Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у справаздачы Дзярждэпартамэнту аб свабодзе рэлігіі


У панядзелак Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу пра стан рэлігійнай свабоды ў сьвеце. Прапануем вам агляд разьдзелу, прысьвечанага Беларусі.

Канстытуцыя Беларусі абараняе рэлігійную свабоду, але іншыя законы і палітыка абмяжоўваюць яе. На практыцы ўлады праводзяць у жыцьцё гэтыя абмежаваньні. Улады выкарыстоўвалі палажэньні закону аб рэлігіі, каб перашкодзіць ці прадухіліць дзейнасьць рэлігійных групаў, якія не належаць да Беларускай праваслаўнай царквы. Закон абмяжоўвае магчымасьці рэлігійных груп даваць рэлігійную адукацыю, а таксама свабодна ўвозіць і распаўсюджваць рэлігійную літаратуру. Улады перасьледавалі і штрафавалі сяброў некаторых рэлігійных груп, асабліва тых, якіх улады разглядаюць, як носьбітаў замежнага культурнага ўплыву або як тых, што маюць палітычныя мэты. Замежныя місіянэры, духавенства, супрацоўнікі гуманітарных арганізацый, зьвязаныя з пратэстанцкімі цэрквамі і рымска-каталіцкай царквой, сутыкаюцца са шматлікімі перашкодамі, у тым ліку дэпартацыямі, адмовамі ў выдачы візаў або ануляваньнем іх.


Разьдзел I. Рэлігійная дэмаграфія

Згодна з вынікамі апытаньня, праведзенага прыватным сацыялягічным цэнтрам Люстэрка-Інфа (сакавік-красавік 2013 году), каля 68% грамадзян належаць да БПЦ, 14% да рымска-каталіцкай царквы, і 3% – да іншых рэлігійных груп. Сярод апошніх найбольш шматлюдныя – пратэстанты, мусульмане, юдэі, грэка-каталікі (уніяты) і праваслаўныя групы, што не належаць да БПЦ. Іншыя зарэгістраваныя групы ўключаюць старавераў, лютэранаў, сьведкаў Яговы, апостальскіх хрысьціянаў, крышнаітаў, бахаяў і іншых.


Раздзел II. Сытуацыя з выкананьнем свабоды веравызнаньня

Прававыя і палітычныя ўмовы

Канстытуцыя абвяшчае роўнасьць рэлігій і канфэсій перад законам; аднак закон прадугледжвае, што супрацоўніцтва паміж дзяржавай і рэлігійнымі групамі «рэгулюецца з улікам іх уплыву на фармаваньне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа». Упраўленьне паўнамоцнага прадстаўніка ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў (далей - УППСРН) рэгулюе ўсе рэлігійныя пытаньні.

Закон аб рэлігіі, прыняты ў 2002 годзе, прызнае «вызначальную ролю» праваслаўнай царквы ў разьвіцьці традыцый народа, а таксама гістарычнае значэньне «традыцыйных» канфэсій, якімі лічацца каталіцызм, юдаізм, іслам і эвангеліцкае лютэранства. Закон ня лічыць традыцыйнымі канфэсіямі старавераў і кальвіністаў, якія маюць гістарычныя карані ў краіне пачынаючы з XVII стагодзьдзя.

Закон забараняе любую рэлігійную дзейнасьць незарэгістраваных груп і прадугледжвае пакараньне за гэта ад буйных штрафаў да трох гадоў пазбаўленьня волі. Закон абмяжоўвае дзейнасьць рэлігійных суполак і асацыяцый раёнамі, дзе яны зарэгістраваныя, і ўсталёўвае складаныя патрабаваньні для рэгістрацыі, якія некаторым групам цяжка выканаць.

Папраўкі да Жыльлёвага кодэксу дазваляюць рэлігійным групам рэгістравацца ў жылых памяшканьнях, калі мясцовыя ўлады даюць дазвол. Такі дазвол, аднак, не даецца аўтаматычна і закон не дазваляе рэлігійным аб'яднаньням праводзіць службы ў прыватных дамах або кватэрах без папярэдняга дазволу з боку мясцовых уладаў.

