Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Філарэт папрасіў патрыярха Кірыла гаварыць праўду


Патрыярх Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт
Патрыярх Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт

Патрыярх Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт напісаў адкрыты ліст патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, у якім заявіў, што расейская царква дазваляе сабе апраўдваць умяшаньне кіраўніцтва Расеі ва ўнутраныя справы Ўкраіны.

Філарэт кажа, што Кірыл адмаўляе «існаваньне ўкраінскага народу як самастойнага народу, які мае права на рэальныя дзяржаўнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць. На словах паважаючы ўкраінскую дзяржаўнасьць, у рэчаіснасьці Вы і далей прапагандуеце ідэю „рускага сьвету“, у якім Украіна — толькі складовая частка, падпарадкаваная Маскве. Незалежныя дзяржавы, Расейскую Фэдэрацыю і Ўкраіну, Вы падмяняеце тэрмінам „гістарычная Русь“, які дазваляе апраўдваць умяшаньне кіраўніцтва Расеі ва ўнутраныя справы Украіны», — піша Філарэт.

«Ідэі „рускага сьвету“, узятыя цяпер на ўзбраеньне Крамлём для апраўданьня агрэсіі супраць Украіны, анэксіі Крыму, падтрымкі тэрарыстаў і ўзброеных сэпаратыстаў у Данбасе, — гэта ідэі, варожыя дзяржаўнасьці і незалежнасьці ўкраінскага народа. Таму выкарыстаньне рыторыкі „рускага сьвету“ ў Вашым учорашнім звароце відавочна не спрыяе ні спыненьню ваенных дзеяньняў, ні міру, ні пераадоленьню ўсе нарастаючай варожасьці ў адносінах Расеі з Украінай», — лічыць Філарэт.

«Тое, што адбываецца цяпер у Данбасе, на маёй радзіме, Вы вызначаеце як „міжусобіцу“. На самой жа справе гэта не міжусобіцы, а поўнамаштабная агрэсія Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны. Да таго часу, пакуль ва Ўкраіну не прыйшлі расейскія вайскоўцы і ўзброеныя Расеяй наёмнікі — ні ў Крыме, ні ў Данбасе не было збройнага супрацьстаяньня. Як не было яго і на Майдане ў Кіеве — да таго часу, пакуль, як цяпер дакладна вядома, прэзыдэнт Вашай краіны не схіліў Віктара Януковіча да сілавых дзеяньняў супраць украінскага народа праз прыняцьце дыктатарскіх „законаў“, а пазьней і прымяненьне зброі», — піша патрыярх Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату.

«Таму Ваш доўг герарха Праваслаўнай Царквы і Прадстаяцеля Маскоўскага Патрыярхату — гаварыць праўду».

«Усё гэта я пішу не для таго, каб абразіць ці зьняважыць Вас, але па абавязку старэйшага па пасьвячэньні герарха, які ўскладаў на Вас руку падчас япіскапскай хіратоніі, па абавязку субрата ў Хрысьце. Я шчыра жадаю, каб Украіна і Расея жылі ў міры і ўзаемна карысным супрацоўніцтве, а Расейская і Ўкраінская Праваслаўныя Цэрквы знаходзіліся ў зносінах, як роўныя Памесныя Цэрквы. Але дасягнуць гэтага можна толькі тады, калі Расея перастане глядзець на Ўкраіну як на сваю частку і тэрыторыю, на ўкраінскі народ — як на частку расейскага народа, на Ўкраінскую Царкву — як на частку Маскоўскага Патрыярхату. Як бы Вам і іншым у Расеі ні хацелася, Украіна — не Расея, украінская дзяржава — незалежная, сувэрэнная дзяржава, украінскі народ — самастойная палітычная нацыя», — даводзіць Філарэт.

Наталка Базылевіч, экспэрт у пытаньнях рэлігіі, камэнтуючы ліст патрыярха Філарэта да патрыярха Кірыла, адзначае:

«
Наталка Базылевіч
Наталка Базылевіч
Ліст, хутчэй, зьвернуты не да патрыярха, а да людзей ва Ўкраіне, асабліва да вернікаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Для таго каб прадэманстраваць ім іншы погляд на падзеі ва Ўкраіне, для таго каб паказаць з нэгатыўнага боку і скрытыкаваць пазыцыю, якую займае патрыярх Кірыл. Гэта робіцца для таго, каб яшчэ раз засьведчыць розьніцу паміж гэтымі цэрквамі, якая існуе ў дачыненьні да ўкраінскага народа, да існаваньня ўкраінскай дзяржаўнасьці і цяперашняга ваеннага канфлікту».

Базылевіч кажа, што самым крыўдным для патрыярха Кірыла можа стаць нават ня крытыка за пазыцыю што да агрэсіі Расеі ва Ўкраіне, а тое, што патрыярх Філарэт «нагадаў патрыярху Кірылу, што ён старэйшы за яго па хіратоніі, што ён ускладаў свае рукі на Кірыла, калі была ягоная хіратонія ў япіскапства. Філарэт заняў пазыцыю старэйшага брата».

На пытаньне, якой можа быць публічная рэакцыя Кірыла на ліст Філарэта, Наталка Базылевіч адказвае:

«Патрыярх Кірыл не зьвяртае ўвагі: піша „ніхто“, і на гэта рэагаваць ня мае сэнсу, для таго каб вынесьці гэтага чалавека з поля зроку як суб’екта, якога трэба ўспрымаць і слухаць».

У сваю чаргу, прадстаўнік прэсавай службы кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы заявіў:

«Магчыма, камэнтар будзе. Пакуль яго няма. Пытаньне залішняе, бо магу выказаць толькі сваю ўласную думку, якая, мяркую, нікога не хвалюе».

А вось што сказаў Радыё Свабода прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін:

«Наша пазыцыя ў тым, каб маліцца за тое, каб быў мір, каб усё ўстасавалася, каб усё супакоілася, каб ніхто больш не загінуў, каб усе ацаліліся ад раны, каб жыцьцё вярнулася ў мірнае спакойнае рэчышча».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG