Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі палітоляг: Мэркель і Аланду Пуцін бліжэйшы за Ўкраіну


Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў ноч на 15 ліпеня праз тэлефон абмеркаваў з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель шляхі арганізацыі Трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі ў Данбасе. У той жа час у самой Украіне грамадзкасьць выказвае абурэньне самой ідэяй перамоваў з сэпаратыстамі, на якой настойваюць Нямеччына і Францыя. Як сытуацыю ацэньваюць украінскі, расейскі, беларускі палітолягі?

Трохбаковая кантактная група мае намер наладзіць прамы кантакт з сэпаратыстамі празь відэаканфэрэнцыю не пазьней як у сераду, 16 ліпеня. Пра гэта дамовіліся міністры замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Украіны і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі падчас відэаканфэрэнцыі.

Паводле ўкраінскага палітоляга Віктара Каспрука, палітыка Нямеччыны і Францыі адзначаецца цяпер пэўным перакосам у бок Расеі. А раскол у Эўрапейскім Зьвязе на прарасейскія краіны і праамэрыканскія будзе ўсё шырэць:

«Выяўляецца, што і Мэркель, і Аланду Пуцін бліжэйшы за Ўкраіну, якая намагаецца ісьці дэмакратычным шляхам разьвіцьця і якая грукаецца ў Эўропу. На жаль, Мэркель, якая ўжо заседзелася на месцы кіраўніка Нямеччыны, абсалютна неадэкватна ставіцца да Ўкраіны, да ўкраінскіх жаданьняў адарвацца ад імпэрскай пупавіны.

Зь іншага боку, мы бачым, што Мэркель будуе стасункі сучаснай Нямеччыны такім чынам, што яны часьцяком ідуць уразрэз з інтарэсамі даўняга хаўрусьніка Нямеччыны — Злучаных Штатаў. Мне здаецца, што цяперашні раскол у Эўрапейскім Зьвязе на прарасейскія краіны і праамэрыканскія будзе ўсё больш шырыцца. Таму што фраў Мэркель ня хоча, каб Украіна была ў Эўрапейскім Зьвязе — бо гэта краіна, якая арыентаваная на Злучаныя Штаты, на Брытанію, і гэта б унесла пэўны дысананс у дамінаваньне Нямеччыны ў ЭЗ».

Беларускі палітоляг Аляксандар Лагвінец кажа, што часьцяком эўрапейскія палітыкі не заўважаюць канкрэтных дзеяньняў Расеі па дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, а самі спадзяюцца на мірнае разьвязаньне канфлікту:

Аляксандар Лагвінец
Аляксандар Лагвінец

«Сапраўды, з боку эўрапейскіх сталіц, такіх як Бэрлін і Парыж, ёсьць чаканьні, што справа ва Ўкраіне ўрэгулюецца мірным шляхам. Яны дзеля гэтага прыкладаюць намаганьні. Але, хутчэй за ўсё, эўрапейскія палітыкі ня ўлічваюць сытуацыю на месцах. А тут варта настойваць ня толькі на спыненьні ваенных дзеяньняў, але і на раззбройваньні тых элемэнтаў, якія вядуць вайну. Гаварыць ня проста пра абстрактныя рэчы, а пра канкрэтную пазыцыю Расеі, якая, нягледзячы на ўсю яе рыторыку, зводзіцца да таго, каб падтрымліваць нестабільнасьць, падтрымліваць сэпаратыстаў у Данецкай і Луганскай абласьцях».

Расейскі палітоляг Канстанцін Калачоў выказаў сумнеў у мэтазгоднасьці перамоваў з сэпаратыстамі. Ён засяродзіў увагу на тым, што і ў украінцаў, якія выступаюць супраць усялякіх зносінаў з сэпаратыстамі, і ў эўрапейцаў, якія прапануюць перамовы, ёсьць свая лёгіка, і іхнія пункты гледжаньня не заўсёды супадаюць.

Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Калі гаворка заходзіць пра перамовы з сэпаратыстамі, то, на думку Канстанціна Калачова, паўстае пытаньне: хто тыя людзі, якія будуць прадстаўляць ДНР і ЛНР, наколькі яны гатовыя самі да пошуку кампрамісаў, наколькі яны гатовыя шукаць мірнае выйсьце з сытуацыі і наколькі яны ўпаўнаважаныя прадстаўляць тыя сілы, якія называюць сябе сэпаратыстамі:

«То бок — ці прысутнічае там палітычная суб’ектнасьць? З улікам таго, што частка гэтых людзей, натуральна, не зацікаўленая ў мірным працэсе, то бок яны прыйшлі, каб ваяваць, — можна чакаць, што гэтыя перамовы нічым ня скончацца. Як гэта ні сумна гучыць, але да тае пары, пакуль украінская армія не пачне вырашальных перамогаў, да тае пары, пакуль гэтыя перамогі ня стануць інструмэнтам прымусу да міру, сытуацыя зь месца не скранецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG