Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест цэнтру дзіцячай тэхнічнай творчасьці — царква



У Магілёве бацькі адстаялі будынак Цэнтру тэхнічнай творчасьці, у гуртках якога займаюцца каля ста дзяцей.

Будынак адзінай у горадзе такога роду ўстановы чыноўнікі зьбіраліся перадаць праваслаўнай эпархіі. Свой намер службоўцы тлумачылі адсутнасьцю сродкаў на рамонт. Гурткі ж зьбіраліся перасяліць у розныя іншыя установы гораду.

Супраць гэтага выступілі бацькі дзяцей, якія там займаюцца. Сваю нязгоду з намерамі ўлады яны выказалі на ўчарашнім сходзе, які быў скліканы чыноўнікамі. Акрамя службоўцаў на сход прыйшлі і прадстаўнікі эпархіі.

Праходзіў сход эмацыйна, перадае атмасфэру гутаркі адзін зь ягоных удзельнікаў. Паводле яго словаў, бацькам паабяцалі, што адкладаюць высяленьне цэнтру на год:

«Яны, відаць, меркавалі, што ўсіх паставяць перад фактам, і ўсе зь ім пагодзяцца. Калі б мы спусьцілі ўсё на тармазах, як гэта ў нас звычайна робіцца, моўчкі паабураліся б і разышліся, то перасялілі б нас няведама куды, — зазначае суразмоўца. — Мяне асабіста абурае, што тут замешаная царква, я ня супраць яе, і сам вернік, але можна было б прапанаваць нам варыянты, а ня так, што сказалі, а мы й пайшлі».

У цэнтры дзяцей вучаць картынгу
У цэнтры дзяцей вучаць картынгу



Пра намер уладаў перасяліць Цэнтар тэхнічнай творчасьці бацькі паведамілі «Свабодзе» напярэдадні сустрэчы з чыноўнікамі. На іх думку, толькі грамадзкі розгалас мог паўплываць на пазыцыю чыноўнікаў. Бацькі даводзілі, што ўсе гурткі цэнтру зьбіраюцца раскідаць па розных установах гораду і такім чынам, заяўлялі яны, фактычна цэнтар спыніць сваё існаваньне:

«Улады спасылаюцца на тое, што ў іх няма грошай на рамонт будынку і на тое, што праваслаўная эпархія папрасіла яго вярнуць на той падставе, што да рэвалюцыі ён належаў ёй. У будынку трэба, як нам кажуць, мяняць дах, бо ён прагніў, мяняць цеплатрасу, а няма за што»,— тлумачыў сытуацыю адзін з бацькоў.

Санэпідэмстанцыя выдала акт пра нездавальняючы стан будынка. У ім адзначаецца, казаў ён, што ў цэнтры няма гарачай вады, каналізацыі ды шурпатыя сьцены, акрамя таго падлога нібыта ня можа вытрымаць мэханічных нагрузак.

Ва ўпраўленьні адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму «Свабодзе» заявілі, што гаворкі пра закрыцьцё цэнтру няма:

«Пытаньне пра перадачу будынка застаецца адкрытым».

У Магілёўскай эпархіі знайсьці таго, хто мог бы пракамэнтаваць сытуацыю з магчымай перадачай будынку цэнтру пад царкву, не ўдалося.

На ўчарашнім сходзе бацькі намагаліся высьветліць, чаму за доўгую гісторыю існаваньня цэнтру не рабіліся захады, каб утрымліваць будынак у належным стане:

«Чаму на іншыя віды спорту выдзяляюцца сродкі, будуюцца, фінансуюцца тыя ж хакей, футбол. Вазьміце любыя хаця спартовыя школы — там жа базы добрыя, ёсьць стадыёны, распранальні, ўрэшце гарачая вада. Мы ж тут існуём, як можам. Дык што ў нас царква заможней за ўпраўленьне адукацыі?»,— абураліся на сходзе бацькі.

Будынак цэнтру
Будынак цэнтру



Чыноўнікі ў сваю чаргу даводзілі, што яны намагаюцца зрабіць больш камфортнымі ўмовы для заняткаў дзяцей і працы пэдагогаў. Казалі, што ў іх няма намераў закрыць цэнтар. Гэтыя довады не паўплывалі на бацькоў і чыноўнікі саступілі.

Нягледзячы на ўхваленае рашэньне ў бацькоў няма пэўнасьці, што яно канчатковае.

Бацькі ня супраць вяртаньня будынку царкве, але супраць таго, каб у выніку такога вяртаньня іхныя дзеці гублялі месцы для заняткаў тэхнічнымі відамі спорту ды тэхнічным мадуляваньнем.

Магілёўская эпархія ў звароце да выкладчыкаў цэнтру і бацькоў выкала падзяку за тое, што яны захавалі будынак сьвятыні і цяпер просяць паспрыяць ейнаму адраджэньню, перабраўшыся ў іншыя памяшканьні. Праваслаўныя сьвятары адзначаюць, што будынак царквы быў адабраны ў эпархіі «ў часы ваяўнічага бязбожжа», а яно «у Беларусі засталося ў мінулым».

«У адрозьненьні ад заходніх краінаў (зь іх бязбожжам, вычварэньнямі, якія яны хочуць гвалтам навязаць нам), — пераконваюць сьвятары выкладчыкаў і бацькоў, — у Беларусі надышоў час росквіту хрысьціянскай веры — адраджаюцца сьвятыні, вяртаецца царкоўная маёмасьць».

Апрача таго праваслаўнае сьвятарства лічыць, што для Магілёва замала дзевяці праваслаўных храмаў. Да 1917 году іх у горадзе было 28.

Будынак цэнтру тэхнічнай дзіцячай творчасьці знаходзіцца на вуліцы Дарвіна. Узьвялі яго на пачатку 20 стагодзьдзя як праваслаўную царкву сьвятых Алены і Канстанціна. Абрысы царквы пазнаюцца ў ім дагэтуль. Камяніца знаходзіцца побач з адміністрацыяй Ленінскага раёна Магілёва. Адміністрацыйны цэнтру гораду за паўкілямэтра. Столькі ж і да галоўнага праваслаўнага храму горада — Царквы Трох сьвяціцеляў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG