Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік, выключаны з «чорнага сьпісу»: Ганаруся, што быў у адным сьпісе з Аляксандрам Лукашэнкам


Валеры Берастаў
Валеры Берастаў

На пытаньні Радыё Свабода адказвае начальнік галоўнай статыстычнай управы Магілёўскай вобласьці Валеры Берастаў, якога 9 ліпеня Эўразьвяз выкрасьліў са свайго «чорнага сьпісу».

Берастаў ачольваў рэгіянальную выбарчую камісію падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 годзе. Пасьля чаго і трапіў у «чорны сьпіс».

— Вас выключылі з «чорнага сьпісу». Як вы да гэтага паставіліся?

— Дзякуй, што вы праінфармавалі пра тое, што мяне выключылі з «чорнага сьпісу». Я не расстроіўся, калі мяне ўключылі ў гэты сьпіс. Мне ня трэба было выяжджаць у краіны Эўразьвязу. І ад навіны, што выкрасьлілі, ні мой унутраны стан, ні настрой, ні мае пляны не мяняюцца.

— Як вы думаеце, чаму вас выключылі з «чорнага сьпісу»?

— Ня ведаю. Матывы гэтага рашэньня мяне зусім не цікавяць.

— Нехта з чыноўнікаў сказаў, што факт знаходжаньня ў «чорным сьпісе» — гэта як ордэн. А вы што пра гэта думаеце?

— Вы задаяце правакацыйныя пытаньні! Але я вам адкажу так: я ганаруся тым, што быў у адным сьпісе з прэзыдэнтам краіны.

— А цяпер вы не расстроіліся, што апынуліся ўжо ў розных сьпісах?

— Не. Усё нармальна.

— Можа, пасьля зьняцьця абмежаваньняў узьнікне думка наведаць краіны Эўразьвязу?

— Не! Няма такой неабходнасьці! І няма такіх намераў.

— А якія павінныя быць стасункі Эўразьвязу і Беларусі?

— Партнэрскія. Усе праблемы павінныя абмяркоўвацца за круглым сталом, а не празь нейкія санкцыі. Мы жывем пад адным небам і пад адным Госпадам Богам. Сьвет так зроблены, што цяпер ідзе дзяльба, мяняюцца межы — і я лічу, што гэта не зусім добра.

Калі Эўразьвяз зразумеў, што гэтая палітычная акцыя была безвыніковая і незаконная, то дзякуй Богу. Гэта ўжо крок насустрач з працягнутай рукой, каб былі палітычныя перамовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG