Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка баіцца застацца сам-насам з ворагам


Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады сіл спэцыяльных апэрацый
Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады сіл спэцыяльных апэрацый

Аляксандар Лукашэнка хвалюецца, што расейскія войскі могуць не дапамагчы беларускай арміі, і ёй давядзецца весьці вайну адной. Таму беларускія вайскоўцы мусяць падвысіць сваю мабільнасьць. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 8 ліпеня, наведваючы 103-ю асобную гвардзейскую мабільную брыгаду сіл спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл Беларусі ў Віцебску.

Аляксандар Лукашэнка агледзеў парк баявых машын, — перадае БЕЛТА. — Ён пазнаёміўся з станам тэхнікі, яе аснашчэньнем, пэрспэктывамі яе ўдасканаленьня. Увагу Лукашэнкі прыцягнула мабільная машына, якую зьбіраюць на Менскім заводзе колавых цягачоў. Пры яе зборцы выкарыстоўваюць і расейскія камплектуючыя.

«Такія машыны нам патрэбныя для падвышэньня мабільнасьці арміі. СПА — добра, але, крый божа, нас не падстрахуюць са сьпіны браты і нам давядзецца весьці вайну самім», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Ці не ўпершыню Лукашэнка засумняваўся ў падтрымцы з боку расейскай арміі. Думаю, што гэта наўпрост зьвязана з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне», — кажа Свабодзе вайсковы аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Усе чакалі, што Пуцін тым ці іншым чынам абароніць так званых апалчэнцаў ва Ўкраіне. У апошнія дні ім нанесьлі дастаткова адчувальную паразу. А расейцы маўчаць. Нават на словах ужо не абараняюць, ня кажучы пра ўвод вайскоўцаў.

А Лукашэнка — чалавек надзвычай інтуітыўны. Думаю, ён разважае так. Калі раптам разгарыцца нейкі магчымы канфлікт з суседзямі — можа, з палякамі на аснове этнічных трэньняў, бо Польшча выступае як абаронца сваёй меншасьці ў Беларусі... Вядома, гэта гіпатэтычны варыянт. Але, як паказваюць падзеі апошняга часу, самае немагчымае раптам можа рэалізавацца. І таму Лукашэнка можа меркаваць — Масква палічыць немэтазгодным увязвацца ў такі канфлікт, каб не абвастраць дачыненьні з НАТО і Эўропай. І калі раптам нейкія паўстанцы зьявяцца ў нас у Беларусі, то нам давядзецца разьлічваць толькі на свае сілы».

«Агаворкай па Фройду» называе сёньняшнія словы Лукашэнкі кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў:

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

«Паглядзеў на досьвед Украіны. Я думаю, што ў беларускіх вярхах цяпер існуе даволі рэалістычнае ўяўленьне ня толькі пра тое, што адбывалася ва Ўкраіне, але і пра рэальныя магчымасьці Расеі. Насамрэч яны аказаліся не такімі вялікімі, як гэта спачатку ўяўлялася.

І зразумела, калі ў Беларусі будзе нейкае сутыкненьне, напрыклад, з НАТО, з Захадам, то тут вялікае пытаньне: ці палезе ў яго Расея? Ці будзе чым і кім ёй ваяваць? Бо якраз украінскія падзеі прадэманстравалі, што асабліва нічога ў іх і няма».

Што тычыцца мабільнай машыны вытворчасьці Менскага заводу колавых цягачоў, якая спадабалася Лукашэнку, то Аляксандар Алесін мяркуе, што гаворка ідзе пра поўнапрыводнае колавае шасі:

«Наагул, прэзыдэнт часам гаворыць вельмі туманна. Я думаю, што, магчыма, гаворка ідзе пра сямейства аўтамабіляў „МЗКТ-6001“. Гэта сапраўдныя ўсюдыходы. На постсавецкай прасторы ў іх няма канкурэнтаў цяпер. І, у прынцыпе, зь імі могуць канкураваць толькі заходнія машыны.

У нашых машын ёсьць шэраг камплектуючых — найперш, рухавікі, — якія вырабляюць у Расеі. Я думаю, што Лукашэнка хоча загрузіць уласныя вытворчыя магутнасьці. Падобна, што Расея ва ўмовах украінскай сытуацыі будзе пераглядаць свае вайсковыя выдаткі. Яна будзе „падціскацца“. І найперш за кошт беларускіх прадпрыемстваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG