Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шахоцька: Беларускі сёньня нараджаюць дзяцей, якіх хацелі нарадзіць у 90-я


Колькасьць жыхароў Беларусі павялічылася ўпершыню за 20 гадоў. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным Нацыянальным статыстычным камітэтам да Сусьветнага дня народанасельніцтва, які адзначаецца 11 ліпеня. Паводле дакладу Беларусь па колькасьці насельніцтва займае 92-е месца ў сьвеце, 16-е – сярод эўрапейскіх дзяржаваў, 5-е – сярод краін СНД. На пачатак 2014 году ў Беларусі налічвалася 9 млн 468 тыс. чалавек.

Дадзеныя Нацыянальнага статкамітэту мы папрасілі пракамэнтаваць вядомага беларускага дэмографа, галоўнага навуковага супрацоўніка аддзелу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Інстытуту эканомікі НАН Беларусі Людмілу Шахоцьку. Зь ёй гутарыў Юры Дракахруст.

Людміла Шахоцька
Людміла Шахоцька

Шахоцька: Сёньня дэмаграфічныя працэсы маюць станоўчыя тэндэнцыі. Я не магу сказаць, што сама па сабе дэмаграфічная сытуацыя ў краіне вельмі добрая. Але тэндэнцыі станоўчыя: нараджальнасьць расьце, сьмяротнасьць зьмяншаецца. І міграцыйны прырост таксама павялічваецца.

Але трэба разабрацца, зь якіх прычынаў гэта адбываецца. Паказьнікі нараджальнасьці зараз растуць і яны зьвязаныя са зьменай сямейных установак: нараджаюцца другія і трэція дзеці. Напрыканцы 90-х і напачатку нулявых гэтага не адбывалася.

Дракахруст: А ў чым прычына – палітыка дзяржавы па спрыяньні нараджальнасьці, рост даходаў, нешта іншае?

Шахоцька: Тут спрацавала шмат прычынаў. У першую чаргу – тое, што дабрабыт непараўнальна вышэйшы, чым быў у 90-я гады і нават чым быў на сутыку тысячагодзьдзяў. Узровень жыцьця ў краіне падвысіўся, падвысіліся рэальныя даходы. Многія сем'і напрыканцы 90-х – напачатку нулявых былі вымушаныя адкладаць жаданых дзяцей, яны проста не маглі дазволіць сабе нараджэньне чарговага дзіцяці, бо ўзровень жыцьця быў вельмі нізкі. Многія нараджаюць тых дзяцей, якіх па сацыяльна эканамічных прычынах у 90-я гады не змаглі. Але ня варта асабліва радавацца. Полава-ўзроставая структура ў рэспубліцы такая, што як бы не павялічвалася колькасьць дзяцей у сям'і, у наступныя гады колькасьць народжаных пачне памяншацца. Гэта адбудзецца за кошт таго, што ў актыўны дзетародны ўзрост пачнуць уступаць тыя, хто нарадзіліся ў 90-я гады, калі нараджальнасьць у Беларусі рэзка ўпала. Будзе проста мала мацярок і адпаведна мала дзяцей. І гэта пачнецца праз год-два.

Дракахруст: Вы сказалі, што сьмяротнасьць зьніжаецца. А гэта за кошт чаго?

Шахоцька: Чаканая працягласьць жыцьця вельмі падвысілася, паказьнікі сьмяротнасьці зьнізіліся. Паводле статыстыкі зьнізіліся паказьнікі па ўсіх прычынах сьмерці. Гэта вельмі станоўчая зьява. Гэта вынік паляпшэньня ўмоваў жыцьця і з канкрэтнымі мерамі, якія былі зробленыя ўрадам. Гэта былі сур'ёзныя меры па ахове здароўя. Вы, напэўна, і самі заўважылі: зьмянілася аснашчэньне паліклінік, раней УЗІ было сур'ёзнай праблемай, зараз у кожнай паліклініцы ёсьць. Але ёсьць і яшчэ адзін чыньнік зьніжэньня сьмяротнасьці. Справа ў тым, што ва ўзрост паміраньня перайшлі ўзросты, якія нарадзіліся ў гады вайны. Іх вельмі мала. Ім ўжо больш за 70. Гэты чыньнік яшчэ будзе доўга ўплываць, пакуль ня вымрэ ўсё гэтае пакаленьне. Мы ўсе сьмяротныя, якой бы ні была працягласьць жыцьця.

Дракахруст: Якая дынаміка балянсу паміж нараджальнасьцю і сьмяротнасьцю і міграцыйнага балянсу? Яны сувымерныя?

Шахоцька: Пэўны час гэтыя балянсы былі невялікія і блізкія паводле значэньняў, але розныя па знаку. Нараджальнасьць была крыху менш за сьмяротнасьць, па міграцыі быў невялікі плюс. Летась натуральны прырост складаў прыкладна мінус 2 тысячы чалавек, мэханічны прырост (за кошт міграцыі) складаў прыкладна плюс тыя ж 2 тысячы чалавек.

Зараз міграцыйны прырост стаў ізноў расьці. Ад'яжджае з краіны няшмат, а прыяжджае больш. Цікава адзначыць, што ў нас плюс ня толькі з краінамі СНД, але і зь іншымі краінамі, чаго раней не назіралася.

Зразумела, што ў Нямеччыну і ЗША едуць больш, чым адтуль. Але зь іншых краінаў прыяжджае больш, чым едзе туды. Гэта, апроч іншага, вынік і дзяржаўнай палітыкі. Паколькі ў нас дэпапуляцыя, дзяржава спрыяе таму, каб да нас ехалі людзі, пры гэтым пажадана тыя, якія раней зьехалі з Беларусі. Яны лёгка прыжывуцца ў нашай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG