Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 украінскіх памежнікаў — у расейскім шпіталі ў ачапленьні паліцыі


Архіўнае фота.
Архіўнае фота.

Як паведамляюць украінскія СМІ, сэпаратысты, абстрэльваючы ў сераду памежны пераход у Луганскай вобласьці, залпавым агнём выціснулі 15 украінскіх памежнікаў на тэрыторыю Расеі, дзе іх арыштавалі прадстаўнікі ФСБ.

Паводле расейскіх інфармацыйных крыніцаў — ИТАР-ТАСС і тэлеканалу LifeNews — у сераду 15 украінскіх памежнікаў атрымалі раненьні і самі зьвярнуліся па дапамогу да расейскіх калегаў, пасьля чаго былі дастаўленыя ў мэдычныя ўстановы расейскага памежнага гораду Гукава, дзе ім была аказаная неабходная мэдычная дапамога.

Інфармацыю расейскім мэдыям пацьвердзіў кіраўнік прэсавай службы ўпраўленьня памежнай службы ФСБ Расеі па Растоўскай вобласьці Васіль Малаеў.

Паводле луганскага журналіста і актывіста Ўсевалада Філіманенкі ў памежным раёне Луганскай вобласьці ўкраінская 72-я памежная брыгада ў складзе 15 байцоў займалася пагрузкай трупаў у рэфрыжэратар. «У гэты час баевікі ЛНР пачалі абстрэл украінскіх салдатаў з сыстэмы Град.

Давялося адступаць, тэрарысты залпавым агнём выціснулі ўкраінскіх салдат на тэрыторыю РФ, дзе іх ужо чакалі супрацоўнікі ФСБ. Камітэтчыкі арыштавалі ўсіх да адзінага і даставілі ў шпіталь у расейскім Гукаве», — паведамляе Філіманенка.

Паводле яго слоў, цяпер, шпіталь знаходзіцца ў ачапленьні расейскай паліцыі, а ў будынку працуюць дзясяткі расейскіх журналістаў.

Паводле інфармацыі, якой валодае актывіст, кіраўніцтва антытэрарыстычнай апэрацыі зьвязалася з памежнай службай Расеі па пытаньні выдачы памежнікаў украінскаму боку, але там параілі зьвяртацца да вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Расеі і паклалі слухаўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG