Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча ў Менску як важны этап разлучэньня з Расеяй


Тое, што напярэдадні менскага саміту кіраўнікоў краінаў Мытнага саюзу, Ўкраіны і прадстаўнікоў Эўразьвязу Крэмль наважыўся на авантуру з гуманітарным канвоем, яшчэ раз пацьвердзіла выснову аб тым, што ад сустрэчы ў Беларусі ня варта чакаць ніякіх канкрэтных вынікаў. Палітычныя назіральнікі спрабуюць абмяркоўваць парадак дня перамоваў у беларускай сталіцы і шукаць межы кампрамісу — але гэта дарэмны занятак. Нават калі Ўладзімер Пуцін і дасьць нейкія абяцаньні сваім суразмоўцам, ён неўзабаве іх і парушыць.

Тады навошта зьбірацца ў Менску, якая карысьць ад перамоваў? Як мне здаецца, яна відавочная. Само рашэньне правесьці сустрэчу ў беларускай сталіцы кажа пра многае. Аляксандар Лукашэнка да нядаўняга часу ня мог разьлічваць на прыезд у Менск высокапастаўленых прадстаўнікоў Эўразьвязу. І любы ўкраінскі прэзыдэнт прыяжджаў у Менск без вялікага энтузіязму, хіба што з пасярэдніцкай місіяй.

Цяпер Лукашэнка сам у ролі пасярэдніка. І зразумела чаму. Яго, як і прэзыдэнта Казахстана Нурслултана Назарбаева, катэгарычна не задавальняе палітыка Ўладзімера Пуціна. Саюзьнікам Расеі становіцца быць ня толькі непрыстойна, але і нявыгадна. Калі Пуцін падарве эканамічныя магчымасьці Расеі — а ён блізкі да гэтага — то дзе ж у яго возьмуцца грошы для аплаты ляяльнасьці Лукашэнкі? І навошта Назарбаеву, здольнаму манэўраваць паміж Захадам і Ўсходам, губляць магчымасьці для манэўру?

Аўтарытарныя кіраўнікі Беларусі і Казахстану ня хочуць разрыву адносінаў з расейскім дыктатарам — але яны спрабуюць пераканаць яго ў неабходнасьці проста спусьціцца на зямлю і зразумець, што ён сячэ сук, на якім сядзіць не адзін, а разам з Лукашэнкам і Назарбаевам. І ў гэтым імкненьні дапамагчы Пуціну здабыць пачуцьцё рэальнасьці мэта Лукашэнкі і Назарбаева парадаксальным чынам супадае з мэтамі Эўразьвязу і Ўкраіны.

Адразу скажу: нічога ў іх не атрымаецца. Пуцін да нас ня вернецца ўжо ніколі, яму ўтульна ў сьвеце ўласных ілюзій, нават калі гэтыя фантазіі прыводзяць да крывавых наступстваў для навакольнага сьвету і могуць прывесьці да краху ягонай ўласнай дзяржавы. Але адмова Пуціна прыслухацца да Лукашэнкі і Назарбаева — заканамерны этап на шляху практычна непазьбежнага дэмантажу саюзьніцкіх адносін Расеі зь Беларусьсю і Казахстанам. Больш за тое, гэтыя адносіны дэмантуюць не саюзьнікі, а сама Расея. Ужо гісторыя з прадуктовымі санкцыямі, ня ўзгодненымі зь Менскам і Астаной, паказала, што Крамлю пляваць на «адсутнасьць мытных межаў» і іншыя атрыбуты дружбы і адзінства. Таму што адсутнасьць агульных межаў — ня тое, што трэба Пуціну. Не патрэбная яму была і пазаблёкавая ды ляяльная Ўкраіна Януковіча. Вось Беларусь і Казахстан у складзе Расеі (ці Эўразійскага саюзу як дзяржавы) — гэта трэба. І Ўкраіну туды ж, гэта ж «рускі сьвет».

А паколькі ў Лукашэнкі і Назарбаева іншыя пляны, яны рана ці позна з Пуцінам разыдуцца — ці ён зь імі. Сустрэча ў Менску — проста важны этап на шляху да гэтага разлучэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG