Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доктар Пагібель» пра мэты Пуціна


Прафэсар Нью-ёрскага ўнівэрсытэту Нурыэл Рубіні (Nouriel Roubini) яшчэ ў верасьні 2006 году дакладна прадказаў глябальны фінансавы крызіс, у які сьвет абрынуўся праз 2 гады.

Пасьля ягонага прароцтва журналісты надалі Рубіні мянушку Dr. Doom (Доктар Пагібель). Зараз у брытанскай The Guardian ён апублікаваў артыкул пра мэты палітыкі Ўладзімера Пуціна.

Бліжэйшыя мэты прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна маглі абмяжоўвацца вяртаньнем Крыму і захаваньнем некаторага ўплыву на тое, што адбываецца ва Ўкраіне, аднак яго доўгатэрміновыя намеры куды больш амбіцыйныя.

Гэтыя амбіцыі няцяжка разгадаць. Як вядома, Пуцін аднойчы заўважыў, што распад СССР быў найвялікшай катастрофай XX стагодзьдзя. Такім чынам, яго доўгатэрміновай мэтай стала яго аднаўленьне ў тым ці іншым выглядзе, магчыма, у выглядзе наднацыянальнага саюзу краін-удзельніц па прыкладзе ЭЗ.

Хоць Эўразійскі саюз — пакуль толькі мытны саюз, вопыт Эўразьвязу падказвае, што пасьпяховая зона свабоднага гандлю з часам прыводзіць да больш шырокай эканамічнай, валютнай і, у канчатковым выніку, палітычнай інтэграцыі. Мэта Расеі — не паўтарыць Паўночна-амэрыканскае пагадненьне аб свабодным гандлі (NAFTA), а стварыць новы Эўразьвяз, у якім усе рэальныя рычагі кіраваньня будзе трымаць Крэмль.

Пуцін — амбіцыйны чалавек і, падобна аўтакратам Цэнтральнай Азіі, можа заставацца ва ўладзе дзесяткі гадоў

Са зьяўленьнем шырокага мытнага саюзу гандлёвыя, фінансавыя і інвэстыцыйныя сувязі разрастаюцца да таго, што краіны ўраўноўваюць абменныя курсы ў адносінах адна да адной. Потым, верагодна, праз некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля яго стварэньня — удзельнікі задумваюцца аб стварэньні сапраўднага фінансавага аб’яднаньня з адзінай валютай (эўразійскім рублём), якую можа выкарыстоўваць як меру кошту, сродак разьлікаў і назапашваньня. Адмовіўшыся ад падатковага, банкаўскага і эканамічнага сувэрэнітэту, удзельнікі могуць адчуць неабходнасьць у частковым палітычным саюзе для гарантыі дэмакратычнай легітымнасьці.

Эўразійскі саюз у поўным аб’ёме, які паступова скарачае сувязі з Захадам у пляне гандлю, фінансаў, эканомікі, плацёжных сыстэм, камунікацый і палітычных сувязяў, можа быць недасягальнай марай. Адсутнасьць у Расеі рэформаў і неспрыяльныя дэмаграфічныя тэндэнцыі абяцаюць патэнцыйна нізкія тэмпы росту і недахоп фінансавых сродкаў для стварэньня падатковага і транспартнага адзінства, неабходнага для прыцягненьня іншых краінаў.

Аднак Пуцін — амбіцыйны чалавек і, падобна аўтакратам Цэнтральнай Азіі, можа заставацца ва ўладзе дзесяткі гадоў. Да таго ж, падабаецца вам гэта ці не, нават недастаткова дынамічная для пасьпяховага разьвіцьця вытворчасьці і прамысловасьці будучага Расея застанецца таваравытворнай звышдзяржавай.

На жаль, санкцыі, якія накладваюць на Расею ЗША і Эўропа, пры ўсёй іх неабходнасьці, могуць толькі ўзмацніць перакананасьць Пуціна і яго дарадцаў-славянафілаў ў тым, што будучыня Расеі — не на Захадзе, а ў асобным інтэграцыйным праекце на Ўсходзе. Барак Абама сьцьвярджае, што аб пачатку новай «халоднай вайны» гаворка не ідзе, аднак бягучыя тэндэнцыі могуць неўзабаве абвергнуць яго словы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG