Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўчанка перадала прывітаньне «Рыгоравічу» з акопаў пад Славянскам


Натальля Красоўская
Натальля Красоўская

Маладая жанчына Натальля Красоўская з Барысава распавяла расейскім журналістам, як яна пачала ваяваць на баку сэпаратыстаў у Славянску Данецкай вобласьці.

У адрозьненьне ад многіх іншых баевікоў так званай «ДНР» яна не хавала свой твар перад тэлекамэрай.

Барысаўчанка Натальля Красоўская распавяла, што ваюе ў ваколіцах Славянска, у вёсцы Сямёнаўцы на баку ўзброеных сэпаратыстаў.

Дзяўчына носіць камуфляжную форму з нашыўкай у выглядзе афіцыйнага дзяржаўнага сьцяга Беларусі і георгіеўскай стужкай. На рукаве яе формы напісана «РБ».

Наталя распавяла карэспандэнтам расейскай «Комсомольской правды», што на баку апалчэнцаў ёсьць яшчэ хлопцы і дзяўчаты зь Беларусі, паказала свой беларускі пашпарт, а таксама перадала прывітаньне сваім родным і прэзыдэнту Беларусі, якога дзяўчына называе «Рыгоравіч».

«Я прыехала, таму што часам бязьдзеяньне больш моташнае, чым дзеяньне. Мне надакучыла падтрымліваць апалчэньне праз інтэрнэт — «Укантакце» і «Фэйсбуку». Я прыехала сюды 5 траўня. А 7 траўня я была ўжо ў Славянску. Я нарадзілася ў Беларусі. Вырасла ў Беларусі. І да прыезду ў Славянск я жыла ў Беларусі, у Менскай вобласьці, горадзе Барысаў, на вуліцы Трусава. Я не баюся паказваць свой твар і пашпарт, таму што ў бок беларускай мяжы я паеду толькі тады, калі ўсе памежныя заставы будуць занятыя апалчэнцамі. У Сямёнаўцы я ўжо каля тыдня. Раней я была ў іншым атрадзе, але сюды зьбіралі добраахвотнікаў і я прыехала.

Хачу перадаць прывітаньне майму бацьку. Калі я вярнуся, мы вып’ем зь ім гарэлкі, як два мужыкі. Я хачу перадаць прывітаньне маёй маме і папрасіць яе мяне зразумець. Я хачу перадаць прывітаньне барысаўчанам і сказаць: «Вось я». Я хачу перадаць прывітаньне «бацьку» Рыгоравічу і сказаць: «Бацька, твае грамадзяне на гэтым баку. На ўсякі выпадак, каб ты ведаў, Рыгоравіч. Дзяўчыны, хлопцы — нас ніхто не адпраўляў, мы прыехалі сюды самі. Зь Беларусі тут не я адна. Я проста хачу, каб ты, Рыгоравіч, гэта ведаў», — сказала Натальля на камэру журналістам «Комсомольской правды».

Украінская пракуратура прызнала «Данецкую народную рэспубліку», за якую ваюе Натальля тэрарыстычнай арганізацыяй.


Інтэрвію з Натальляй пачынаецца пасьля 11 хвіліны відэа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG