Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў: крэдыт будзе, можа, у ліпені, можа, у жніўні


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Двухмільярдны (у далярах) расейскі крэдыт для Беларусі праходзіць па катэгорыі міждзяржаўных.

Таму Масква ня можа перавесьці гэтыя грошы ў Менск без адпаведных юрыдычных працэдураў. Пра гэта паведаміў сёньня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў. А яшчэ 9 траўня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэтыя грошы прыйдуць у Менск цягам аднаго тыдня.

Аляксандар Сурыкаў сказаў, што разглядаліся розныя варыянты напаўненьня двухмільярднага крэдыту. Спыніліся на катэгорыі «міждзяржаўнага»:

«Сёньня Дзяржаўная Дума разглядае папраўкі да бюджэту Расейскай Фэдэрацыі. І, як я разумею, там гэты крэдыт знойдзе сваё месца. Як хутка ён будзе напаўняцца? Пасьля рашэньня Дзярждумы неабходна будзе падпісаць яшчэ і крэдытнае пагадненьне з канкрэтнымі ўмовамі. І тут час можа спатрэбіцца. Ну, пакуль дамовіліся, што міждзяржаўны крэдыт у любым выпадку сёлета „саскочыць“ — можа, у ліпені, можа, у жніўні. А да гэтага моманту ВТБ зноў грашыма падмацуе Беларусь у лік гэтага крэдыту. Да аднаго мільярда даляраў. Таксама брыдж-крэдыт».

Лукашэнка публічна казаў пра хуткі крэдыт, таму што хацеў пераканаць грамадзтва — яму хутка дадуць грошы за падпісаньне дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, — кажа кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:
Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
«Гэта, мабыць, быў той ф’ючарс, пра які яму казалі Пуцін зь Мядзьведзевым. Гэта, бадай, упершыню, калі Лукашэнка паставіў для Расеі крэсла і не атрымаў за гэта грошы. Ну, і цяпер Расея будзе вадзіць яго за нос, як раней ён вадзіў Расею. У сытуацыі, калі Крым і вайна з Украінай паглынаюць у Расеі шмат грошай, доля Беларусі ад інтэграцыйнага „кекса“ будзе зьмяншацца».

Нават два мільярды даляраў не ратуюць, — лічыць эканаміст Леў Марголін:
Леў Марголін
Леў Марголін
«Зь іх трэба будзе сплаціць тое, што атрымалі ў сьнежні (440 мільёнаў). А таксама той мільярд, які, магчыма, дасьць ВТБ. Сёе-тое застанецца. І вось гэта і будзе рэальны крэдыт».

Карэспандэнт: «Дык там амаль нічога і не застанецца».

«Паўмільярда застанецца. Таму экспэрты і кажуць, што гэты крэдыт нічога не вырашае. Пройдуць месяц-два, і трэба будзе шукаць новыя грошы».

У сьнежні 2013 году Расея ўжо перавяла Беларусі 440 мільёнаў даляраў. Але месяца паўтара таму першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Беларусі Тарас Надольны казаў журналістам: «Мы просім Маскву, каб гэтыя грошы не ўключалі ў лік двух мільярдаў. Аднак Расея на гэты варыянт пакуль ісьці ня хоча». Я спытаў спадара Сурыкава, ці не зьмянілася за гэты час пазыцыя Масквы ў гэтым пытаньні. Амбасадар адказаў, што Расея прытрымліваецца ранейшага погляду.

Яраслаў Раманчук тлумачыць такую ўпартасьць Масквы так:

«Масква зацікаўленая ў тым, каб набыць лепшыя беларускія прадпрыемствы. Але па ніводным зь пяці інтэграцыйных праектаў няма прагрэсу. Лукашэнка падпісаў паперы ў Астане. І цяпер яны будуць яго па паўмільярда мучыць.

Яны ведаюць, што беларускі кіраўнік ужо нікуды не саскочыць. І яму давядзецца кожны мільярд, кожныя паўмільярда выцягваць з Масквы зь віскам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG