Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заклікае Расею падтрымаць плян Парашэнкі


Прарасейскія сэпаратысты ў Данецку 22 чэрвеня
Прарасейскія сэпаратысты ў Данецку 22 чэрвеня

Міністры замежных спраў Эўразьвязу на сустрэчы ў Люксэмбургу заклікалі расейскія ўлады падтрымаць мірныя намаганьні па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Украіны.

Міністры заклікалі Маскву «спыніць нелегальны паток баевікоў, зброі і тэхнікі» з Расеі ва Ўкраіну. У заяве гаворыцца, што Масква павінна выкарыстоўваць увесь свой уплыў для таго, каб прарасейскія сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны адмовіліся ад гвалту і склалі зброю. Шэраг міністраў Эўразьвязу заявілі аб магчымасьці новых санкцый супраць Расеі, калі яна не акажа падтрымку мірнаму пляну, прапанаванаму прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Рада Эўразьвязу таксама ўхваліла рашэньне забараніць імпарт у Эўразьвяз тавараў з Крыму, якія ня маюць украінскага сэртыфікату і заклікала зрабіць тое самае ўсе краіны ААН.

Баевікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі адмовіліся выконваць рэжым мірнага урэгуляваньня. Інфэрфакс-Украіна паведамляе пра перастрэлкі і сутычкі ў Горлаўцы, Краматорску, Арцёмаўску і адзначае некаторае зацішша ў Славянску. Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны заявіў, што баевікі рыхтуюцца штурмаваць Луганскі аэрапорт.

Прэзыдэнт Украіны аддаў загад аб прыпыненьні агню ад 22:00 гадзін 20 чэрвеня да 22:00 27 чэрвеня. Паводле яго словаў, гэта фаза мірнага пляну мае дакладна абмежаваны тэрмін для таго, каб усе, хто падтрымлівае плян прэзыдэнта, мелі магчымасьць скласьці зброю. У сваёй размове зь нямецкай канцлеркай Мэркель Парашэнка паведаміў ёй, што сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны больш як 20 разоў парушылі рэжым прыпыненьня агню.

Сёньня ж у Данецкай абласной дзяржадміністрацыі адбыліся шматбаковыя перамовы паміж прадстаўнікамі Ўкраіны, самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» і Расейскай Фэдэрацыі. Другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які ўдзельнічаў у данецкай сустрэчы, паведаміў, што бакі змаглі дамовіцца аб спыненьні агню да раніцы 27 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG