Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча басьнійскую мадэль ва Ўкраіне?


Паводле расейскага палітычнага экспэрта Фёдара Лук’янава, Крэмль пагадзіўся б на вырашэньне канфлікту ва ўсходняй Украіне, калі б там была ўведзеная такая мадэль кіраваньня, якая існуе ў Босьніі і Герцагавіне.

«Ідэальным сцэнарам для Расеі была б басьнійская мадэль, і гэта ўжо абмяркоўвалася шмат разоў» — сказаў Радыё Свабода Фёдар Лук’янаў, рэдактар маскоўскага часопісу «Расея ў глябальнай палітыцы». — «Усход павінен атрымаць шырокую аўтаномію, стаць амаль цалкам самакіравальным, але фармальна быць часткай украінскай палітычнай і прававой сфэры».

Босьнія і Герцагавіна — фэдэральная дзяржаўная структура, якая складаецца з Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны ды Рэспублікі Сэрбскай — кіруецца трохасабовым калектыўным органам, які адлюстроўвае этнічна-рэлігійны склад дзяржавы. Пачынаючы ад гэтак званых Дэйтанскіх пагадненьняў 1995 году, якія завяршылі трохгадовую вайну, у Босьніі і Герцагавіне ўсталяваўся мір. Аднак дзяржава з таго часу апынулася ў працяглым палітычным крызысе, паколькі ніводная з партый ня здолела перасягнуць этнічна-рэлігійных падзелаў у грамадзтве. Падчас калі суседзі Босьніі і Герцагавіны або далучыліся да Эўразьвязу, або ўступілі на шлях такога далучэньня, у Босьніі і Герцагавіне ўсялякую палітычную ініцыятыву ў гэтым накірунку блякуе яе нядзейная, фэдэральная структура.

Масква ніколі публічна не прапанавала Ўкраіне стаць фэдэрацыяй расейскамоўных ўсходніх рэгіёнаў і ўкраінскамоўнай заходняй часткі — накшталт басьнійскай структуры, у якой ёсьць сэрбская частка і басьнійска-харвацкая частка. Аднак, на думку назіральнікаў, басьнійскіх мадэль зьяўляецца альтэрнатывай для двух рашэньняў ўкраінскага канфлікту, якія Расея лічыць непрымальнымі.

Адным з гэтых непрымальных для Крамля рашэньняў зьяўляецца прапанова прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі перадаць некаторыя паўнамоцтвы ўкраінскага ўраду ў Кіеве ў рэгіёны.

Другім такім рашэньнем зьяўляецца падзел Украіны — Масква неаднаразова заяўляла, што гэтага ня хоча.

Магчыма, ёсьць і больш важная прычына, чаму басьнійская мадэль задаволіла б Маскву і адпавядала б яе стратэгічным інтарэсам.

Лук’янаў кажа, што Крамлю трэба, каб усходнія рэгіёны, якія цяпер кантралююцца сэпаратыстамі, засталіся часткай Украіны «таму, што мэта Расеі — атрымаць мэханізмы, якія прадухілілі б, у выпадку надзвычайнай сытуацыі або неабходнасьці, украінскія геапалітычныя крокі да, напрыклад, сяброўства ў НАТО, якое Расея разглядае, справядліва ці памылкова, як пагрозу свайму існаваньню».

Басьнійская мадэль на практыцы азначала б, што Ўкраіна, адзіная але падзеленая, не была б у стане прымаць рашэньні ў сфэры замежнай і эканамічнай палітыкі без маўклівага адабрэньня Масквы.

Украінскія аналітыкі кажуць, што Кіеў добра ўсьведамляе сабе інтарэс Расіі ва ўсталяваньні басьнійскай мадэлі ва Ўкраіне, таксама як і бачыць небясьпекі для ўкраінскай дзяржаўнасьці, якія гэтая мадэль у сабе тоіць.

«Паведамленьні, якія мы атрымліваем, паказваюць, што прадстаўнікі сэпаратыстаў пачынаюць адмаўляцца ад патрабаваньня набыць незалежнасьць у абмен на ператварэньне Ўкраіны ў другую Босьнію» — кажа Аляксандр Сушко, дырэктар Інстытуту эўраатлантычнага супрацоўніцтва ў Кіеве.

Іван Лазавы, іншы палітычны аналітык у Кіеве, кажа, што ў сытуацыі, калі Расея пасылае штораз больш вайскоўцаў і танкаў ва ўсходнюю частку Ўкраіны, украінскі ўрад пачынае губляць веру ў магчымасьць дамовы аб ўрэгуляваньні крызысу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG