Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструктар «Боінгу»: Шанцы супраць ракеты ў цывільных самалётаў нулявыя


Пасьля крушэньня ў выніку ракетнага абстрэлу пасажырскага Boeing-777 малайзійскай кампаніі Malaysia Airlines блізу гораду Тарэз Данецкай вобласьці многія авіяперавозчыкі заяўляюць пра карэкціроўку палётаў. У ліку тых, хто будзе абмінаць паветраную прастору Ўкраіны, — нямецкая Lufthansa, брытанская Virgin Airlines, француская Air France, турэцкая Turkish Airlines, а таксама беларуская «Белавія».

Кіраўніцтва авіякампаніі «Белавія» прыняло рашэньне не спакушаць лёс і на пэрыяд, пакуль будуць высьвятляцца акалічнасьці трагедыі ў небе над Ўсходняй Украінай, абмінаць небясьпечную тэрыторыю. Як расказаў намесьнік генэральнага дырэктара беларускага авіяманапаліста Ігар Чаргінец, цяпер спэцыяльнае падразьдзяленьне ўзгадняе магчымасьць пераносу шэрагу рэйсаў у паветраную прастору іншых дзяржаваў. Пры гэтым удакладняецца, што зьмена маршрутаў адаб’ецца на працягласьці палётаў і затрымках рэйсаў. У прыватнасьці, праз усходнюю тэрыторыю Ўкраіны пралягаюць авіямаршруты «Белавія» ў Грузію:

«У сувязі з катастрофай цывільнага самалёта Boeing-777 авіякампаніі Malaysia Airlines у Данецкай вобласьці Ўкраіны мы з учорашняга вечара прынялі рашэньне аб зьмене маршрутаў палётаў нашых паветраных суднаў пры выкананьні рэйсаў праз паветраную прастору Ўсходняй Украіны, каб гарантаваць бясьпеку нашым пасажырам. Такое рашэньне будзе дзейнічаць да высьвятленьня прычынаў трагедыі. Прыносім шчырыя спачуваньні родным і блізкім загінулых у авіякатастрофе, а таксама авіякампаніі Malaysia Airlines».

Як кажуць у офісе «Белавія», мараторый на палёты тычыцца толькі ўсходніх рэгіёнаў Украіны. Палёты ў кіеўскі аэрапорт «Барыспаль» будуць ажыцьцяўляцца двойчы на дзень паводле раскладу.

Ці былі ў самалёта Малайзійскіх авіялініяў хоць гіпатэтычныя шанцы ўратавацца ад ракеты? Інструктар падрыхтоўкі лётчыкаў кіраваньня паветранымі суднамі маркі «Боінг» Іван Маркаў канстатуе, што прыстасаваны для працы ў мірны час самалёт супраць тэрарыстаў практычна безабаронны:

«Гэта чыста цывільны самалёт, ніякага супрацьракетнага абсталяваньня ў яго няма, не прадугледжана такое нават канструктыўна. Увогуле, што тут абмяркоўваць? Сунулі шалёнай малпе ў руку гранату, і ў выніку даскакаліся. Асабіста для мяне ўсё гэта жахліва, бо я гэтыя самалёты ведаю дасканала. Выглядае, што цяпер у Расеі мы маем свайго Кадафі, які аддае загады зьнішчаць пасажырскія самалёты. Жах, я проста ў шоку».

Сунулі шалёнай малпе ў руку гранату, і ў выніку даскакаліся

На борце пасажырскага Boeing-777 малайзійскай кампаніі Malaysia Airlines было амаль 300 пасажыраў і чальцоў экіпажу, сярод іх — 80 дзяцей. Абсалютная бальшыня — грамадзяне Нідэрляндаў, адкуль яны ляцелі ў Малайзію. Паводле аэрафотаздымкаў амэрыканскай выведкі, самалёт быў мэтанакіравана зьбіты зэнітнай ракетай. Як кажа вайсковы пэнсіянэр, у мінулым авіяцыйны тэхнік Аляксандар Пашчанка, гэта тым больш цынічна, што адрозьніць цывільны самалёт ад вайсковага не складае цяжкасьцяў:

«Увогуле існуюць тры ступені клясыфікацыі лятальных апаратаў — малы, сярэдні і вялікі. Пасажырскі самалёт адносіцца да апошніх, таму пераблытаць яго з вайсковым зьнішчальнікам папросту немагчыма. Значыць, быў сьвядомы расстрэл — як сьведчаць экспэрты, з расейскага зэнітна-ракетнага комплексу „Бук“. Цяпер пішуць, што гэтая ўстаноўка ці ўжо на тэрыторыі Расеі, ці будзе там неўзабаве».

Відэа зь месца авіякатастрофы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк

Масква і Кіеў абвінавачваюць адзін аднаго ў правакацыі, якая каштавала жыцьцяў тром сотням мірных жыхароў розных дзяржаваў, далёкім ад канфлікту ў мяцежным рэгіёне ўсходняй Украіны. Кіеўскія аналітыкі ў сваёй бальшыні перакананыя, што самалёт быў зьбіты з расейскай зброі, якая ў вялікай колькасьці пастаўляецца абаронцам так званых «незалежных Данецкай і Луганскай рэспублік». Пракрамлёўскі вайсковы экспэрт Ігар Каротчанка лічыць, што «Боінг» зьбіла ўкраінская армія:

«Учора позна ўвечары Міністэрства абароны Расеі абнародавала інфармацыю пра дакладную назву вайсковай часьці Ўзброеных сілаў Украіны і колькасьць пускавых установак, якія знаходзяцца ў распараджэньні гэтай часьці. Гаворка ідзе пра зэнітна-ракетныя комплексы „Бук“. Таму, калі зыходзіць з таго, што не адбыўся тэракт і ня быў задзейнічаны НЛА, застаюцца толькі Ўзброеныя сілы Ўкраіны. У данецкіх і луганскіх апалчэнцаў няма зэнітна-ракетных комплексаў, якія б маглі зьбіваць самалёты на такой вышыні».

У сваю чаргу Міністэрства абароны Ўкраіны настойвае, што ўвогуле не выкарыстоўвае «Букі» — маўляў, такой патрэбы няма, бо сэпаратысты ня маюць баявых самалётаў.

Па факце крушэньня малайзійскага авіялайнэра ўкраінскія ўлады распачалі крымінальную справу паводле артыкула «Тэрарыстычны акт». Высьветлена, што ад пападаньня ракеты самалёт разваліўся ў паветры, і ў пасажыраў не было ніякіх шанцаў на ратунак.

Увечары 17 ліпеня Эўрапейская арганізацыя па бясьпецы аэранавігацыі выпусьціла дырэктыву, якая забараняе эўрапейскім авіяперавозчыкам выконваць палёты праз паветраную прастору Ўсходняй Украіны. Трагедыя з «Боінгам» малайзійскіх авіялініяў здарылася праз чатыры месяцы пасьля таямнічага зьнікненьня самалёта той жа авіякампаніі.

Тым часам варта згадаць, што 29 чэрвеня данецкія баевікі ўзялі пад кантроль вайсковую часьць супрацьпаветранай абароны. Тады адзін з прадстаўнікоў узброеных сэпаратыстаў заявіў, што ў перападпарадкаванай часьці А-1402 кватаравала падразьдзяленьне зэнітна-ракетных войскаў, якое мае на ўзбраеньні самаходныя комплексы «Бук». Апроч таго, застаецца фактам, што апалчэнцы дагэтуль ужо зьбілі не адзін ваенна-транспартны самалёт і верталёт Узброеных сілаў Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG