Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл царквы адвэнтыстаў


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

На будынку ў цэнтры Прагі вялікімі залатымі літарамі напісана – Kostel Církve Adventistů. Гэта па-чэску касьцёл царквы адвэнтыстаў.

На беларускі розум гучыць нязвыкла – касьцёл царквы (ды яшчэ адвэнтыстаў). Мы неяк прызвычаіліся, што царква – праваслаўная, а касьцёл – каталіцкі. Акадэмічны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» адназначна кажа: «Касьцёл – польская назва каталіцкага храма». І кропка. А тады пры чым тут Чэхія і адвэнтысты? Поўная блытаніна ў галаве.

У галаве – ня ў чэскай, а ў беларускай. Проста ўсе рэлігійныя аб’яднаньні называюцца цэрквамі, а храмы (будынкі) касьцёламі. Як бы недарэчна для нас ні гучала «касьцёл праваслаўнай царквы».

А што там, між іншым, у «Тлумачальным слоўніку» пра царкву?

«Царква. 1. Аб’яднаньне пасьлядоўнікаў той або іншай рэлігіі, арганізацыя, якая ведае рэлігійным жыцьцём; рэлігійная абшчына. Праваслаўная ц. 2. Памяшканьне, у якім адбываецца набажэнства; храм».

Дапускаю, што фармулёўкі проста перапісаныя з расейскіх слоўнікаў. І тут самым падступным чынам у беларускую галаву пранікае палітыка. Царква (праваслаўная ў нашым разуменьні) – усеабдымная, яна і аб’яднаньне і храм. Касьцёл – усяго толькі нейкі «польскі» будынак.

У чым праяўляецца падступнасьць? У тым, што каталіцкая царква ў Расеі сапраўды чужая і адна з многіх у супрацьпастаўленьні са сваёй роднай і ўсеахопнай царквой – праваслаўнай. Так спакон веку. У беларускай жа гісторыі бывалі пэрыяды, калі ці ня ўвесь народ належаў да каталіцкай царквы. Мноства шэдэўраў касьцельнай архітэктуры рассыпана па ўсёй Беларусі. Усяго дзейнічае каля паўтысячы каталіцкіх храмаў, а колькасьць беларусаў-католікаў блізкая да 1,5 мільёна. І, што мабыць самае істотнае, – асноўная мова каталіцкіх службаў – беларуская, тады як у праваслаўных храмах — расейская. Кіруе каталіцкай царквой у Беларусі беларус, а праваслаўнай – расеец. Ватыкан беларусаў да сябе не асімілюе, а Масква гэтым займаецца на працягу ўсёй сваёй імпэрскай гісторыі.

У цывілізацыйным сэнсе (асабістая вера тут не закранаецца) расейскае праваслаўе і каталіцызм увасабляюць для беларусаў Усход і Захад.

З гледзішча тэхналёгіі калі каталіцызм яшчэ можна зьвязваць зь нейкай інтрыгай, дык праваслаўе — гэта выключнае замбаваньне, як спрадвеку, так і сёньня. Нешта не магу прыгадаць сыстэматычных наскокаў каталіцкай царквы на РПЦ. Затое прапагандысцкіх наездаў на каталікоў колькі заўгодна. Яны і «внеисповедные», і сэктанты, «иноверцы» (хоць тыя самыя хрысьціяне). Затое праваслаўе – і сьвятое, і народнае. Пры гэтым каталіцызм называецца «воинствующим».

Будучы як у гісторыі, так і сёньня неад’емным інструмэнтам палітыкі, РПЦ першым аргумэнтам супраць каталіцызму выстаўляе ягоную палітычную ангажаванасьць. Вось, напрыклад, як з гледзішча рэлігіі тлумачылася задушэньне паўстаньня Каліноўскага:

«Если бы представители р.-католической церкви в Польше и в западно-русских губерниях действительно следовали Евангельскому предписанию – воздавать кесарево кесареви и Божия Богови, государство не имело бы никаких оснований предпринимать относительно их какие бы то ни было ограничительные меры. Но образ действий польского духовенства во время восстания 1863 года достаточно ясно доказал, что оно не может и не хочет отличать политику от религии и что эти две области для него неразрывно связаны». «Московские ведомости», 1896 г., №99.

У гэтым, здавалася б, малаістотным супрацьстаяньні двух словаў у беларускай галаве выразна відаць яшчэ адзін мэханізм русіфікацыі, прывязваньня беларускага чалавека да ўнутранай расейскай сытуацыі і прапаганды, накіданьня «ўсеабдымнага» расейскага праваслаўя. Ясна, што да ўласна царквы гэта ўсё ніякага дачыненьня ня мае. Тут чыстая палітыка, якую беларус заўсёды імкнуўся абходзіць бокам, бо нічога добрага яна беларусу ня несла.

З 1980-х гадоў запаў мне ў памяць верш пастаўскага паэта Алеся Касьценя – пра гэта:

На высокіх грудках
Паабапал зьмялелай рачулкі
Адстаялі стагодзьдзі насупраць:
Касьцёл і царква.
А як сьціхнуць вятры
Глухаватай да псалмаў плянэты,
У люстэрак рачны
Заглядзяцца старыя крыжы.
І ў хрышчонай вадзе
Нехрышчоныя бавяцца дзеці.
І сплывае вада –
Ахалоджаны памяцьцю час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG