Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Тымчук: За гэты тыдзень спыніць баявыя дзеяньні ня ўдасца


Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук

Кіраўнік украінскага Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што ня лічыць рэальным абяцаньне Пятра Парашэнкі спыніць баявыя дзеяньні ў Данбасе цягам гэтага тыдня.

На думку ваеннага экспэрта, раздробленасьць у шэрагах тэрарыстаў гуляе супраць украінскай арміі і ўлады.

— Пятро Парашэнка заявіў, што трэба спыніць баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны да канца гэтага тыдня. Як вы, ваенны аналітык, ставіцеся да гэтых словаў — як да рэальнага абяцаньня ці як да папулісцкай заявы?

— Што мае на ўвазе спадар Парашэнка, калі робіць падобныя заявы, незразумела, таму што ён не расшыфраваў свой тэзіс. Ён сказаў, што збройнае супрацьстаяньне павінна быць скончана на гэтым тыдні. Але што гэта значыць, няясна. Калі б мы вялі вайну з адзіным узброеным фармаваньнем, то магчыма было б дасягнуць дамовы пра спыненьне страляніны, ці пра перамовы, ці пра нешта яшчэ. Але, па сутнасьці, у Данбасе ў межах «ДНР» і «ЛНР» дзейнічае вялікі шэраг узброеных фармаваньняў, паміж якімі ёсьць моцныя супрацьстаяньні і непаразуменьні, якія нават пастаянна вінавацяць адно аднаго ў здрадзе. Няма адзінай сілы, якой магла б супрацьстаяць антытэрарыстычная апэрацыя. Адпаведна, весьці перамовы з кімсьці бессэнсоўна.

Калі яшчэ ў сакавіку-красавіку Расея дзейнічала на ўсходзе сіламі сваіх дывэрсійна-выведных групаў і можна было апэляваць да гэтай краіны,
Расея большую частку сваіх спэцназаўцаў вывела і падмацоўвае сэпаратыстаў сваімі наёмнікамі
то ў траўні Расея большую частку сваіх спэцназаўцаў вывела і падмацоўвае сэпаратыстаў сваімі наёмнікамі, зброяй і фінансамі, ператвараючы Данбас у зону некіраванага хаосу. Каб супрацьстаяць гэтаму хаосу, трэба перакрыць мяжу і весьці перамовы з Расеяй пра вывад яе наёмнікаў з тэрыторыі Ўкраіны і пра спыненьне падтрымкі ўкраінскіх тэрарыстаў. Абедзьве гэтыя ўмовы вельмі складаныя для выкананьня.

Але нават калі б яны былі рэальныя, трэба ўлічваць, што лідэры тэрарыстычных фармаваньняў, якія маюць падтрымку ад Расеі, — гэта прадстаўнікі мясцовага крыміналітэту, людзі з хваравітымі амбіцыямі, якія змагаюцца цяпер за ўладу ў Данбасе, у тым ліку паміж сабой. Каб вычысьціць гэтых крымінальнікаў зь дзьвюх абласьцей, трэба вельмі шмат часу, дакладна больш за тыдзень. Крымінальнікі, якія за гэты час натварылі не на адзін пажыцьцёвы тэрмін, ня будуць проста здавацца, ім губляць ужо няма чаго.

— Гучыць шмат нараканьняў на кепскі стан украінскай арміі — няма амуніцыі, харчоў, зброі. Ці так гэта насамрэч?

— Поўная дэградацыя арміі ў нас выявілася з моманту пачатку антытэрарыстычнай апэрацыі. Праблемы з баявой падрыхтоўкай, з баяздольнымі падразьдзяленьнямі, з узбраеньнем, з узроўнем прафэсіяналізму. Гэта не сакрэт, што пры Януковічу армія проста развалілася. Аднак трэба сказаць, што за мінулыя два месяцы быў заўважаны вельмі рэзкі рост прафэсіяналізму. У баях людзі вельмі хутка набываюць навыкі. Таксама паступова вырашаюцца праблемы з забесьпячэньнем, у тым ліку за кошт дапамогі ад НАТО і Міністэрства абароны, якое дадаткова атрымала 6 мільярдаў грыўняў на антытэрарыстычную апэрацыю па-за заплянаваным бюджэтам. Пад антытэрарыстычную апэрацыю было хутка зьмененае заканадаўства ў сфэры закупак. Гэтыя праблемы вырашаюцца. Зараз асноўнай праблемай я бачу асабістыя і прафэсійныя якасьці кіраўнікоў нашых сілавікоў і кіраўніцтва самой антытэрарыстычнай апэрацыі. Як у гэтым кірунку будзе дзейнічаць Пятро Парашэнка, складана сказаць.

— Ці можна ацаніць суадносіны тэрыторыяў Данбасу, якія кантралююцца баевікамі і сіламі антытэрарыстычнай апэрацыі?

— Праблема ў тым, што няма адзінай лініі фронту. Мы ня можам на мапе замаляваць рознымі колерамі тэрыторыі ў залежнасьці ад сілаў, якія іх кантралююць. У сілаў АТА недастаткова сродкаў, каб блякаваць шматлікія ачагі тэрарыстаў. Калі б гэта былі 1–2 тэрарыстычныя групы, было б больш
Літаральна за апошнія гадзіны зьявіўся яшчэ адзін пункт — Сьнежны
зразумела. Але калі пастаянна празь мяжу пруцца атрады наёмнікаў, якія тут жа захопліваюць населеныя пункты, гэтая карціна ўяўляе сабой мазаіку. Па сутнасьці, цяпер толькі адзін населены пункт, які цалкам пад кантролем тэрарыстаў, — гэта Славянск. Літаральна за апошнія гадзіны зьявіўся яшчэ адзін пункт — Сьнежны. Ва ўсіх астатніх гарадах, дзе ёсьць тэрарысты, яны кантралююць толькі нейкія аб’екты. У Луганску і Данецку — захопленыя адміністратыўныя будынкі сілавых ведамстваў. Аднак сказаць, што гэтыя гарады цалкам кантралююцца тэрарыстамі, немагчыма.

— Як на антытэрарыстычную апэрацыю ўплывае той факт, што ў Данбасе, дзе няма міліцыі, актывізаваліся крымінальнікі і, здабыўшы зброю, вырашаюць свае, не зьвязаныя з палітыкай пытаньні?

— Цяпер на гэтай хвалі ўсплывае маса сумнеўных асобаў. Гэтыя людзі маюць дачыненьне да крыміналітэту. Там ідэяй і палітыкай ня пахне. Таму такія разборкі вельмі дарэчы для тэрарыстаў. Дамаўляцца з крымінальнікамі немагчыма. І я нават ня бачу шляхоў, як можна паспрабаваць гэта зрабіць. Няма з кім сесьці за стол, хто б прадстаўляў тэрарыстычныя сілы. На самой справе — гэта старыя канкурэнты, якім у такой сытуацыі вельмі зручна вырашаць свае прыватныя праблемы. Ідзе барацьба за ўладу ў Данбасе.

— Як вы думаеце, як яны бачаць будучыню Данбаса?

— У прыяднаньне да Расеі ўжо ніхто, вядома, ня верыць. Гэтыя крымінальнікі, частка якіх удзельнічае ў тэрарыстычных фармаваньнях, спадзяюцца, што Данбас ператворыцца ў квазідзяржаўнае ўтварэньне, якое ня будзе ў складзе Ўкраіны, аддзеліцца па прыкладзе Абхазіі ці Прыднястроўя. І яны там будуць кіраваць. Мясцовыя жыхары ўжо гэта выдатна разумеюць. За два месяцы адбылося падзеньне рэйтынгу даверу да сэпаратыстаў сярод мірных жыхароў з 30 да 7 працэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG