Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сярод нашых людзей пра палітыку трэба гаварыць асьцярожна. Часам лепш прамаўчаць»


Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».

Драматычныя ўкраінскія падзеі пасварылі ня толькі палітыкаў, але і многіх далёкіх ад улады і міждзяржаўных дачыненьняў людзей. Прычым тычыцца гэта не адных Украіны і Расеі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у канфлікце, але і Беларусі. Назіраючы за тым, што адбываецца на поўдзень ад Прыпяці, многія беларусы міжволі прымерваюць на сябе і сваю краіну тыя шматлікія выпрабаваньні, зь якімі давялося сутыкнуцца ўкраінцам.

Пра гэта — значная частка пошты Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наша слухачка Тацяна Колышава зь Менску распавяла вось такую сумную гісторыю:

«Было гэта на Радуніцу. Старэнькая хворая маці, вяртаючыся з сынам у горад, убачыла прымацаваную да ветравога шкла чорна-аранжавую стужку. Паколькі яна сочыць за тым, што адбываецца ва Ўкраіне, дык зьвярнула на гэта ўвагу. А ў адказ пачула ад свайго чада такую гнеўную водпаведзь, што ня вытрымала — папрасіла спыніць машыну і выйшла. І больш як дзьве з паловай гадзіны адна пехатой дабіралася да гораду, а потым яшчэ паўтары гадзіны — грамадзкім транспартам дахаты... А роднае дзіця, наколькі я ведаю, нават не пацікавілася — як там маці, ці дайшла, ці жывая... А раней жа і падарункамі абменьваліся на сьвяты, і грашыма сын дапамагаў матулі.

...Украінская тэма не адпускае і мяне. Кожную раніцу прачынаюся з надзеяй, што адтуль будзе хоць якая добрая навіна. Ну хоць зусім маленькая, хоць
Украінская тэма не адпускае і мяне. Кожную раніцу прачынаюся з надзеяй, што адтуль будзе хоць якая добрая навіна
кропельку... Немагчыма стала глядзець расейскае тэлебачаньне: хлусьня, нянавісьць, цынізм, прапаганда. Але цяжка ўспрымаць і праўду, якую паказваюць украінскія тэлеканалы: для гэтага трэба мець моцнае і здаровае сэрца. Вось так з ранку і да вечара і сядзіш з патухлай чорнай скрынкай. Альбо, каб сумныя думкі ня лезьлі ў галаву, уключаеш які-небудзь замежны тэлесэрыял (заўважце: не расейскі) і займаесься чым-небудзь па гаспадарцы. І ў гэтыя хвіліны пачынаеш зайздросьціць тым, каму ўсё гэта да лямпачкі.

Месяц таму я дала пачытаць суседцы некалькі нумароў «Народнай Волі». А потым тры тыдні не знаходзіла сабе месца — бо даведалася, што суседка пасьля таго трапіла ў шпіталь. Дзякуй Богу, што ўсё абышлося.

Так і жывем ад навін да навін, прымаючы лекі непасрэдна перад праглядам гэтых навін, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Тацяна Колышава зь Менску. — Думаеце, я такая адна? Мая сяброўка, прыяжджаючы зь лецішча, найперш тэлефануе мне з адзіным пытаньнем: «Як ТАМ справы?» А ўжо потым уключае Свабоду і паціху ўсё астатняе, бо трэба загадзя падрыхтавацца да кепскіх навінаў, каб іх вытрымаць.

Раптам пачынаеш разумець, што амаль усе адносіны зь сябрамі, суседзямі, блізкімі табе людзьмі і нават малазнаёмымі — вельмі цесна залежаць ад стаўленьня да падзеяў ва Ўкраіне. І гэта самае цяжкае выпрабаваньне — асабліва калі ў адной сям’і нехта падтрымлівае агрэсію Пуціна, а нехта — рашуча яе асуджае...

Няўжо сапраўды кожнае пакаленьне павінна прайсьці праз сваю вайну, бо інакш чалавецтва дэградуе? А вайна, маўляў, усё расставіць па сваіх месцах, ды яшчэ і прагрэсу кухталя дасьць — каб не застойваўся... Вось толькі шкада, што ад гэтага кухталя гінуць людзі. І галоўным чынам — лепшыя, хто не хаваецца за сьпінамі жанчын і дзяцей...»

Гэтыя палітычныя рознагалосьсі сапраўды сталі праблемай для многіх сем’яў, для дачыненьняў нават паміж вельмі блізкімі людзьмі. Напэўна, самае простае, што можна зрабіць у такой сытуацыі, — дамовіцца і пазьбягаць такіх тэмаў у размовах. Ніякая палітыка ня вартая таго, каб маці рассварылася з сынам альбо каб загінула шматгадовая вялікая дружба паміж двума блізкімі людзьмі...

Падсьвядома людзі самі гэта разумеюць, і многія, дбаючы пра ўласнае псыхічнае здароўе, імкнуцца абмежаваць час ля тэлевізара. Асабліва гэта датычыць тых шматлікіх расейскіх тэлеканалаў, якія пры асьвятленьні ўкраінскіх падзеяў замест аб’ектыўнай стрыманай інфармацыі апошнім часам перайшлі на суцэльную агрэсіўную прапаганду.

Гэтая ж тэма — пра небясьпеку тэлепрапаганды для грамадзкага і асабістага здароўя — гучыць у лісьце нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Ушачаў. Слухач піша:
Па тэлевізары пачалі перадаваць «пяціхвілінкі нянавісьці» да Ўкраіны, ды такія, што Оруэл проста адпачывае!
«Першы раз з сур’ёзнай праявай масавага псыхозу, выкліканага тэлевізарам, я сутыкнуўся яшчэ ў СССР, недзе напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Тады на блакітныя экраны краіны ўварваўся саматужны лекар-экстрасэнс Алан Чумак. Усе, бы апантаныя, кінуліся да тэлевізараў з трохлітровікамі водаправоднай, калодзежнай, крынічнай, рачной і азёрнай вады, каб пры дапамозе «пасаў» шарлятана «зарадзіць» яе і надаць нейкія чароўныя лекавыя і ўсякія іншыя ўласьцівасьці. Далей — болей, у ход пайшлі розныя мазі, крэмы, шампуні і яшчэ чорт ведае што. Чумак пралез і на радыё — нейкая радыёстанцыя перадавала «хвіліны маўчаньня Чумака». Ужо ня памятаю, што ён такім чынам «зараджаў». Хай бы на гэтую лухту «купіліся» малаадукаваныя людзі, дык жа не — трохлітровікі перад тэлевізарам ставілі нават людзі з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй! Больш за тое — з трохлітровікамі насіліся вернікі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў, не ўсьведамляючы, што ўпадаюць тым самым у вялікі грэх — «не сотвори себе кумира»! Любыя спробы пераканаць іх натыкаліся на сьцяну неразуменьня, а часам і агрэсіі. Тады я зьмяніў тактыку, адказваючы на пытаньні Чумаковых ахвяраў не зусім усур’ёз. Памятаю, як я з сур’ёзным тварам прапаноўваў такім людзям зараджаць трохлітровікі з самагонкай. Аднаму аматару «зараджанай» вады я параіў зрабіць тэлевізійную антэну зь мядзянай аўтамабільнай тармазной трубкі і пасерабрыць яе, аргумэнтуючы гэта так званым «скін-эфэктам» і тым, што срэбра — найлепшы праваднік электрычнага току. Я нават даў яму рэцэпт, як пасерабрыць трубку пры дапамозе адпрацаванага фотазамацавальніка. І ён «купіўся»! Мне было нават неяк няёмка — вось раскажа іншым пра гэтую супэрантэну, дойдзе да якога тэхнічна адукаванага чалавека, і на мяне самога павесяць ярлык шарлятана!

Год праз восем пасьля Чумаковых чараў, калі я працаваў у сваёй тэлемайстэрні, я назіраў масавы псыхоз проста на сваім працоўным месцы. Ішоў нейкі сэрыял (здаецца пра багатых, якія таксама плачуць). Супрацоўніцы арганізацыі, у якой я арандаваў памяшканьне, штодня заходзілі да мяне, каб паглядзець чарговую сэрыю. Было гэта штодня акурат перад абедам, начальства ўжо паразьяжджалася па сваіх начальніцкіх справах, а ў мяне заўсёды былі «на прагоне» адрамантаваныя тэлевізары. Я рабіў выгляд, што заняты, што быццам нешта рамантую, а сам цішком назіраў за жанчынамі — гэта было нашмат цікавей, чым тое, што адбывалася на экране. Каб вы бачылі, шаноўнае спадарства, іх адухоўленыя твары, каб вы чулі, ШТО яны пры гэтым казалі! «Ах, ён такі-сякі, во як зрабіў! Ах, яна бедная-няшчасная, трэба было ёй вось так яму адказаць!» Каб вы бачылі іх палаючыя вочы! — піша ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Ушачаў. — Яны жылі жыцьцём кінагерояў, яны пераўвасабляліся да такой ступені, што ўласнае жыцьцё і рэчаіснасьць іх мала цікавілі.

І вось тады я, бадай, упершыню ўспрыняў разбуральную ролю тэлевізара для псыхікі ўсур’ёз...

Але вось расейскае тэлебачаньне, як кажуць, «дайшло да ручкі» — па тэлевізары пачалі перадаваць «пяціхвілінкі нянавісьці» да Ўкраіны, ды такія, што Оруэл проста адпачывае! І мы слухаем гэтую лухту! Мала таго — многія (ды што там многія — большасьць) вераць! Пытаюся: патлумачце мне, як гэта ўсе пагалоўна жыхары Заходняй Украіны яшчэ нядаўна былі братамі, і неяк раптам, бы на шчупакова казаньне, ператварыліся ў бандэраўцаў і фашыстаў? Уцямнага адказу няма, адны лёзунгі. Ці вось, напрыклад, нядаўна праходжу тэхагляд (у мяне скутэр). Адзін з мэханікаў без усякай сувязі з тэхаглядам раптам пачынае нешта распавядаць пра Расею, якая ўстае з калень. І вось як устане, дык усім пакажа. Я змаўчаў, бо нешта казаць было бессэнсоўна. Толькі падумаў, што вось яшчэ адна ахвяра «скрыні».
Я зусім не гляджу тэлевізар з... ну, з таго моманту, як Дзіма Кісялёў расказаў, як Расея будзе ператвараць ЗША і заадно маіх унукаў у ядзерны попел
Асабіста ў сваю абарону павінен сказаць, што я зусім не гляджу тэлевізар з... ну, з таго моманту, як Дзіма Кісялёў расказаў, як Расея будзе ператвараць ЗША і заадно маіх унукаў у ядзерны попел. Наагул, пераважная большасьць таго, што паказваюць у гэтай «скрыні», такая лухта, што словамі ня выказаць. Хутчэй за ўсё, я больш ня буду глядзець тэлевізар наагул. Ужо тры гады, як мы не трымаем тэлевізар на лецішчы. Ня памятаю, колькі год не гляджу палітычныя праграмы і навіны Беларускага тэлебачаньня.

Чаго і вам, шаноўнае спадарства, жадаю».

Сапраўды, спадар Кастусь, некаторыя гэта лічаць найлепшым выйсьцем — дзеля таго каб адгарадзіць сябе ад нэрвовых стрэсаў ды нэгатыўных эмоцыяў. Асабіста ведаю аднаго такога чалавека, які ўжо гадоў пятнаццаць як выкінуў з хаты тэлевізар. І сьцьвярджае, што самаадчуваньне яго пасьля гэтага толькі палепшылася.

Хоць, напэўна, ёсьць і меней радыкальныя спосабы. Тэхнічныя магчымасьці цяпер такія, што зусім не абавязкова абмяжоўваць сябе тымі тэлеканаламі, якія ўключае ў свой пакет кабэльны апэратар. Урэшце, ад кабэльнага тэлебачаньня можна ўвогуле адмовіцца — на карысьць спадарожнікавага. І сфармаваць для сябе свой уласны пакет — з культурніцкімі, адукацыйнымі, тэматычнымі тэлеканаламі, дзе ня будзе ні прапаганды, ні палітыкі.

І на заканчэньне ліст ад Ганны Пудзік з Калінкавіцкага раёну — таксама пра тое, наколькі асьцярожным варта быць, гаворачы ў грамадзкіх месцах пра палітыку. Слухачка піша:
Самадзержац наладзіў райскае жыцьцё хіба толькі малапісьменным трутням. А вось адукаваныя ды разумныя — хто ў турме, хто ў выгнаньні
«Сярод нашых людзей пра палітыку трэба гаварыць вельмі асьцярожна. Часам, можа, лепш і прамаўчаць. Бо хто ведае, на каго натрапіш. Вось нядаўна адзін забулдыга на вуліцы пачуў, як я казала, што разумнейшыя людзі хочуць ісьці ў Эўропу. Што тут пачалося! Мне давялося адбівацца ад яго, як ад шалёнага сабакі. Супакоіўся толькі тады, калі прыгразіла, што выклічу міліцыю.

Так што ў нас, калі ты путны, дык лепей — чок-маўчок. Як кажуць, маўчы глухА — будзе меней граха... І ў палітыку не гуляй — каб машыну не адабралі ды з працы не прагналі.

А ўвогуле, нешта ў нашай роднай краіне робіцца ня тое. Самадзержац наладзіў райскае жыцьцё хіба толькі малапісьменным трутням. А вось адукаваныя ды разумныя — хто ў турме, хто ў выгнаньні... Народ выраджаецца. Сем’ямі мруць ад гарэлкі ды ад наркаты. Забрудзілі навакольле сьмецьцем. У пад’ездах — як у сьвінушніку. Вось так і жывем».

Дзякуй, спадарыня Ганна, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG