Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба беларусам ваяваць за Ўкраіну? Меркаваньні лідэраў апазыцыі


Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Як ставіцца да беларусаў, якія бяруць удзел у ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне? Якія наступствы будзе мець гэтая зьява? З гэтымі пытаньнямі Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх палітыкаў.

Губарэвіч: Расейская агрэсія, якая сёньня ёсьць ва Ўкраіне, заўтра можа прыйсьці ў Беларусь

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

— Калі браць заканадаўства, то, наколькі я ведаю, ёсьць адказнасьць за падобныя дзеяньні. Зь іншага боку, патрэбна разумець людзей, якія бачаць, што расейская агрэсія, якая сёньня ёсьць ва Ўкраіне, заўтра можа прыйсьці ў Беларусь — і Беларусь будзе ў меншай ступені абароненая ад падобных паводзінаў з боку Расеі, таму што грамадзтва ў нас сёньня не гатовае, яно замбаванае і рэжымнай прапагандай, і прапагандай з расейскіх тэлеканалаў. Таму выказаць сваю салідарнасьць і падтрымку брацкаму народу і змагацца ў справядлівай барацьбе супраць зьнешняга агрэсара — гэта права кожнага чалавека. Яны самі для сябе могуць прыняць такое рашэньне.

— Ці ня будзе мець гэтая зьява нэгатыўных наступстваў для беларускага грамадзтва, калі ў Беларусь вернуцца людзі з досьведам збройнага супрацьстаяньня?

— Заўсёды існуе такая небясьпека, і Беларусь, на шчасьце, не сутыкалася масава з гэтай зьявай. Аднак, я думаю, дзясяткі, а можа, і сотні беларусаў у папярэднія гады ваявалі ў розных гарачых кропках, пачынаючы з войнаў, якія адбываліся на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, прычым як з аднаго, так і з другога боку. Але, на шчасьце, сёньня гэта не ўплывае на жыцьцё беларускага грамадзтва. Я думаю, ня варта чакаць такіх наступстваў і ад тых людзей, якія будуць удзельнічаць ва ўкраінскіх падзеях.

Янукевіч: Было б лепей, каб беларусы ўсё ж ня ўдзельнічалі ў гэтым збройным канфлікце

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

— Я нэгатыўна ацэньваю той факт, што беларусы, хоць і добраахвотна, удзельнічаюць у ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне. Вядома, там ёсьць зьнешняя інтэрвэнцыя, але я перакананы, што ўкраінскія Ўзброеныя сілы, украінскае грамадзтва насамрэч мае дастаткова магчымасьцяў і ўнутраных рэсурсаў, каб пры падтрымцы ўсяго вольнага сьвету перамагчы. Таму, на маю думку, безумоўна, было б лепей, каб беларусы ўсё ж такі ня ўдзельнічалі ў гэтым збройным канфлікце.

— Ці лічыце вы, што факт удзелу беларускіх грамадзян ва ўкраінскіх падзеях улады потым будуць выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах, каб абвінавачваць апанэнтаў рэжыму ў радыкалізьме?

— Я перакананы, што гэтая інфармацыя будзе выкарыстана неаднаразова па поўнай праграме сёньняшняй беларускай прапагандовай машынай, дзеля таго каб дыскрэдытаваць апазыцыю, дзеля таго каб абгрунтаваць нейкія абмежаваньні свабоды, якія сёньня існуюць ці будуць зьяўляцца ў будучыні, тым, сапраўды, што ёсьць нейкія падрыхтаваныя за мяжой людзі для ўдзелу ў баявых дзеяньнях, для ўдзелу ў масавых беспарадках. Ну, і, як гэта заўсёды бывае з афіцыйнай прапагандай, вось гэтая кропелька праўды будзе разьмешчана сярод вялікага мора хлусьні. Аднак, на жаль, тыя праўдзівыя факты — яны тут крыху будуць падыгрываць дзяржаўнай прапагандзе.

Севярынец: Беларусы, якія змагаюцца за свабоду Ўкраіны са зброяй у руках, — героі нашага часу

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец:

— Калі беларусы дапамагаюць украінскаму народу, законнай уладзе Ўкраіны адстаяць сваю незалежнасьць, то стаўлюся станоўча. Лічу, што гэта, па-першае, дапамога братняму народу, па-другое, гэта абарона нашай свабоды. Пра тых, хто ўдзельнічае на баку расейскіх дывэрсантаў у Данбасе, думка ў мяне адмоўная. Я лічу што гэта ашуканыя людзі, якіх выкарыстоўваюць і ў якіх вельмі трагічна ўжо склаўся і складзецца ў далейшым лёс.

— Не баіцеся абвінавачаньня ў радыкалізьме?

— Безумоўна, апанэнтаў рэжыму абвінавачвалі і будуць абвінавачваць у радыкалізьме. Але гісторыя ідзе сваім шляхам — на абвінавачваньні прапагандыстаў сёньняшняга рэжыму яна звычайна не зважае. Таму тое, што рабілі паўстанцы Каліноўскага або Касьцюшкі ў свой час, — ваявалі за нашу і вашу свабоду.

— Ці ня будзе мець гэтая зьява нэгатыўныя наступствы для беларускага грамадзтва, калі ў Беларусь вернуцца людзі з досьведам збройнага супрацьстаяньня?

— Пытаньне, вядома, няпростае. Любая вайна чалавека калечыць. Але ў гісторыі часта так здаралася, што беларусы, якія змагаліся за свабоду іншых народаў, рабіліся героямі ня толькі тых народаў, за якія яны змагаліся, але і свайго ўласнага. Таму я думаю, што тыя, хто цяпер за свабоду Ўкраіны змагаецца са зброяй у руках, — гэта цалкам сьвядомыя людзі, якіх таксама можна лічыць героямі нашага часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG