Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Нямцоў: Канчатковая мэта Пуціна — расчляненьне Ўкраіны


Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў

А створаная на ўсходзе Ўкраіны марыянэтачная дзяржава «Наваросія» павінна будзе ўвесь час правакаваць канфлікты, каб эўрапейскі выбар Украіны ня быў пасьпяховым.

Сваімі думкамі пра ўдзел расейскіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны і далейшыя пляны Пуціна дзеліцца ў інтэрвію Радыё Свабода расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў.

Нямцоў кажа, што ваенная агрэсія Крамля супраць суседняй дзяржавы — гэта злачынства, якое ня мае тэрміну даўнасьці. Але пра ўдзел расейскіх войскаў у ваенным канфлікце ва Ўкраіне расейскае грамадзтва амаль нічога ня ведае.

«Расейскае грамадзтва знаходзіцца ў поўным няведаньні таго, што расейскія вайскоўцы ваююць на ўсходзе Ўкраіны», — адзначае Нямцоў.

Палітык кажа: ёсьць неабвержныя доказы, што ва Ўкраіне ваюе 76-я дывізія ВДВ з Пскова, 98-я дывізія ВДВ з Іванава і Кастрамы, 31-я дэсантная брыгада з Ульянаўску, 17-я і 18-я мотастралковыя брыгады з Чачні, а таксама 9-я мотастралковая брыгада з Асэтыі. Гэта вынікае з аналізу дадзеных пра ахвяры гэтай вайны.

«Пуцін ажыцьцяўляе эшалянаваную буйнамаштабную агрэсію супраць нашага суседа — гэта злачынства, якое ня мае тэрміну даўнасьці. Але гэтае злачынства ён усяляк прыхоўвае тым, што ніякай інфармацыі пра ўдзел вайскоўцаў у баявых дзеяньнях няма на тэлебачаньні, а інтэрнэт людзі чытаюць мала. Справа ўяўляецца як „грамадзянская вайна“ ва Ўкраіне, у якой партыя „за рускі сьвет“ змагаецца з „фашыстамі і бандэраўцамі“. Гэтая нахабная, непрыхаваная хлусьня прывяла да таго, што гіне вельмі шмат хлопцаў, а сваякам затыкаюць рот і пад пагрозай нявыплаты дапамогі кажуць, што калі вы распаведзяце, пры якіх абставінах загінулі хлопцы, вы застаняцеся бяз грошай. Канечне, гэта абсалютны кашмар, і зараз задача апазыцыі і ўсіх нармальных людзей — спыніць бойню», — перакананы Нямцоў.

Палітык упэўнены, што «канчатковая мэта Пуціна — гэта расчляненьне Ўкраіны і стварэньне на ўсходзе марыянэтачнай дзяржавы «Наваросія». «Гэтая марыянэтачная дзяржава будзе павінна пастаянна ствараць канфлікты на тэрыторыі Ўкраіны, каб эўрапейскі выбар Украіны не ўвянчаўся посьпехам», — кажа ён.

Нямцоў адзначае, што ёсьць тры прычыны, чаму Пуцін гэта робіць. Па-першае, гэта помста Ўкраіне за антыкрымінальную рэвалюцыю:

Пуцін карае ўкраінцаў, каб, ня дай бог, расейцы не ўзялі зь іх прыклад

«Народ Украіны знайшоў у сабе мужнасьць і сілы зрынуць абрыдлага злодзея-прэзыдэнта, і Пуцін вельмі не хацеў бы, каб гэта здарылася зь ім. Таму ён карае ўкраінцаў, каб, ня дай бог, расейцы не ўзялі зь іх прыклад».

Па-другое, у эўрапейскім выбары Пуцін бачыць пагрозу сваёй мадэлі «зладзейскага, паліцэйскага кіраваньня».

Нарэшце, трэцяя прычына — гэта Крым, правал турыстычнага сэзону. «Пуцін гэта добра ведае, і таму ён вырашыў пры дапамозе гэтай крывавай ваеннай апэрацыі паспрабаваць зрабіць сухапутны калідор у Крым», — адзначае Нямцоў.

Але, як кажа палітык, усе гэтыя прычыны падпарадкаваныя адзінай галоўнай:

«Усе дзеяньні Пуціна аб’яднаныя адной галоўнай мэтай — утрыманьне ўлады ўнутры Расеі любой цаной. Сапраўды, яго папулярнасьць пасьля агрэсіі ў адносінах да Ўкраіны вырасла і знаходзіцца на высокім узроўні. Уласна, дзеля ўмацаваньня сваёй улады ён і дзейнічае».

Камэнтуючы заяву Пуціна наконт таго, што ён можа «ўзяць Кіеў за два тыдні», Нямцоў адзначыў, што падобных плянаў расейскага лідэра цалкам выключаць нельга.

«Ён здольны на ўсё. Але трэба разумець, што Ўкраіна — гэта вам не Паўднёвая Асэтыя і не Абхазія. Украіна будзе змагацца за сваю незалежнасьць усё роўна. Таму, калі ён паспрабуе гэта зрабіць, то там ён знойдзе сваю палітычную сьмерць. Я думаю, што гэта хутчэй было выхваляньне і шантаж, а не канкрэтнае яго жаданьне неадкладна ажыцьцявіць гэтыя дзеяньні. Але ад яго ўсяго можна чакаць», — лічыць Нямцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG