Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хакейная каманда Акрэсьціна» — 1,5 году па сыстэме арышт плюс суд


«Хакейная каманда Акрэсьціна» — 1,5 году арышту на ўсіх
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:50 0:00

У офісе «Гавары праўду» грамадзянская кампанія «Эўрапейская Беларусь» ушанавала актывістаў, якія адбывалі арышты ў турме на Акрэсьціна падчас хакейнага чэмпіянату нібыта за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.

Агулам 1,5 году адміністрацыйнага арышту адседзелі на Акрэсьціна і ў іншых турмах Беларусі 39 актывістаў, якіх прэвэнтыўна кінулі за краты напярэдадні і падчас хакейнага чэмпіянату.

Па прынцыпе «як бы чаго не зрабілі». Сярод гэтых 39, дарэчы, ня ўсе працягваюць займацца палітыкай, шмат хто трапіў «пад раздачу» толькі таму, што трэба было напоўніць аўтазак.

Як Аляксандар Курбацкі, якога пасадзілі яшчэ 26 красавіка. Атрымаўшы «Ганаровы дыплём» сябра «хакейнай каманды Акрэсьіна» з вынікам 20 сутак па сыстэме арышт плюс суд, Аляксандар гучна нагадаў прысутным:"Жыве Беларусь!«. І заля адказала «Жыве!»

Актывістка «Эўрапейска Беларусі» Юля Сьцяпанава, уручаючы «дыплёмы», асобна адзначыла: арышт — справа сур’ёзная і сумная, а яго ўшанаваньне, канечне, жарт. І прапанавала «акрэсьцінацам» падзяліць паміж сабой торт, які быў выпечаны адмыслова ў выглядзе турмы зь зялёнымі акенцамі. Жарт атрымаўся, кавалкі разьбіралі так, каб адпавядалі атрыманым камэрам.

Калі актывістам урычылі пакункі з сувэнірамі, у тым ліку з апошнімі кніжкамі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» «Лісты на свабоду» і «Лісты пра свабоду», рэдка хто абыходзіўся без кароткай прамовы ў адказ, часам таксама жартаўлівай.

Таксіст Леанід Кулакоў: «На 5-ты дзень наступіла дэпрэсуха. Але згадаў, што маладыя хлопцы сядзяць гадамі, і зьявіліся сілы пратрымацца годна».

Былы чыгуначнік Леанід Смоўж: «Гэтыя 20 сутак прайшлі лягчэй, чым мае першыя 5 летась: бо кампанія была вельмі цікавая і прыстойная».

Сяргей Казакоў: «20 сутак арышту — гэта яшчэ і 20 сутак адпачынку, бо ня трэба хадзіць у краму ды рабіць іншую працу па доме. Хіба нас адпачынкам спужаюць? Ніколі».

Актывісты адзначалі, што камэры Акрэсьціна падчас чэмпіянату па хакеі былі перапоўненыя як ніколі і звычайнымі вязьнямі: бамжамі, хлопцамі, якіх затрымалі за расьпіцьцё алькаголю на вуліцы, дзяўчатамі лёгкіх паводзінаў, якіх у гэтыя дні таксама нахапалі па камандзе зьверху.

«Ім нават не выдавалі, як палітычным, па маленькім кавалку мыла і шматку туалетнай паперы, і перадачы ім ніхто не прыносіў. За правы гэтых людзей таксама трэба змагацца», — мяркуе Юля Сьцяпанава з «Эўрапейскай Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG