«Мне вельмі спадабалася, што напярэдадні сьвята ўкраінскага сьцяга расфарбавалі ў нашы колеры ў Маскве, магчыма, найбольшую высотку. Слава Ўкраіне!» — такія словы гучаць у адмысловым відэазвароце Пятра Парашэнкі напярэдадні Дня незалежнасьці.
Зварот разьмешчаны ў Фэйсбуку Пятра Парашэнкі і заклікае «ўкраінцаў, сяброў і фолавераў» далучыцца да ініцыятывы «Нашы колеры».
24 жніўня, ў Дзень незалежнасьці, украінцаў і ўсіх салідарных з Украінай заклікаюць уздымаць жоўта-блакітныя сьцягі.
«Пад гэтым сьцягам пакаленьні ўкраінцаў адваёўвалі нашу незалежнасьць. У 91-м годзе сьцяг украінскай незалежнасьці быў падняты над Украінай. Пад гэтым сьцягам мы перамаглі на Майдане. Пад гэтым сьцягам цяпер украінскія героі вызваляюць акупаваныя ўкраінскія гарады», — кажа Пятро Парашэнка, трымаючы ў руках сіне-жоўта сьцяг.
Сёньня, 20 жніўня, на шпілі аднаго з самых высокіх гмахаў у Маскве — сталінскай высоткі на Кацельніцкай набярэжнай — невядомыя вывесілі сьцяг Украіны. Зорку над будынкам напалову перафарбавалі з жоўтага ў сіні колер.
Маскоўская паліцыя паведамляе, што ў якасьці падазраваных затрыманыя дзьве дзяўчыны і двое мужчынаў, усе яны — жыхары Масквы. Ім пагражае да трох гадоў зьняволеньня паводле артыкула «Вандалізм».