Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна ўцякла з Данбаса на радзіму, а тут яе ганяе міліцыя...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 11 чэрвеня 2014 году

Тэма вялікіх узрушэньняў, якія адбываюцца цяпер ва Ўкраіне, турбуе і непакоіць многіх у Беларусі. Гістарычны лёс украінскага народа на працягу многіх стагоддзяў быў шмат у чым падобны да лёсу народа беларускага. Ці ня здарыцца так, што і шлях да поўнай незалежнасьці і сапраўднай дэмакратыі ў дзьвюх гістарычна і этнічна блізкіх дзяржаў акажацца падобным?

Пра гэта — многія лісты ў пошце Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з допісу Ігната Гавенскага з Полацку. Разважаючы пра імклівыя палітычныя зьмены ва Ўкраіне, слухач піша:
«Ужо і на поўдні ад нас зьяўляецца новая дзяржава, павернутая тварам на Захад — як тыя ж балтыйскія рэспублікі. Зусім зразумела, што Ўкраіна будзе шпарка збліжацца і з Эўразьвязам, і з НАТО. Фармальна ў гэты вайсковы альянс яна, можа, і ня ўвойдзе, каб надта не правакаваць Расею, але фактычна ўзаемадзеяньне можа быць такім жа, як і ў паўнапраўных удзельнікаў НАТО. Так што начныя кашмары Пуціну забясьпечаныя.

Украінскім уладам варта было б прыгледзецца да ваеннага досьведу такіх краін, як Ізраіль і Паўднёвая Карэя. Яны ўжо больш як паўстагодзьдзя жывуць і нармальна разьвіваюцца ва ўмовах суседзтва з агрэсіўнымі аўтарытарнымі рэжымамі. Тое ж, напэўна, чакае і Ўкраіну, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Ігнат Гавенскі з Полацку. — А вось Расея, калі меркаваць па тым, што паказваюць яе дзяржаўныя тэлеканалы, ператвараецца ў адзін агромністы псыхіятрычны шпіталь. Прычым без санітараў. Хацелася б, каб уся гэтая вялізная разбуральная энэргія шавінізму і агрэсіі была накіравана ня вонкі, а — унутр імпэрыі. Можа, тады б яна хутчэй распалася...

Што да нашай Беларусі, то я па-ранейшаму лічу яе расейскай Паўночна-Заходняй памежнай акругай, якая замаскавалася пад незалежную дзяржаву. Украінцы, гледзячы на поўнач, не павінны заспакойвацца. Генэрал-губэрнатару, замаскаванаму пад прэзыдэнта, верыць нельга.

Зрэшты, у яго ёсьць яшчэ шанец стаць гэткім беларускім генэралам Франка — каб не паўтарыць лёсу Гітлера. Але генэрал Франка, здаецца, утрымліваў сваю ўладу не за кошт грашовых патокаў з чужой краіны...».

У гішпанскага каўдыльё Франка не было пад бокам такой вялізнай сыравіннай імпэрыі, за кошт якой можна было б існаваць. Таму давялося праводзіць лібэральныя эканамічныя рэформы. Адзін час, у 50–60-я гады, гэта ўдавалася франкісцкаму рэжыму зусім няблага: у выніку Гішпанія перастала быць адной з самых бедных краін Эўропы і выбілася ў цьвёрдыя сераднякі. Усьлед за гэтым пачалася і сякая-такая палітычная лібэралізацыя: быў прыняты закон аб прэсе, улада дазволіла эканамічныя страйкі... Дыктатар пры гэтым умела выкарыстоўваў абставіны халоднай вайны, супярэчнасьці паміж Захадам і Ўсходам. Для Захаду дыктатарскі рэжым Франка быў усё ж меншым злом, чым камуністычная пагроза з Масквы. Так гішпанскаму дыктатару ўдалося праседзець пры ўладзе 36 гадоў — аж да самай сьмерці ў 1975 годзе.