Закон таксама дазваляе дзяржаўным органам, якія адказваюць за рэгістрацыю, выносіць пісьмовыя папярэджаньні зарэгістраванай рэлігійнай групе за парушэньне законаў. Улады могуць зьвярнуцца ў суд, каб скасаваць рэгістрацыю групы, калі яна не спыніла незаконную дзейнасьць, апісаную ў пісьмовым папярэджаньні на працягу шасьці месяцаў або калі дзейнасьць паўтараецца на працягу аднаго году з моманту папярэджаньня.

Няма прававой асновы для рэстытуцыі ўласнасьці, у тым ліку рэлігійнай уласнасьці, захопленай ў пэрыяды савецкага кіраваньня і нацысцкай акупацыі. Закон абмяжоўвае рэстытуцыю ўласнасьці, якая была перададзеная для выкарыстаньня ў культурных або спартыўных мэтах.

Закон патрабуе, каб усе рэлігійныя групы атрымлівалі папярэднюю ўхвалу ўладаў на ўвоз і распаўсюд рэлігійнай літаратуры.

Толькі зарэгістраваныя рэспубліканскія рэлігійныя аб'яднаньні могуць зьвярнуцца ў УППСРН па дазвол запрасіць замежных сьвятароў у краіну праз працяглы бюракратычны працэс.

Улады не дазваляюць замежным місіянэрам займацца рэлігійнай дзейнасьцю па-за межамі грамадаў і аб'яднаньняў, якія іх запрасілі. Праваахоўныя органы могуць прымусіць замежных сьвятароў пакінуць краіну. У такіх выпадках дзяржаўныя органы могуць дзейнічаць самастойна або па рэкамэндацыі зь іншых дзяржаўных структур, такіх як службы бясьпекі.

Адукацыйныя ўстановы могуць супрацоўнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі групамі толькі «з улікам іх гістарычнага значэньня і ўплыву на фармаваньне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа», якія на практыцы азначаюць «традыцыйныя канфэсіі», у першую чаргу БПЦ.

У той час як Канстытуцыя прадугледжвае права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу, закон не прадугледжвае яе для адмоўнікаў. Асобы, абвінавачаныя ва ўхіленьні ад вайсковай службы, атрымліваюць пакараньне ад штрафу да пяці гадоў пазбаўленьня волі.


Дзяржаўная практыка

12 верасьня Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі заявіла, што камітэт дзяржаўнай бясьпекі (КДБ) арыштаваў каталіцкага сьвятара Ўладзіслава Лазара. Ён быў арыштаваны па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе і садзеяньні асобе, абвінавачанай у шпіянажы на карысьць замежнай дзяржавы. Улады пратрымалі Лазара за кратамі на працягу трох месяцаў і не інфармавалі ані каталіцкую царкву, ані сям'ю Лазара пра яго месцы знаходжаньня і аб стане крымінальнай справы. Папскі нунцый убачыў Лазара ў турме 25 кастрычніка. 4 сьнежня КДБ абвясьціў, што Лазар быў вызвалены з-пад варты пад «падпіску аб нявыезьдзе».

Некаторыя хрысьціянскія групы заяўляюць, што рэгістрацыйныя патрабаваньні строга абмежавалі іх дзейнасьць і легалізавалі крымінальны перасьлед асоб за іх рэлігійныя перакананьні. Шэраг мясцовых органаў улады па-ранейшаму адмаўляецца рэгістраваць сьведак Яговы або дазволіць ім зьбірацца на малітвы ў прыватных дамах.

24 лютага 20 супрацоўнікаў міліцыі правялі рэйд у жылое памяшканьне ў Гомелі, дзе месьціцца незарэгістраваная баптысцкая суполка. Міліцыя дапытала ўсіх чальцоў абшчыны, у тым ліку дзяцей, бяз згоды іх бацькоў.

14 красавіка супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў іншы прыватны дом у Гомелі, дзе пастар Пётр Яшчанка, прадстаўнік іншай незарэгістраванай баптысцкай абшчыны, вёў службу. Міліцыя перапыніла службу, запісвала сустрэчу на відэа, дапытвала прысутных. Таксама была канфіскаваная рэлігійная літаратура.

Міліцыя спыняла і рабіла ператрусы адносна 7 прадстаўнікоў сьведкаў Яговы за пропаведзь у грамадзкіх месцах у Клецку, Рагачове, і Бялынічах на працягу году.

Улады па-ранейшаму не вызваляюць актывы харызматычнай Царквы Новага Жыцьця і паспрабавалі выселіць царкву з займаных памяшканьняў, што было і ў мінулым годзе.

Улады распачалі крымінальную справу супраць жыхара Гарадзенскай вобласьці Аляксея Шчадрова па абвінавачваньні ў стварэньні і кіраўніцтве незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыяй, якая аб'яднала мясцовых жыхароў аднолькавых рэлігійных перакананьняў, а таксама бяздомных. 11 верасьня міліцыя зьняла абвінавачаньні супраць Шчадрова, пасьля ўлады зарэгістравалі яго дабрачынную арганізацыю.

Урад працягваў кантраляваць групы рэлігійных меншасьцяў, асабліва тыя, што пазначаныя як «культы». Згодна вартых даверу крыніцаў, афіцэры дзяржбясьпекі часта наведвалі пратэстанцкія набажэнствы, каб весьці назіраньне, якое чальцы груп ацэньваюць як запалохваньне і перасьлед.

Многія рэлігійныя групы працягвалі адчуваць праблемы ў арэндзе, куплі або рэгістрацыі маёмасьці. Групы таксама сутыкнуліся зь перашкодамі для аднаўленьня права ўласнасьці на рэлігійную маёмасьць, канфіскаваную ў савецкі пэрыяд.

Ужываньне візавага рэжыму ўплывае на здольнасьць місіянэраў жыць і працаваць у краіне. Гэта зьменшыла колькасьць каталіцкага духавенства і абмежавала гуманітарныя і дабрачынныя праекты замежных пратэстанцкіх груп. Напрыклад, улады скарацілі дзеяньне візы некалькім каталіцкіх сьвятарам з аднаго году да шасьці ці трох месяцаў. Улады заявілі, што іх рашэньне заснаванае на скаргах каталікоў наконт дрэннага веданьні замежнымі сьвятарамі расейскай альбо беларускай моваў.

Улады толькі эпізадычна або неэфэктыўна дасьледуюць антысэміцкія акты. Як правіла, нэанацысцкая дзейнасьць трактуецца ўладамі, як хуліганства.


Паляпшэньні ў сфэры свабоды веравызнаньня

30 жніўня УППСРН уручыў кіраўніку рымска-каталіцкай царквы, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу рэгістрацыйныя дакумэнты для менскага каталіцкага каледжу Яна Хрысьціцеля. Каледж будзе рыхтаваць спэцыялістаў у галіне тэалёгіі, філязофіі, вывучэньня Бібліі, літургіі, сацыяльных навук і царкоўнага права.

Разьдзел III. Павага рэлігійных правоў

Былі паведамленьні аб сацыяльнай дыскрымінацыі па прыкмеце рэлігійнай прыналежнасьці, перакананьняў або практыкі. Былі паведамленьні аб антысэміцкіх графіці і вандалізьме. Аднак антысэмітызм і нэгатыўнае стаўленьне да рэлігійных меншасьцяў зьменшылася ў параўнаньні з папярэднімі гадамі.

29 кастрычніка тры непаўнагадовыя вандалы разбурылі плот і пашкодзілі помнік у гонар габрэяў і іншых жыхароў, забітых нацыстамі ў верасьні 1942 году ў вёсцы Куранец. Міліцыя затрымала і дапытала падлеткаў, але яны не былі прыцягнутыя да адказнасьці з-за ўзросту.

Сьведкі Яговы паведамілі, што прынамсі тры чальцы іх асацыяцыі атрымалі нязначныя траўмы ў выніку нападу мясцовых жыхароў у некалькіх гарадах, у тым ліку ў Лёзьне.

Адносіны паміж БПЦ і рымска-каталіцкай царквой працягвалі паляпшацца, на думку чальцоў абедзьвюх групаў. У якасьці прыкладаў гэтага можна прыгадаць сумесныя набажэнствы і міжнародныя канфэрэнцыі.

У красавіку мусульманскае рэлігійнае аб'яднаньне аднавіла будаўніцтва мячэці ў цэнтры Менску пасьля атрыманьня дазволу ад мясцовых уладаў. Асацыяцыя раней была вымушаная прыпыніць будаўнічыя працы на працягу пяці гадоў у сувязі з адсутнасьцю сродкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG