Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадайце «Віктар Фёдаравічу» ад голага караля


Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Пазванілі з аднаго маскоўскага FM-каналу, каб пракамэнтаваў размову нібыта Лукашэнкі зь нібыта Януковічам-малодшым. Найперш, ці веру, што гэта быў сапраўдны Лукашэнка?

Маладосьць маскоўскага журналіста была гарантыяй ягонай шчырасьці – што дапускае і падробку. Але нас, беларускіх журналістаў, хто ведаў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку яшчэ як дэпутата Вярхоўнага Савету Аляксандра Лукашэнку, не падманеш – знаёмая гама нюансаў голасу, знаёмыя спробы жартаў, знаёмая пахвальба тым, што да яго нібыта прыслухоўваюцца на самым версе. Ну і адказы, якія як тады, гэтак і цяпер – з разраду «і вашым, і нашым».

Памятаю, як прынёс першае ў сваёй кар'еры парлямэнцкага карэспандэнта інтэрвію з будучым прэзыдэнтам у рэдакцыю, зьняў тэкст і гадаў, ад якой часткі пазбавіцца? Бо адна адной супярэчыла. Ну літаральна як цяпер у размове зь нібыта сынам Януковіча: Віктара Фёдаравіча нельга чапаць, і адначасова – украінцам трэба яго мець ва Ўкраіне. Пэўна, каб яго там судзілі? А што ж ты тады злачынцу прапаноўваеш прытулак на «сваёй зямлі»?
Эшалянаваная абарона зь некалькіх спэцслужбаў і вялікага бюракратычнага апарату аказалася нікчэмнай перад простай чалавечай пыхай, жаданьнем зноў нагадаць пра сябе сьвету, зноў выставіць сябе адзіным абаронцам гаротных, убогіх і гнаных


Карацей, асабіста для мяне няма пытаньня, ці вёў размову з ілжэ-Віктарам Віктаравічам сапраўдны Аляксандар Рыгоравіч. Пытаньне можа быць толькі тое, чаму ён гэтак лёгка паддаўся на правакацыю? Тут трэба зноў вярнуцца на 20 гадоў таму, нават на 21–22, калі дэпутат Аляксандар Лукашэнка яшчэ выношваў ідэю прабіцца з парлямэнту на вышыні сапраўднай улады. Тады, бадай што, не было больш адкрытага для прэсы дэпутата, у любы момант гатовага даць ці то разгорнутае інтэрвію, ці хаця б кароткі камэнтар да бягучай падзеі. Да любой. І гэта, магчыма, добра. Але насьцярожвала, прыкладам, мяне, што палітык-пачатковец ужо занадта яўна імкнуўся скарыстаць прэсу як сродак дзеля сваіх мэтаў і казаў літаральна тое, што ад яго чакалася.

Вось гэта літаральна на 100% паўтарылася і цяпер, калі невядомы чалавек, які назваўся Віктарам, сынам Віктара, пазваніў і папрасіў аб размове. Аляксандар Лукашэнка, які прыгрэў на «сваёй зямлі», як ён кажа, кіргіскага ўцекача Бакіева і быў бы, відаць, ня супраць схаваць Мілошавіча і Кадафі, быццам даўно чакаў гэтага званка і таму зусім яму не зьдзівіўся. У выніку эшалянаваная абарона зь некалькіх спэцслужбаў і вялікага бюракратычнага апарату аказалася нікчэмнай перад простай чалавечай пыхай, жаданьнем зноў нагадаць пра сябе сьвету, зноў выставіць сябе адзіным абаронцам гаротных, убогіх і гнаных.
Што гэта за ад'ютанты яго вялікасьці зьявіліся раптам у Беларусі? У цывілізаванай краіне, якая ні з кім не ваюе, у кіраўніка дзяржавы ня можа быць ніякіх ад'ютантаў.


А найперш – заняць выгаднае месца пасярэдніка паміж бакамі крывавага канфлікту, які настойліва разьдзьмуваецца тваім жа сябрам. Але ў выніку кароль аказаўся голы – з Лукашэнкі цяпер могуць пасьмяяцца ня толькі тыя, хто яго даўно ведае з усімі ягонымі вартасьцямі і недахопамі, але і тыя, хто выхаваўся ў атмасфэры рабалепства і ня можа ўявіць сабе, што і ён можа «пракалоцца». Гэта вельмі важны момант – са сьмеху над дыктатарам пачынаецца ягоная палітычная сьмерць. Праўда, гэты працэс, як жыцьцё, можа і зацягнуцца.

Яшчэ на адзін момант зьвярну ўвагу. Пра ад'ютанта, які злучыў Віктара Віктаравіча з Аляксандрам Рыгоравічам. Што гэта за ад'ютанты яго вялікасьці зьявіліся раптам у Беларусі? У цывілізаванай краіне, якая ні з кім не ваюе, у кіраўніка дзяржавы ня можа быць ніякіх ад'ютантаў. У яго павінен быць сакратарыят, які і забясьпечвае бюракратычны складнік працы першай асобы. А ад'ютанты былі ў цароў. Нарэшце, ад'ютанты былі ў Сталіна як галоўнакамандуючага. Нават гэтая драбніца выдае пэўныя комплексы чалавека, які гаварыў праз тэлефон зь нібыта сынам Віктара Фёдаравіча… А, яшчэ перадайце яму прывітаньне і хай не глядзіць тэлебачаньня і не чытае газэтаў. Ужо я ведаю, якую праўду там пішуць пра нас, каралёў…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG