Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбігнеў Бжэзінскі пра тры варыянты Пуціна ва Ўкраіне


Былы дарадца прэзыдэнта ЗША ў справах нацыянальнай бясьпекі (ад 1977 па 1981) выступіць у Сэнаце з тэзісамі пра два дрэнных і адзін прымальны варыянт выхаду з украіна-расейскага крызісу. Газэта Washington Post дае кароткі агляд ягонай заўтрашняй прамовы.

Больш за тры месяцы мінула пасьля трыюмфальнай прамовы Ўладзімера Пуціна ў расейскай думе. Ён купаўся ў радасьці ад захопу Крыму і оргіі шавіністычных настрояў. Пуцін відавочна атрымліваў ад гэтага энтузіязму асалоду і, відавочна, мала думаў пра буйныя, доўгатэрміновыя стратэгічныя наступствы таго, што ён разьвязаў.

Праз тры месяцы, калі няпэўнасьць будучых расейска-украінскіх адносін ня зьнікла, а міжнародныя выдаткі для Расеі нарастаюць, перад Пуціным стаіць выбар з трох варыянтаў:

1. Ён мог бы палагодзіць справы з Украінай, спыніўшы напад на яе сувэрэнітэт і эканамічны дабрабыт. Гэта запатрабавала б мудрасьці і пасьлядоўнасьці з боку Расеі, а таксама Ўкраіны і Захаду. Такое палагоджаньне павінна ўключаць спыненьне спробаў Расеі дэстабілізаваць Украіну знутры, скончыць з пагрозай большага ўварваньня, і таксама прадугледзець паразуменьне паміж Усходам і Захадам што да магчымага сяброўства Ўкраіны ў Эўрапейскім Зьвязе ў будучыні. У той жа час, павінна быць ясна, што Ўкраіна не імкнецца, і Захад не прадугледжвае сяброўства Ўкраіны ў НАТА. Расейскі дыскамфорт адносна такой пэрспэктывы мае права на існаваньне.

Акрамя таго, таксама было б заяўлена, што Расея больш не чакае, каб Украіна стала часткай «Эўразійскага саюзу», які зьяўляецца празрыстым прыкрыцьцём аднаўленьня нечага падобнага да Савецкага Саюзу ці царскай імпэрыі. Гэта, дарэчы, не павінна замінаць гандлёваму пагадненьню і фінансаваму супрацоўніцтву, ад якога могуць выйграць абедзьве краіны.

Міжнародная супольнасьць магла б падтрымаць такі вынік і аднаўленьне нармальных адносінаў з самой Расеяй, уключна з адменай санкцыяў.

2. Пуцін можа надалей падтрымліваць амаль непрыкрытую вайсковую інтэрвэнцыю дзеля разбурэньня частак Украіны. Калі б Расея працягвала ісьці гэтым шляхам, Захад мусіў бы ўжыць прадоўжаныя і сапраўды эфэктыўныя санкцыі, каб Расея адчула балючыя наступствы парушэньня сувэрэнітэту Ўкраіны. Гэты, не найлепшы, варыянт прывёў бы да эканамічнага заняпаду ва Ўкраіне з-за расейскіх дзеяньняў і ў самой Расеі.

3. Маючы нашмат большы вайсковы патэнцыял, Пуцін мог бы ўвесьці войскі ва Ўкраіну. Гэта, аднак, выклікала б ня толькі хуткі адказ Захаду, але і супраціў саміх украінцаў. Каб гэты супраціў быў эфэктыўным, краіны НАТА апынуцца пад ціскам аказаць падрымку ўкраінцам у розных формах, і такім чынам прымусіць агрэсара заплаціць нашмат большы кошт.

Наступствы трэцяга варыянту для Крамля — ня толькі варожасьць больш за 40 мільёнаў украінскага насельніцтва, але і эканамічная і палітычная ізаляцыя Расеі і пагроза ўнутраных беспарадкаў.

Відавочна, што карэктны выбар палягае ў формуле палагоджаньня, якая мусіць выключыць ужываньне сілы Расеяй. Праблема Крыму застанецца пакуль без вырашэньня, але будзе служыць пастаянным напамінкам, што шавіністычны фанатызм ня лепшы зыходны пункт для вырашэньня складаных праблем. Вось чаму дзеяньні Пуціна зьяўляюцца пагрозай ня толькі для Захаду, але, у рэшце рэшт, для самой Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG