Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі сталінскую опэру перарабілі пад Пуціна


Юры Аляксандраў
Юры Аляксандраў

Тэатар «Санктъ-Петербургъ Опера» паставіў ідэалягічны музычны спэктакль пра Крым.

У Пецярбургу прэм’ера: 10 ліпеня музычны камэрны тэатар «Санктъ-Петербургъ Опера» паказаў опэру «Крым», у аснову якой легла напісаная падчас Вялікай Айчыннай вайны опэра «Севастопольцы» забытага кампазытара Мар’яна Коваля — пра абарону Севастопалю.

Той твор быў вялікі і манумэнтальны, але мастацкі кіраўнік «Санктъ-Петербургъ Опера» Юры Аляксандраў бясстрашнай рукой выкінуў адтуль як гімны Сталіну, так і любоўны сюжэт, пакінуўшы выключна любоў да Радзімы. Ён сам зьяўляецца аўтарам ідэі і аўтарам сцэнарыю, вершы ён даручыў напісаць супрацоўніцы тэатру, у працу ўключыў ўвесь калектыў без выключэньня. На пытаньне — а што калі хтосьці з артыстаў не падзяляе галоўную ідэю спэктаклю «Крым быў, ёсьць і будзе нашым» — Юры Аляксандраў адказвае коратка:

У нас гэта не прынята. Тэатар у нас дзяржаўны, я сам дзяржаўны чалавек, адмаўляцца ад працы ніхто ня можа. У мяне такога пытаньня проста не ўзьнікала. Зыходзячы з свайго ўзросту я магу сказаць, што маладыя людзі яшчэ не сутыкаліся ў сваім жыцьці з такой бядой: у сілу іх маладосьці ў іх яшчэ не ўставала пытаньня, з кім яны...

Опера-мітынг — гэта, паводле словаў Юрыя Аляксандрава, зусім новы, інтэрактыўны жанр. У залі нават будуць своеасаблівыя «пратаколы», дзе гледачы змогуць запісваць свае ўражаньні. Аляксандраў кажа, што ён марыў паказаць спэктакль дзе-небудзь на Дварцовай або на Краснай плошчы, але пытаньне гэтае спынілася недзе «наверсе». Юрый Аляксандраў ведае, што кампазытар Коваль прымаў актыўны ўдзел у цкаваньні Шастаковіча, але ставіцца да гэтага спакойна, называючы цкаваньне «спрэчкай прыхільнікаў сацрэалізму і авангардыстаў».

Дырыжор опэры «Крым» Максім Валькоў не адказаў прама на пытаньне, ці добрая гэта музыка.

— Гэтая опэра ставілася і выконвалася, але ні партытуры, ні аркестравага матэрыялу не засталося, толькі клявіры. Што датычыцца якасьці музыкі, то, прабачце, я выканаўца, няхай пра гэта судзяць музычныя крытыкі. А калі чалавек узяў у рукі інструмэнт, дырыжорскую палачку, то ён павінен выконваць і зрабіць гэта добра. Я тут працую другі год, і павінен сказаць, што мне ўвогуле цікава працаваць у гэтым тэатры.

Тэатральны крытык Яўген Хакназараў ставіцца да прэм’еры з энтузіязмам. Вобраз сучаснага прэзыдэнта Расеі, які зьяўляецца ў спэктаклі, крытыка не бянтэжыць.

— Расея — незалежная дзяржава, і дакладна гэтак жа, як Злучаныя Штаты, якія выкарыстоўваюць у сваіх галівудзкіх фільмах вобраз прэзыдэнта, мы таксама маем права на сваю інтэрпрэтацыю падзей. Ідэалёгію ніхто не адмяняў, — кажа Хакназараў.

Ня ўсе крытыкі падзяляюць захапленьні Яўгена Хакназарава. Многіх насьцярожыла і пэдаляваньне словаў «дзяржаўны» і «рускі» — Юры Аляксандраў шмат разоў паўтарыў, што тэатар у яго дзяржаўны, займаюцца яны апошнім часам рускімі пастаноўкамі, і гэта таксама — руская опэра.

— Наогул, — заўважае тэатральны крытык Алена Вольгуст, — гэта той самы выпадак, калі дзяржава ні пра што не прасіла. Мяркуючы па тым, што я бачыла, спадзявацца на вялікі мастацкі вынік заўчасна. Тут усё працята ідэалёгіяй, мабыць, Аляксандраў шмат гадоў маўчаў, спадзеючыся, што падоранае вернецца ў дом гаспадара. Наогул, я за сваё жыцьцё зрабіла розным людзям шмат каштоўных падарункаў, людзі паводзяць сябе па-рознаму, але мне ніколі не прыходзіла ў галаву падарункі адбіраць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG