Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскія ляўрэаты: Расея зьнішчае сэнс словаў


Адзін з падпісантаў заявы, нобэлеўскі ляўрэат Марыё Варгас Льёса.
Адзін з падпісантаў заявы, нобэлеўскі ляўрэат Марыё Варгас Льёса.

Група пісьменьнікаў з розных краін, уключна з двума нобэлеўскімі ляўрэатамі, асудзіла прапаганду расейскіх ўладаў, якія «выкарыстоўваюць словы, каб зьнішчыць сэнс».

Заява ў справе «хваляў прапаганды», узьнятых у Расеі ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны, была прынятая на сустрэчы міжнароднага ПЭН-клюбу, арганізаванай у Стакгольме.

Пісьменьнікі – у іх ліку Марыё Варгас Льёса і Тумас Транстрэмэр, якія атрымалі нобэлеўскія прэміі па літаратуры ў 2010 і 2011 гадах адпаведна – падпісаліся пад дакумэнтам, які асуджае «цунамі» расейскага заканадаўства, накіраванага супраць свабоды слова, а ў прыватнасьці: «падыход да міжнародных недзяржаўных арганізацый як да замежных агентаў; законы супраць гомасэксуалістаў; закон, які дазваляе блякаваць інтэрнэтныя сайты без судовага рашэньня; законы супраць свабоды абмеркаваньня расейскай гісторыі; закон аб зьнявазе рэлігійных пачуцьцяў».

Заява цытуе становішча расейскага ПЭН-цэнтру, які ў сувязі з антыўкраінскай прапагандай у Расеі адзначае, што «словы зьяўляюцца адзіным сродкам, пры дапамозе якога мы будуем сэнс і выказваем рэчаіснасьць», а «расейскія ўлады цяпер выкарыстоўваюць словы, каб зьнішчыць сэнс». «Само сабой разумеецца, што гэта злачынства супраць культуры» – дадае расейскі ПЭН-цэнтар.

Заява таксама цытуе выступленьне расейскай пісьменьніцы Людмілы Ўліцкай, якая сказала ў Стакгольме, што ў Расеі «хлусьня атручвае розум тых, хто ня мае іншых крыніцаў інфармацыі», чым афіцыйныя.

Тэкст заявы быў папярэдне падрыхтаваны расейскімі і ўкраінскімі пісьменьнікамі, прадстаўленымі ў ПЭН-цэнтрах сваіх краінаў, а прыняты ў Стакгольме на пасяджэньні, у якім акрамя расейскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў бралі ўдзел сябры ПЭН-цэнтраў Швэцыі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Эстоніі, Славеніі і Нямеччыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG