якасьці дарадцаў па супрацьпаветранай абароне. Выпускнікоў ВІЗРУ вельмі шмат ваявала ў розных Анголах ды іншых гарачых кропках».

Вяртаючыся да ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях на Данбасе, Аляксандар Алесін выказаў меркаваньне, што туды вербаваліся людзі, якія прайшлі войны ў Чачні, Аўганістан, якія маюць баявы досьвед за мяжой:

«Зразумела, што там прысутнічалі валянтэры з розных краінаў, але расейскіх было больш за ўсіх. І перш за ўсё там былі людзі, якія мелі дэфіцытныя вайсковыя спэцыяльнасьці, якіх на Ўкраіне бракавала. Гэта артылерысты, апэратары проціракетных комплексаў, мэханікі-кіроўцы, наводчыкі-апэратары. Але, канечне, вельмі патрэбныя былі людзі, якія маюць баявы досьвед, таму што ўся тактыка аналягічная той, якую выкарыстоўвалі паўстанцы-душманы ў Аўганістане і чачэнскія баевікі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG