Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы нас ня любяць — бандэрамі абзываюць» — гандлярка з Украінкы ў Гомелі


З надыходам лета на рынках Гомеля паболела гандляроў з Украіны, якія прывозяць сюды з поўдня садавіну й гародніну.

Пра асаблівасьці памежнага гандлю й пра сытуацыю ва Ўкраіне ў зьвязку з расейскай агрэсіяй з украінцамі гутарыў наш карэспандэнт.

Да традыцыйных памідораў, баклажанаў, кабачкоў, якія даўно прывозяць украінцы, дадаліся апошнім часам абрыкосы, пэрсікі, вішні, жоўтыя перцы.

Жыхары бліжэйшых да Беларусі ўкраінскіх раёнаў — Рэпкінскага, Гараднянскага — таксама прапануюць гамельчукам сьвежы тварог, масла, алей.

Кажуць, што ўлетку ім палёгка, бо празь мяжу можна везьці ўжо не 5, як узімку, а цэлых 30 кіляграмаў харчовай прадукцыі.

Спадарыня Тацяна з украінскага райцэнтру Рэпкі прывезла на продаж сьпелыя вішні:

«Нармальна мытнікі прапусьцілі — дзякуй ім. Як далей будзе, ня ведаем. Я два вядры вішняў узяла — і ўсё. Сёлета ўрадзілі — поўна. У папярэднія гады было як звычайна. А сёлета вішня ўрадзіла. Тым больш што ў мяне свая. Куды ж яе падзець? Бо ў Рэпках — поўна. Хаця б па 20 тысяч бралі — і тое добра. Кіляграм! Думаў, што вядро? Каб так, то чаго б тады ехаць да вас?»

Украінка кажа, што дваццаць пяць гадоў адпрацавала ў мэдыцыне. Мае невялікую пэнсію — крыху больш як тысячу грыўняў. Возіць садавіну на продаж у Гомель, каб мець яшчэ які даход.

Перажывае за ўкраінскіх хлопцаў, якія ваююць у Данецкай ды Луганскай абласьцях з сэпаратыстамі:

«Хлопцы ж нашы адбіваюцца. Людзям таксама цяжка, а як жа. Асабліва тым, што пад акупантамі. А потым жа некаторыя дамы разбамбілі. Дык куды ім, бедным, падзецца?»

Суразмоўніца апавяла, што ў іхнім райцэнтры рыхтуюць кватэры для ўцекачоў з паўднёвага ўсходу Ўкраіны:

«У Рэпках я ня бачыла, каб былі ўцекачы. Хоць чула, што кватэры для іх рыхтуюць».

Спадарыня Надзея з Чарнігава возіць у Гомель тавары на продаж ужо добры дзясятак гадоў. За нейкія дзьве з паловай гадзіны пасьпела прадаць і вішні, і абрыкосы.

Як і бальшыня ўкраінцаў, Надзея чакае, каб вайна на Данеччыне й Луганшчыне як мага хутчэй завяршылася:

«Чакаем. Толькі яно ня хутка скончыцца. Гэта ідзе вайна Амэрыкі з Расеяй на ўкраінскай тэрыторыі. Але пакутуем мы — гэта з-за тых сланцавых газаў і з-за ўсяго астатняга. Гэта сапраўды так ёсьць».

Нейкіх асаблівых пераменаў у працы органаў мясцовай улады пасьля выбараў новага ўкраінскага прэзыдэнта жанчына пакуль не заўважыла. Мінула толькі паўтара месяца. А вось пра папярэдняга кіраўніка Ўкраіны Віктара Януковіча адгукаецца вельмі рэзка, і найперш з прычыны ягонага стаўленьня да ўкраінскага войска:

«Падла з падлаў — Януковіч. Каб за апошнія пяць гадоў Украіна ня ўзбройвалася? Каб на армію нічога не выдаткоўвалася? У якой краіне яшчэ такое можа быць? Тое, што мы мірныя людзі, дык гэта не азначае, што ў нас не павінна быць арміі. Армія ў першую чаргу павінна быць. А ў нас што? У мяне знаёмага ўзялі на вайну ў Славянск. Набралі групу і павезьлі туды. Ім чарнігаўская арганізацыя — Аблкамунэнэрга — купіла ў складчыну за 8 тысяч бронекамізэльку. Ён паехаў туды і потым тэлефануе: у нас тут узвод трыццаць чалавек — і ні ў кога няма бронекамізэлек. І ён таксама сваёй не надзеў».

Пакуль мы гутарылі з украінкай, падыходзілі гамельчукі і пыталіся: «Ой, у мяне сваякі ў Чарнігаве — як там, ціха, спакойна?»

Надзея: «Гэта сьмешна — „у мяне там сястра“. Дык яна прыйшла на рынак спытаць: як там сястра? Ты б ужо дваццаць разоў патэлефанавала, як там сястра! Можа, табе трэба бягом ехаць ды забіраць сястру хутчэй сюды!»

Яшчэ адна ўкраінка, якая гандлявала на рынку тварагом ды маслам, кажа, што асобныя гамельчукі зь ліку вулічных гандлярак ставяцца да іх нэгатыўна:

«Беларусы нас ня любяць — бандэрамі абзываюць. Сёньня з раніцы мне бабы вашы нэрвы папсавалі. Казалі, каб ня езьдзілі — мы ім перашкаджаем. Міліцыя іх нібыта з-за нас ганяе, бабулек гэтых, якія стаяць тут па сто гадоў».

Сказаўшы так, украінка скрушна дадае:

«А каму мы патрэбныя — як Расеі, так і Беларусі? Расейцы таксама нібыта былі браты. А цяпер забіваюць нашых людзей. І зноў з усіх бакоў расейскія войскі стаяць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG