Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Ваенныя злачынствы ва Ўкраіне зьдзяйсьняюць як сэпаратысты, так і добраахвотнікі


Amnesty International заявіла сёньня, што сэпаратысцкія сілы і ўкраінскія добраахвотнікі нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы ў канфлікце ва ўсходняй Украіне. Арганізацыя таксама абвінаваціла Расею ў падбухторваньні сэпаратыстаў да злачынстваў.

«Усе бакі ў гэтым канфлікце паказалі непавагу да жыцьця цывільных асобаў і груба парушаюць свае міжнародныя абавязаньні» — заявіў генэральны сакратар Amnesty International Саліл Шэці, які зьбіраецца ў Кіеў і Маскву бліжэйшымі днямі.

«Мы сабралі доказы таго, што Расея распальвае гэты канфлікт, як шляхам наўпроставага ўмяшаньня, так і праз падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе. Расея павінна спыніць паточныя пастаўкі зброі і іншую падтрымку для сэпаратысцкіх сілаў, якія непасрэдна датычныя да грубых парушэньняў правоў чалавека» — дадаў ён.

Дасьледнікі Amnesty International на месцах ва ўсходняй Украіне зафіксавалі выпадкі абстрэлу без разбору, выкраданьняў, катаваньняў і забойстваў.

Крэмль неаднаразова адмаўляў сваё дачыненьне да змаганьня ва Ўкраіне, але спадарожнікавыя здымкі і паказаньні, сабраныя арганізацыяй, пераканаўча сьведчаць аб тым, што баявыя дзеяньні вылілася ў тое, што Amnesty International цяпер разглядае як міжнародны ўзброены канфлікт.

«Гэтыя спадарожнікавыя выявы, у спалучэньні з паведамленьнямі ад расейскіх вайскоўцаў, захопленых ўнутры Ўкраіны, і сьведчаньні відавочцаў, што расейскія войскі і ваенная тэхніка перасякаюць мяжу, не пакідаюць сумненьняў у тым, што гэта цяпер міжнародны ўзброены канфлікт» — сказаў Саліл Шэці.

Amnesty International апытала відавочцаў, якія ратаваліся ўцёкамі ад баявых дзеяньняў паблізу Алячэўску, Данецку, Краматорску, Чырвонага Прамяня, Лісічанску, Луганску, Рубежнага, Першамайску і Славянску. Дасьледнікі арганізацыі таксама апыталі ўкраінскіх уцекачоў у Растоўскай вобласьці Расеі.

Цывільныя насельнікі гэтых рэгіёнаў распавялі Amnesty International, што месцы іхнага пражываньня пацярпелі ад інтэнсіўных абстрэлаў з боку ўкраінскіх ўрадавых войскаў. Іх сьведчаньні дазваляюць выказаць здагадку, што гэтыя абстрэлы былі праведзеныя без разбору і могуць быць названыя ваеннымі злачынствамі. Сьведкі таксама паведамлялі, што сэпаратысты выкрадалі, катавалі і забівалі сваіх суседзяў.

Amnesty International таксама атрымала вартыя даверу паведамленьні пра выкраданьні і зьбіваньні, якія былі зьдзейсьненыя добраахвотніцкімі батальёнамі, што дзейнічаюць побач з рэгулярнымі ўкраінскімі узброенымі сіламі.

Amnesty International заклікала ўкраінскія ўлады правесьці эфэктыўнае расьсьледаваньне абвінавачваньняў у сур’ёзных парушэньнях міжнароднага гуманітарнага права і прыцягнуць да адказнасьці асобаў, вінаватых у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў.

«Мірныя жыхары Ўкраіны заслугоўваюць абароны і справядлівасьці» — сказаў кіраўнік Amnesty International Саліл Шэці. — «Без правядзеньня стараннага і незалежнага расьсьледаваньня ўкраінцы рызыкуюць, што шнары ад гэтай вайны застануцца на памятку і наступным пакаленьням».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG