Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Заявы Расеі пра абстрэл з боку Ўкраіны непераканаўчыя


Джэн Сакі
Джэн Сакі

У ЗША дагэтуль няма пацьверджаньняў заявам Расеі пра тое, што населены пункт на яе тэрыторыі быў абстраляны ўкраінскімі войскамі.

Пра гэта заявіла 15 ліпеня прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэн Сакі.

Паводле яе словаў, вайсковы аташэ амэрыканскай амбасады атрымаў запрашэньне ад міністэрства абароны Расеі наведаць Растоўскую вобласьць, дзе, паводле сьцерджаньняў расейскага боку, здарыўся інцыдэнт.

Паездку цалкам кантралявалі расейскія ўлады, якія не давалі ўдзельнікам паўплываць на яе хаду, адзначыла прэс-сакратар.

Cакі абвясьціла, што сьцвярджэньні Расеі, на думку ЗША, непераканаўчыя. Ані прычыны разбурэньняў, ані таго, адкуль быў зроблены верагодны абстрэл, усталяваць немагчыма, удакладнікла яна.

Прэс-сакратар зазначыла, што ў мінулым Расея ўжо дазваляла сабе падобныя заявы, калі трэба было апраўдаць вайсковыя дзеяньні ці наўпроставае вайсковае ўмяшаньне.

На думку ЗША, калі ўжо існуе такі высокі ўзровень занепакоенасьці гвалтам ці тым, што ён перакінецца на тэрыторыю Расеі, то Расея мае магчымасьць пайсьці на пэўныя крокі дзеля дээскаляцыі напружанасьці — «на гэтыя крокі яны вырашылі цяпер не ісьці, асабліва прарасейскія сэпаратысты», — зазначыла Джэн Сакі.

У нядзелю Расея заўяляла, што ў расейскім мястэчку Данецк, якое знаходзіцца ў Растоўскай вобласьці каля мяжы з Украінай, адзін чалавек загінуў і яшчэ двое параненыя ў выніку трапляньня артылерыйскага снарада, які прыляцеў з тэрыторыі Ўкраіны. Міністэрства замежных справаў Расеі наўпрост заявіла, што абстрэл зьдзейсьніла «ўкраінскае войска».

Ва Ўкраіне ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны і ў Міністэрстве замежных справаў запэўнілі, што ўкраінскія вайскоўцы ў той мясцовасьці агню не вялі, а калі і вялі, то не стралялі ў бок тэрыторыі Расеі.

Украінскія вайскоўцы ў той жа час сьцвярджаюць, што прарасейскія сэпаратысты самі сьвядома вядуць агонь з тэрыторыі каля мяжы ў абодва бакі — і па ўкраінскіх вайскоўцах, і ў бок Расеі. Верагодна, гэта робіцца для таго, каб справакаваць Расею на наўпроставую вайсковую агррэсію з удзелам рэгулярных частак расейскіх узброеных сіл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG