Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альбо я, альбо — будзе як ва Ўкраіне


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Усе найперш зьвярнулі ўвагу, што частку выступу на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці Аляксандар Лукашэнка прамовіў па-беларуску. І нават зьявіліся выказваньні, што гэта адбылося ўпершыню з 1996 году. Гэта ня так. І пасьля некалькі разоў Лукашэнка на Дзень Незалежнасьці выступаў па-беларуску.

Калі казаць пра зьмест выступу, то трэба адзначыць, што ён быў карацейшы, чым звычайна. Традыцыйна даклад Лукашэнкі напярэдадні Дня Незалежнасьці носіць канцэптуальны характар. Ён шукае гістарычнае абгрунтаваньне для беларускай дзяржаўнасьці, даводзіць, што крыніцай фармаваньня нацыі была Вялікая Айчынная вайна. Гэтая ідэя прагучала і ў цяперашнім выступе. Але неяк коратка, дзяжурна, куртата. І гэта трохі дзіўна. Бо сёлета ж сьвяткуецца юбілей вызваленьня Беларусі ад фашысцкай акупацыі. Да таго ж візыт Пуціна, вайна ва Ўкраіне, здавалася б, давалі падставу больш падрабязна растлумачыць свайму добраму народу, што ёсьць дабро, а што зло. Можа, крызіс ідэяў?

Зьвярнула на сябе ўвагу тое, што Лукашэнка чарговым разам узгадаў пра пагрозу, якая існуе з боку Расеі ў зьвязку з украінскімі падзеямі. Але, у сваім звычайным стылі, гэты тэзіс ён закамуфляваў цэлым частаколам слоўнай эквілібрыстыкі:

«Мяне ўвесь час палохаюць на вопыце Ўкраіны: то з усходу да нас полчышчы прыйдуць, а на ўсходзе пачынаюць палохаць, што полчышчы прыйдуць з захаду. Разьдзеляць. Задушаць. Разарвуць. Як прэзыдэнт я не адкідаю ніводнага з варыянтаў. Нават самых абсурдных. Я абавязаны гэта мець на ўвазе».

У адносна кароткай прамове, тым ня менш, знайшлося месца сюжэту пра ролю інтэрнэту ў сучасным грамадзтве. Як звычайна, Лукашэнка разглядае яго не як важны чыньнік прагрэсу, вялізарнае дасягненьне чалавецтва, а як небясьпеку:

«На жаль, часьцяком высокія тэхналёгіі выкарыстоўваюцца на шкоду чалавецтву. Усё часьцей мы чуем пра інфармацыйныя войны і кібэрзлачыннасьць. Адзін чалавек з кампутарам часам можа быць больш небясьпечны, чым дзесяць са стрэльбай».

Насамрэч для Лукашэнкі пагроза інтэрнэту ў тым, што яго немагчыма кантраляваць. А ўсё непадкантрольнае, аўтаномнае, незалежнае ад дзяржавы — гэта небясьпека для ягонай улады.

Яшчэ Лукашэнка казаў пра адзінства народа, патрыятызм, працоўную дысцыпліну, неабходнасьць плаціць падаткі. Але галоўная ідэя выступу была прапанаваная напрыканцы. Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра збройныя канфлікты ў Лібіі, Эгіпце, Сырыі, Іраку, Украіне.

«На гэтым фоне ў Беларусі захоўваюцца мір і стабільнасьць, спакой і згода ў грамадзтве, адзінства народа. Гэта ўнікальны факт найноўшай гісторыі. Кажуць, чалавечай натуры ўласьціва не шанаваць тое, што ёсьць. Як гаворыцца ў народнай прыказцы: „Што маем — не захоўваем, страціўшы — плачам“. Мір, спакой і бясьпека адносяцца да такіх каштоўнасцяў, якіх не заўважаюць. Калі яны ёсьць — ніхто іх не заўважае, быццам бы ўсё так і павінна быць», — кажа кіраўнік дзяржавы. І калі яшчэ нехта не зразумеў, дадае: «Але трагедыя блізкай нам Украіны нагадала нам: вайна — гэта тое, што можа апынуцца вельмі блізка. І нечакана блізка. Вайна — гэта тое, што здараецца, калі не шануецца мір, стабільнасьць і згода. Калі грамадзтва расколваецца і ўпадае ў рэвалюцыйную смуту».

Вось ён, галоўны ляйтматыў будучай прэзыдэнцкай кампаніі, галоўнае пасланьне ў выглядзе антытэзы, альтэрнатывы: альбо мой рэжым — альбо хаос, анархія і грамадзянская вайна. Альбо стабільнасьць, моцная ўлада і цьвёрдая рука — альбо перамены, рэформы, зьмена ўлады. Альбо я — альбо як ва Ўкраіне. Выбірайце! І нічога прыдумляць ня трэба, усё атрымалася само сабою. Мяркуючы па выніках апошняга апытаньня НІСЭПД, грамадзтва прымае такі выбар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG