Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: Баевікі выкралі 60 дзяцей-сіротаў і спрабуюць вывезьці іх у Расею


Галоўны лекар інтэрнату знаходзіцца ў закладніках у тэрарыстаў, — падкрэсьлілі ў МЗС

Група тэрарыстаў з так званай «ЛНР» у суботу каля 17:15 выкрала з інтэрнату Луганску 60 дзяцей-сірот. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністэрства замежных спраў Украіны.

У паведамленьні адзначаецца, што дзяцей, якія маюць патрэбу ў пастаянным мэдычным назіраньні, без адпаведных дазваленчых дакумэнтаў на двух аўтобусах спрабуюць вывезьці ў Расею.

Галоўны лекар інтэрнату знаходзіцца ў закладніках у тэрарыстаў, — падкрэсьлілі ў ведамстве.

МЗС Украіны неадкладна зьвярнулася з нотай да Расейскай Фэдэрацыі, у якой зьмяшчаецца катэгарычнае патрабаваньне не дапусьціць незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей-сіротаў у Расею. Інфармацыю пра гэтае злачынства даведзена да ведама замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацый.

«Заклікаем міжнародную супольнасьць прыкласьці ўсе намаганьні, у тым ліку прыняць захады па дадатковым ціску на Расейскую Фэдэрацыю з тым, каб прымусіць тэрарыстаў неадкладна адпусьціць украінскіх дзяцей-сіротаў і не рабіць іх закладнікамі сваёй антыўкраінскай гістэрыі і злачыннай тэрарыстычнай дзейнасьці», — падкрэсьлілі ў МЗС.

Данецкія валянтэры і крыніцы, блізкія да Данецкай абласной адміністрацыі, паведамілі Ўкраінскай службе Радыё Свабода, што ў руках байцоў батальёну «Ўсход» так званага апалчэньня самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі застаюцца 90 дзяцей-сірот ва ўзросьце да 4 гадоў, захопленых у дзіцячых дамах Данецка і Макееўкі. Працягваюцца перамовы аб магчымым вывазе дзяцей, у прыватнасьці хворых, з зоны антытэрарыстычнай апэрацыі.

12 чэрвеня ў Сьнежным тэрарыстамі ДНР быў захоплены аўтобус з 25 дзецьмі-сіротамі і трыма дарослымі, якія накіроўваліся ў дзіцячы аздараўленчы летнік у г. Крывы Рог Днепрапятроўскай вобласьці. Пагражаючы зброяй, баевікі прымусілі кіроўцу зьмяніць кірунак руху і ў суправаджэньні ўзброеных людзей накіравалі аўтобус разам з пасажырамі ў Луганскую вобласьць.

Расейскі бок незаконна дазволіў перавезьці на тэрыторыю РФ без адпаведных дазваленчых дакументаў, а толькі па копіях пасьведчаньняў аб нараджэньні, 16 дзяцей-сірот і двух выхавацеляў.

Украіна падала заяву ў Эўрапейскі суд па правах чалавека адносна ўплыву на Расею ў пытаньні вяртаньня выкрадзеных украінскіх дзяцей-сіротаў. Эўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэньне, што РФ абавязаная неадкладна вярнуць дзяцей-сіротаў і іх выхавацеляў, якія былі захопленыя тэрарыстамі 12 чэрвеня ў Сьнежным (Данецкая вобл) і незаконна перапраўленыя ў РФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG