Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа перакінуць ў Беларусь ядзерныя бамбавікі Ту-160. Вайсковы экспэрт: Гэта немэтазгодна


Ту-160
Ту-160

Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў распавёў, што такое Ту-160 і для чаго гэтыя самалёты служаць.

Шэраг расейскіх і ўкраінскіх інтэрнэт-выданьняў паведамілі, што ў парадзе ў Менску на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня возьмуць удзел расейскія стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі Ту-160.

Па зьвестках гэтых выданьняў, ужо ў бліжэйшы час яны вылецяць з аэрадрому пад горадам Энгельс у Беларусь. Таксама выказваюцца меркаваньні, што пасьля параду самалёты могуць застацца на адным зь беларускіх вайсковых аэрадромаў у адказ на нарошчваньне авіяцыйнай групоўкі НАТО ў Польшчы і краінах Балтыі.

Гэтую інфармацыю мы папрасілі пракамэнтаваць кіраўніка аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэя Паротнікава.

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў
Паротнікаў: «Інфармацыя пра тое, што Ту-160 прыляцяць на парад, раней ніколі не агучвалася. Паведамлялася, што ўдзел у парадзе будуць браць часткі дэсантных войскаў і наземная тэхніка.

Трэба разумець, што гэта за самалёты.

Па-першае, іх усяго было зроблена менш за два дзясяткі. Пры тым стане лётнага парку, які ёсьць у Расеі, добра, калі самалётаў 15 здольныя лятаць. Таму яны ўсе і сканцэнтраваныя на адным аэрадроме.
Гэта стратэгічная авіяцыя, мэта якой — нанясеньне ядзерных удараў крылатымі ракетамі.


Па-другое, гэта даволі вялікія самалёты. Для іх падыходзіць далёка ня кожны аэрадром. Раней бабруйскі аэрадром быў у стане прымаць такія самалёты. Але цяпер, наколькі я ведаю, узьлётна-пасадачная паласа там была дэмантаваная, аэрадромныя пліты зьнятыя і складаваныя асобна. Так што ёсьць вялікая праблема, дзе іх дысьлякаваць у Беларусі, калі такі намер нават ёсьць.

Па-трэцяе, гэта стратэгічная авіяцыя, мэта якой — нанясеньне ядзерных удараў крылатымі ракетамі. У Эўропе такія вялікія самалёты для вядзеньня баявых дзеяньняў проста непатрэбныя. Выконваць функцыі супрацьпаветранай абароны яны таксама ня могуць, узьлёт такога самалёта будзе адразу запэленгаваны. Так што пры спробе ўвайсьці ў паветраную прастору НАТО шанцы выжыць у яго будуць мінімальныя.

Таму я сумняваюся, што гэтая інфармацыя верагодная. Калі ж казаць пра перадысьлякацыю на тэрыторыю Беларусі нейкіх бамбавікоў, то гэта хутчэй за ўсё маглі б быць Ту-22 і Ту-95.

Яны меншыя па памерах, для іх і аэрадромная інфраструктура ў Беларусі ёсьць.
А Ту-160 і ў савецкія часы дысьлякаваліся толькі ў Расеі і ва Ўкраіне, прычым на аэрадромах, аддаленых ад дзяржаўнай мяжы. Беларусь для іх занадта малая.

Ту-160 (паводле кадыфікацыі НАТО — Blackjack) — звышгукавы стратэгічны бамбавік-ракетаносец, распрацаваны ў ОКБ Тупалева ў 1970-х-1980-х гадах. Стаіць на ўзбраеньні з 1987 года. У складзе ВПС Расеі на пачатак 2013 году знаходзіцца 16 самалётаў Ту-160.

Ту-160 — самы цяжкі баявы самалёт у сьвеце, які мае найбольшую сярод бамбавікоў максымальную ўзьлётную масу. Даўжыня машыны — 54 мэтры, нармальная ўзьлётная вага — 267 тонаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG