Леанід Марыніч, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі: Гэтая сытуацыя — кляндайк для Беларусі. У Беларусі ёсьць усё!
Беларускі чыноўнік пракамэнтаваў сытуацыю для расейскага агенцтва РИА-новости:
«Для нас гэта кляндайк. Мы гатовыя замяніць заходнія краіны па многіх пазыцыях у галіне харчаваньня... Заменім галяндзкую бульбу, заменім польскія яблыкі — у нас усё ёсьць».
Беларусь разьлічае, у прыватнасьці, павялічыць у Расею экспарт сыроў, мяса і малака — пішуць РИА-новости
Аляксандр Караваеў, генэральны дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра МГУ: Менск і Астана далучацца да расейскіх абмежаваньняў
Менск і Астана могуць далучыцца да расейскіх мераў «у тых гандлёвых пазыцыях, якія не закранаюць іхны рынак...Але яны будуць рабіць гэта вельмі мякка, баючыся, што на іх могуць абрынуцца дзеяньні ў адказ», — такі камэнтар даў Караваеў агенцтву РИА-новости.
Васіль Лявонаў, экс-міністр сельскай гаспадаркі: Адкрыцьцё расейскага рынку выгадна для Беларусі
«Беларусь можа замяніць Польшчу, што да пастаўкі садавіны і ягад, літаральна за два-тры гады. Можна пастаўляць гароднінныя культуры. Калі салата ня можа расьці ў Беларусі, а расьце ў Гішпаніі? Ну, карацей на месяц будзе сэзон. Можна нарошчваць пастаўкі жывёлагадоўчай прадукцыі. Праўда, ня ўсе прадукты могуць канкураваць. Але садавіна, гародніна, ягады могуць. Мяса таксама.
А што да малочнай прадукцыі, то тут яшчэ трэба працаваць. Але ўсё можна зрабіць. А адкрыцьцё рынку — вельмі стагноўчы фактар, які прымусіць Беларусь працаваць над якасьцю прадукцыі»
Уладзіслаў Цыдзік, намесьнік старшыні камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў: Ад ножак Буша мяне часам кідала ў жах
«У нас ёсьць рост вытворчасьці сельгаспрадукцыі. І мы забясьпечым дадатковыя пастаўкі ў Расею ў межах магчымага. Будзем іх нарошчваць. І падтрымаем братоў-расейцаў у гэтай сытуацыі.
...Мы адназначна гатовыя сёньня паставіць якаснае мяса птушкі для жыхароў Расеі. Я невыпадкова кажу „якаснае“. Усё сваё працоўнае жыцьцё я займаўся пытаньнямі сельскай гаспадаркі і кантролю. У свой час давялося займацца і „ножкамі Буша“. Ад якасьці гэтай прадукцыі мяне часам кідала ў жах, скажу шчыра. А нашу прадукцыю правяраюць, як кажуць, з усіх бакоў. І расейцы пра гэта ведаюць».
Уладзіслаў Цыдзік ня верыць, што прадукты замежнай вытворчасьці будуць трапляць у Расею празь Беларусь:
«Не, у нас такога ня будзе. Тэарэтычна можна нешта тут хітраваць. Але ж беларусы — людзі не хітраватыя. Мы — людзі, якія ўмеюць жыць і працаваць. Гэта — першае. А другое — апэрацыі рээкспарту недапушчальныя ў нашых узаемадачыненьнях».
Дзьмітры Балкунец, эканаміст: «Думаю, беларускія ўлады разглядаюць варыянты, як пастаўляць на расейскі рынак польскія яблыкі, польскую сьвініну і іншыя тавары з ЭЗ»
«Беларусь ад гэтай забароны, безумоўна, можа выйграць.
Па-першае, праз нарошчваньне паставак прадуктаў харчаваньня ў Расею за кошт унутраных рэзэрваў. Сельская гаспадарка Беларусі ад гэтага толькі выйграе.
Па-другое, Беларусь можа выкарыстоўвацца ў якасьці пляцдарму для рээкспарту замежных тавараў на расейскі рынак. Напрыклад, Казахстан пастаўляе ў Расею некаторыя кітайскія тавары пад выглядам сваіх.
Вядома, Масква можа аказаць ціск і забараніць такія дзеяньні, але, як на маё ўяўленьне, гэта вельмі малаэфэктыўны крок, бо Аляксандар Лукашэнка знойдзе спосаб, як сысьці ад такіх абмежаваньняў.
Я думаю, што цяпер беларускія ўлады разглядаюць варыянты, як пастаўляць на расейскі рынак польскія яблыкі, польскую сьвініну і іншыя тавары з ЭЗ. Тут можна прыгадаць, што калі Расея забараняла пастаўкі грузінскай мінэральнай вады, яна ішла на расейскі рынак зь Беларусі ў межах рээкспарту. Таму тут нельга выключаць, што Беларусь скарыстае такія выгадныя для сябе эканамічныя пэрспэктывы і будзе пастаўляць на расейскі рынак неабходную для Расеі прадукцыю. Гэтаксама як Беларусь скарыстала магчымасьць адкрыць сэрыю казіно, калі ў Расеі такі від дзейнасьці быў забаронены».
Сьцяпан Сьвідзерскі, інвэстыцыйны аналітык: «Расея зьмяце ўсё зь беларускіх складоў. У нас вырастуць цэны на прадукты, а якасьць іх стане горшая»
«Вельмі моцна ад забароны выйграюць беларускія бізнэсоўцы, заангажаваныя ў шэрыя і чорныя схемы паставак у Расею. Не сакрэт, што польскія тавары, на якія Расея час ад часу накладала розныя гандлёвыя абмежаваньні, увесь час спраўна ішлі на Расею як беларускія тавары ад беларускіх фірмаў. Гэтыя схемы ўжо даўно адпрацаваныя, і шмат прадпрымальнікаў добра зарабляюць на падобных апэрацыях.
Чаго ж чакаць звычайным беларусам? Цяпер, пасьля забароны, можна прадбачыць, што расейскі попыт на паслугі шэрых і чорных прадпрымальнікаў вырасьце ў разы. І можна чакаць, што Расея будзе „вымятаць“ са складоў усе прадукты, якія ёсьць у Беларусі. Што прывядзе да сур’ёзнага росту кошту тавараў у Беларусі і праблемаў з пастаўкамі прадуктаў у беларускія крамы.
Сёньня яшчэ рана драматызаваць сытуацыю — пустыя прылаўкі, чэргі і талёны ня зьявяцца. Але плаціць за прадукты давядзецца больш. Прычым магчымы як адкрыты рост коштаў, так і прыхаваны — праз пагаршэньне якасьці тавару».
Валеры Барадзеня, дэпутат камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў: Мы і цяпер Расею падтрымаем
«На жаль, у нас многія нішы перасякаліся з эўрапейскімі. Возьмем тыя ж яблыкі. Хоць у нас шмат гадоў была дзяржпраграма вытворчасьці яблык, мы пакуль сябе імі не задавальняем...
Мы Расею і раней падтрымлівалі. І, думаю, падтрымаем і цяпер. Канечне, ажыцьцявіць тую забарону, за якую бярэцца Расея, складана. Але калі Расея захоча адэкватна адказаць на эўрапейскія санкцыі, яна зможа гэта зрабіць. Эўропа сапраўды залежыць ад Расеі моцна».
Фэрмэр Міхаіл Шруб: Вывучым патрабаваньні цывілізаванага рынку
Фэрмэр з Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці Міхаіл Шруб кажа, што ягоная гаспадарка і цяпер шмат прадукцыі прадае на расейскі рынак — у Маскву, Санкт-Пецярбург: бульбу, усе віды гародніны, прычым усё мытае, фасаванае. Раней пастаўлялі ў Расею і сьвініну, але цяпер трэба задаволіць перш за ўсё свае патрэбы. Фэрмэр кажа, што пасьля ўступленьня ў Мытны саюз няма ніякіх праблемаў з дакумэнтамі, з афармленьнем паставак. Іншая справа — канкурэнцыя на рынку, гэта рэч «двугострая». Але неабходная, каб людзі нарэшце навучыліся працаваць:
«Нават калі не паглыбляцца ў палітычны аспэкт, гэта дасьць магчымасьць беларусам значна хутчэй і больш маштабна асвойваць расейскі рынак. Раней былі праблемы з пункту гледжаньня канкурэнцыі. Гандлёвыя сеткі працуюць з заходнім пастаўшчыком таму, што ён больш арганізаваны, кваліфікавана займаецца лягістыкай, пастаўляе вялікія партыі тавараў. У нас ёсьць шанец асвоіць і гэтыя кірункі. Толькі ў гэтым выпадку мы можам стаць канкурэнтаздольнымі і заняць пэўны сэгмэнт расейскага рынку. А калі хтосьці хоча скарыстаць момант і „праскочыць“, то рана ці позна яго выжывуць з расейскага рынку.
У нас многія прадпрыемствы наагул ня ведаюць, як прадаваць прадукцыю — маўляў, „мы вырабілі, а вы прыяжджайце, забірайце“. Гэта дасьць магчымасьць вывучыць патрабаваньні цывілізаванага рынку, зразумець, што трэба спажыўцу, і працаваць.
У нас даўно ёсьць і сховішчы, і цэхі перадпродажнай падрыхтоўкі, мы займаемся і мыцьцём, і чысткай, і фасоўкай — усё гэта ў нас ёсьць. Але шмат якія гаспадаркі працуюць па-старому. Магчымасьць выйсьці на расейскі рынак павінна падштурхнуць вытворцаў, навучыць даводзіць сваю прадукцыю да ўзроўню эўрапейскіх пастаўшчыкоў.
У цэлым наша прадукцыя ня горшая за эўрапейскую, але нашы вытворцы часьцяком адстаюць з пункту гледжаньня зьнешняга афармленьня, падачы, фасоўкі, упакоўкі. Але ўсё гэта можна асвоіць».
Міністар Заяц: Павелічэньне паставак харчоў у Расею не адаб’ецца на ўнутраным рынку
Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц перакананы, што павелічэньне аб’ёмаў паставак беларускага харчаваньня ў Расею не адаб’ецца на ўнутраным рынку.
«Сытуацыя на ўнутраным рынку мяса-малочнай прадукцыі ў нас стабілізавалася, таму наша задача заключаецца ў тым, каб павышаць канкурэнтаздольнасьць айчыннай прадукцыі, пашыраць яе асартымэнт і прадстаўляць на зьнешніх рынках прадукт высокай спажывецкай якасьці», — заявіў міністар падчас прамой тэлефоннай лініі ў газэце «Белорусская нива».
Міністар адзначыў, што Беларусь упэўненая ў якасьці сваёй прадукцыі. «Гэта натуральны прадукт, бясьпечны, які можа канкураваць па сваіх спажывецкіх якасьцях зь любым эўрапейскім прадуктам», — падкрэсьліў Леанід Заяц.
Кірыл Коктыш, палітоляг: «Крэмль зробіць Менску і Астане „мяккую“ прапанову далучыцца да санкцыяў»
Кірыл Коктыш лічыць, што ў Беларусі можа зьявіцца спакуса закупіць, напрыклад, танна яблыкі ў Польшчы, а затым накіраваць іх па даражэйшых цэнах на расейскі рынак.
«Падобная схема з цукрам у свой час была беларускім бокам цалкам адпрацаваная. Але калі ў Маскве ўбачылі, што Беларусь пастаўляе на расейскі рынак цукру болей, чым яго вырабляюць разам усе беларускія заводы, то гэта вылілася ў татальную забарону беларускага экспарту. А даволі працяглыя разборкі завяршыліся дамовай, што Беларусь надалей будзе пастаўляць толькі ўласную, а не замежную прадукцыю.
Прапанова наконт таго, што Беларусі і Казахстану варта было б далучыцца да расейскіх санкцыяў, з боку Масквы будзе, але ў мяккай форме. І калі Менск і Астана не далучацца, то вялікай праблемы для Масквы тут ня будзе. Пагадненьні нават у межах Мытнага саюзу дазваляюць яго сябрам праводзіць дадатковы мытны кантроль. Таму схема паставак прадуктаў з трэціх краін празь Беларусь і Казахстан наўрад ці будзе запушчана».