Украінская тэма гучыць і ў лісьце нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:
«Якія жахлівыя навіны прыходзяць цяпер з усходу Ўкраіны! Вось і ў данецкай Горлаўцы неспакойна. А там наш унук са сваёй сям’ёй — дзецьмі і жонкай. Як яны там? Не датэлефанавацца да іх...

Прэзыдэнт кажа, што людзей з Украіны расьсяляюць у некаторых рэгіёнах Беларусі — у прыватнасьці, у Магілёўскай вобласьці. Ня ведаю, можа, там да іх і ставяцца прыхільна. Я дык ведаю пра іншыя выпадкі. Мая знаёмая Натальля Піліпаўна зьехала з Горлаўкі, жыве ў бацькоўскім доме ў Маларыце. Дык да яе пэрыядычна наведваецца міліцыя — маўляў, яна парушае міграцыйнае заканадаўства. І жанчына вымушана зноў і зноў ехаць ва Ўкраіну, перасякаць памежны пераход — каб працягнуць права на побыт у Беларусі. Бедная Натальля плача: „Не высяляйце, на Данбасе ж вайна!“, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. — Пакуль што ідуць на саступкі, не выганяюць з бацькоўскай хаты. А яна ж мясцовая. Проста два гады таму здала свой беларускі пашпарт, заплаціўшы яшчэ пры гэтым паўтара мільёна рублёў.

Магчыма, калі масава зьявяцца ўцекачы з Украіны — дык тады неяк пачнуць вырашаць пытаньне з грамадзянствам. А ўвогуле, на маю думку, самым правільным было б выдаваць замежным суайчыньнікам „Карту беларуса“ — накшталт той, якую выдаюць палякам улады Польшчы. Такія асобы мелі б права без усялякіх дакумэнтаў жыць у Беларусі паўгода ці год — пакуль ня вырашылі б пытаньне з грамадзянствам».

Ідэя ўвядзеньня «Карты беларуса» актыўна абмяркоўвалася тры-чатыры гады таму, падчас распрацоўкі новага закону аб суайчыньніках замежжа. Меркавалася, што гэта павінна стаць адказам на ўвядзеньне Варшавай «Карты паляка», якое многія беларускія кіраўнікі ўспрынялі насьцярожана і непрыязна. Аднак урэшце ад гэтай ідэі адмовіліся. Увядзеньне такой карты — ня надта танная прыемнасьць. Патрабуюцца немалыя бюджэтныя выдаткі. І справа ня толькі ў аплаце працы чыноўнікаў, якія павінны гэтым займацца. Такую карту маглі б атрымаць сотні тысяч беларусаў Літвы, Польшчы, Латвіі. Цяпер кожны зь іх, едучы на Бацькаўшчыну, павінен заплаціць да 100 эўра за візу. А калі выдаць «Карту беларуса» — яны ж нічога плаціць ня будуць... А льготы на навучаньне? На мэдычную дапамогу? На грамадзкі транспарт? Усе гэтыя прывілеі маюць у Польшчы ўладальнікі Карты паляка. Беларускія ўлады такі падарунак сваім суайчыньнікам даваць не зьбіраюцца. І ці варта пасьля гэтага зьдзіўляцца, што масавага перасяленьня беларусаў з-за мяжы на гістарычную радзіму не назіраецца? Сюды едуць кітайцы, пакістанцы, аўганцы, бэнгальцы — але не беларусы.

Наступны ліст даслала нам Алена Трахімчык з Маладэчна. Які многія іншыя нашы слухачы, яна зьвярнула ўвагу на тое, як імкліва апошнім часам у беларускіх крамах растуць цэны на харчаваньне, і асабліва — на мяса. Спадарыня Алена піша:
«Слухала па Свабодзе перадачу пра тое, чаму ў нас такое дарагое мяса. Карэспандэнт сказаў, што ў Польшчы найлепшую сьвініну, якая ў нас цяпер каштуе 170 тысяч рублёў за кіляграм, можна купіць за 40 тысяч. Вельмі мяне зьдзівіў гэты факт. Як такое можа быць? У Польшчы сярэдні заробак — 1300 даляраў. А ў нас у калгасах людзі зарабляюць па 200–300 даляраў. Салярка для трактароў у нас удвая таньнейшая, чым у Польшчы. Дык адкуль такая цана? Мяркую, што сабекошт сьвініны ў Беларусі ніяк не вышэйшы, чым у суседзяў. Дык, значыць, розьніца паміж сабекоштам і цаной ідзе камусьці ў кішэню. Пытаньне: каму?

Лукашэнка сьцьвярджае, што дзяржава няспынна ўкладае грошы ў сельскую гаспадарку, ніякага прыбытку з гэтага ня маючы. Значыць, гэтыя грошы забірае не дзяржава? Дык хто тады? Да жабрака-калгасьніка яны яўна не даходзяць».

Відавочна, спадарыня Алена, што прычына тут не адна і ня дзьве. Улада называе сытуацыю часовай і спасылаецца выключна на наступствы эпідэміі афрыканскай чумы. Маўляў, вымушаны былі рэзка скараціць пагалоўе, у выніку ўзьнік дэфіцыт мяса — вось цэны і падскочылі. Але гэта — толькі вяршыня айсбэрга. Ці з чумой, ці безь яе — польскае мяса ўсё роўна значна таньнейшае за беларускае. І ня толькі мяса. Гэта ж можна сказаць і пра бульбу, і пра садавіну, і пра гародніну, і ўвогуле пра ўсю сельгаспрадукцыю. Справа тут найперш ва ўласнасьці на зямлю, у сыстэме гаспадараньня. У Польшчы гаспадар на зямлі — прыватнік, фэрмэр; у Беларусі — фактычна дзяржава. Шматмільярдныя дзяржаўныя датацыі ў калгасную сыстэму сапраўды накіроўваюцца — але вялікага эфэкту не прыносяць. Часткова гэтыя грошы раскрадаюцца, часткова — марнуюцца, застываюць у распачатых і незакончаных будоўлях, у неэфэктыўных праектах. І на дабрабыце шараговага вяскоўца гэта мала адбіваецца. Як былі ў яго мізэрныя заробкі — так і засталіся. Як уцякала моладзь зь вёскі — так і працягвае ўцякаць. Нішто яе там не трымае. У беларускай вёсцы няма сапраўднага гаспадара — вось у чым сапраўдная прычына таго, чаму айчыннае харчаваньне такое дарагое.

І яшчэ адзін кароткі ліст. Аляксей Былінскі з Рэчыцы напісаў на Свабоду пад уражаньнем ад пачутага эсэ Альгерда Бахарэвіча пра дранікі ў цыкле «Цуды і дзівосы Беларусі». Слухач піша:
«Дранікі — гэта для беларуса, сапраўды, ня простая, не шараговая страва. Асабіста для мяне гэта зь дзяцінства — улюбёны пачастунак. Згорнеш залацісты блінец коўшыкам, зачэпіш яечню, тварог, сьмятану... Зь мёдам яны таксама смачныя. Няблага памачаць у смажанае сала, у растопленае на сподачку масла, з джэмам... З вымачанымі разынкамі таксама добра ідуць...»

Напісана зь веданьнем справы, спадар Аляксей. Нядаўна, падчас вялікага хакею ў Менску, дранікі разам зь іншымі нацыянальнымі стравамі атрымалі нечаканую дзяржаўную падтрымку: рэстарацыі і кавярні мусілі ў абавязковым парадку ўключыць іх у свае мэню. Загад выканалі, але выявілася адна непрыемная акалічнасьць. Беларуская сыстэма грамадзкага харчаваньня, каб заашчадзіць, купляе ўжо гатовыя замарожаныя дранікі ў суседніх краінах Эўразьвязу, дзе бульба і таньнейшая, і больш якасная. Пра аўтэнтычны беларускі прадукт у гэтым выпадку, зразумела, гаварыць не выпадае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG