У Менску — сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, амбасадара Расеі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЭ.
У Менску — барды Зьміцер Бартосік і Зьміцер Вайцюшкевіч выступяць з дабрачынным канцэртам салідарнасьці з Рыгорам Кійко, якому патрабуецца складаная апэрацыя. Рыгор Кійко — вядомы беларускі кераміст, сябра Саюзу мастакоў і суполкі «Пагоня». У 1997 годзе ён, адбіваючы на Дні Волі-1997 бел-чырвона-белы сьцяг, быў арыштаваны, правёў тры месяцы ў СІЗА на Валадарскага і атрымаў два гады «хіміі». 8 лістапада 2001 году быў жорстка зьбіты пры абароне Курапатаў.
Гэты дзень у гісторыі
У 1649 годзе — пад Лоевам адбылася самая буйная бітва казацкай вайны часоў паўстаньня Багдана Хмяльніцкага. Урадавыя войскі Вялікага княства Літоўскага разьбілі 25-тысячнае казацкае войска на чале зь Міхаілам Крычэўскім.
У 1920 годзе — пасьля вызваленьня Беларусі ад польскіх войскаў на сумесным пасяджэньні Менскага губрэўкому і ЦК КП (б) Літвы і Беларусі была прынятая «Дэклярацыя аб абвяшчэньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь». Усходняй мяжой ССРБ была прызнаная мяжа Менскай губэрні.
У 1944 годзе — у Беларусі пачалася маштабная апэрацыя НКВД з мэтаю ліквідацыі ў заходніх раёнах узброенага падпольля. Усяго за год было арыштавана амаль сто тысяч чалавек. Забіта пры супраціве 3200 змагароў з савецкаю ўладай.
У 1949 годзе — на першым кангрэсе беларусаў у ЗША створана арганізацыя «Беларуска-амэрыканскае Задзіночаньне» (БАЗА).
У 1956 годзе выйшла пастанова ЦК КПСС пра разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва ў СССР. Гэта значыць, што сёньня — дзень нараджэньня знакамітых «хрушчовак», якія істотна зьмянілі аблічча беларускіх гарадоў і самой краіны.
У гэты дзень нарадзіліся:
1527 — Максымільян ІІ, імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі
1802 — Ігнат Дамейка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі, славуты чылійскі навуковец, які паходзіў з маёнтку Мядзьведка Наваградзкага павету (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласьці).
1912 — Мілтан Фрыдман, амэрыканскі эканаміст, нобэлеўскі ляўрэат 1976 году
1914 — Люі Дэ Фюнэс, францускі кінаактор
1965 — Джаан Роўлінг, ангельская пісьменьніца
1989 — Вікторыя Азаранка, беларуская тэнісістка
У гэты дзень памерлі:
1556 — Ігнацій Ляёла, заснавальнік Ордэну езуітаў
1784 — Дэні Дзідро, францускі мысьляр і пісьменьнік
1849 — Шандар Пэцёфі, вугорскі паэт
1886 — Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар
1944 — Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, францускі пісьменьнік
З календара Бахарэвіча
31 ліпеня 1965 у Вялікай Брытаніі забароненая рэкляма цыгарэт на ТВ