Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская прадпрымальніца: На нас павесілі адказнасьць за расейскіх прадпрымальнікаў


Цэнтральны рынак у Гомелі
Цэнтральны рынак у Гомелі

2 ліпеня бальшыня гомельскіх прадпрымальнікаў з рынкаў Цэнтральнага, Давыдаўскага ня выйшлі на працу. Каля паловы дробных гандляроў не працавалі на Прудкоўскім рынку.

Прадпрымальніца Вольга не працуе другі дзень:

«У нас пратэст супраць прынятых заканадаўчых актаў аб прадпрымальніцтве. Такія пастаўлены ўмовы, што мы, па сутнасьці, павінны быць адказнымі за расейскага прадпрымальніка. На нас павесілі такую адказнасьць. Калі расейскі прадпрымальнік па-за законам, а мы прывезьлі ад яго на тавар дакумэнты, якія ён даў, то мы й вінаватыя. У нас усё канфіскоўваюць. Вось ён даў нам свае зьвесткі, у нас „прабілі“ па кампутары, што яго ў базе не існуе, — то канфіскоўваюць і тавар, і даход. І яшчэ штраф даюць. Дык чаму я павінна адказваць за расейскага прадпрымальніка? Гэта страшна. Мы ня можам зрабіць Расею правільнай краінай, каб было правільна ў Беларусі».

Суразмоўніца кажа, што такая адказнасьць ускладаецца на прадпрымальнікаў на падставе ўказу № 222:

«Гэта ўказ, паводле якога мы адказныя і за расейскага прадпрымальніка. Я магу заплаціць нават 20 адсоткаў падатку на дабаўленую вартасьць, але я не магу адказваць за расейскага прадпрымальніка. Калі краіна Расея дазволіла таму чалавеку працаваць, то яна й павінна адказваць, а ня я, беларускі прадпрымальнік. Вядома, я хачу працаваць, гандляваць — у мяне тавар летні. Мой сямейны бюджэт ад гэтага залежыць. Асоба мая як бы раздвоілася: я хачу працаваць, але я хачу працаваць і потым, а ня толькі зараз. А вось гэтае „потым“ мяне яшчэ забівае больш, чым цяперашняя праца».

На Цэнтральным гомельскім рынку
На Цэнтральным гомельскім рынку

Да тых нешматлікіх прадпрымальнікаў, хто выйшаў сёньня працаваць, Вольга ставіцца паблажліва:

«Людзі слабыя духам, і яны ня бачаць пэрспэктывы. Нельга называць іх здраднікамі. Мы ўсе тут па даходах і расходах аднолькавыя. Калі хтосьці за кошт мяне хоча нажыцца, то калі ласка. Калі ён сьпіць спакойна, то няхай сьпіць. А я так не магу».

50-гадовая прадпрымальніца Сьвятлана, якая сёньня прадавала летнія жаночыя строі, кажа, што не ад добрага жыцьця выйшла на працу:

«Я на астатках тавару — хачу дапрадаць. З запатрабаванымі дакумэнтамі нікому рэальна не працаваць. Толькі закрывацца, па-іншаму ніяк. Куды ісьці, ня ведаю. Ня вырашана. У такім веку мяне ніхто ўжо нікуды ня возьме. Бяруць да 35 гадоў».

У такім становішчы, як Сьвятлана, апынуліся й многія прадпрымальнікі, якія выйшлі на працу на Прудкоўскім рынку.

Прадпрымальніца Вера:

«У мяне сэзонны тавар — во, глядзіце, купальнікі. Хвіліна, каб мне іх прадаць. Падаткоўцы сказалі, што 1 сакавіка падарыце ўсё родным і сваякам. Далі такую магчымасьць распрадаць тавар да 1 сакавіка. Гэта ўжо кропка. А я адна карміцелька — у мяне два студэнты. Суткамі ня сьпіш і ня дрэмлеш — мы пазбаўляемся працы. Разумееце?»

У сваю чаргу, прадпрымальніца Алеся падатак за ліпень не плаціла — падтрымала пратэст. Лічыць, што паблажка ўладаў наконт продажу рэшты тавараў без таварна-транспартных накладных і сэртыфікатаў — гэта адтэрміноўка закрыцьця свайго бізнэсу на два-тры месяцы:

«Гэта проста на два месяцы папрацаваць — і ўсё. Напэўна, буду згортвацца. Такія дакумэнты, якіх патрабуюць ад нас, — гэта, я лічу, нерэальныя ўмовы».

На Прудкоўскім рынку
На Прудкоўскім рынку

У паркінгу «Сакрэт» бальшыня прадпрымальнікаў сёньня працавалі. Прадпрымальнік Андрэй патлумачыў, чаму:

«Падатак 6 мільёнаў — гэта пыл. А 60 мільёнаў арэнды — выйшаў ты ці не — іх плаціць трэба. Прасьвету ня бачна. Калі нічога ня зьменіцца, будзем закрываць бізнэс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG