Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абяцаў — Лукашэнка выканаў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Набліжаецца знакавы юбілей: 20-годзе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Вынікі гэтага пэрыяду беларускай гісторыі будуць падводзіць па-рознаму. Можна вымяраць яго ў лічбах, паказчыках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Але гэта наўрад ці дасьць пра яго адэкватнае ўяўленьне. Бо за 20 гадоў шмат што зьмянілася: пакаленьне, эпоха, крытэрыі прагрэсу. Гэта як у СССР увесь час рабілі параўнаньне з 1913 годам, і народ сьмяяўся. Бо ўвесь астатні сьвет гэты час не стаяў на месцы.

Хацеў бы прапанаваць падводзіць вынікі гэтага пэрыяду праз абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі. Іх за 20 гадоў набралася шмат. Самых розных: сур’ёзных, шчырых, часам кур’ёзных. Найперш цікава паглядзець на абяцаньні кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 1994 году. Зразумела, да таго, што гавораць палітыкі падчас выбараў у любой краіне, трэба ставіцца скептычна. Бо ў гэтым заўсёды прысутнічае вялізарны піяраўскі складнік. Тым ня менш.

Трэба сказаць, што сам Лукашэнка да сваіх тагачасных абяцаньняў ставіўся даволі сур’ёзна. У гутарцы з расейскім журналістам Андрэем Караулавым, паказанай па БТ 28 жніўня 1994 году, малады прэзыдэнт, які толькі што прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў, казаў: «Мяне кідае ў халодны пот адна думка пра тое, што я не змагу выканаць абяцаньні, дадзеныя людзям на выбарах». Думаю, у гэты момант ён быў шчыры.

Дык вось, калі паспрабаваць знайсьці выкананыя абяцаньні, якія пайшлі на карысьць Беларусі, то ўзьнікае вялікая праблема: у такім пошуку непазьбежна будзе прысутнічаць элемэнт суб’ектыўнасьці.

Вось, напрыклад, апазыцыянэры і журналісты шмат кпілі з абяцаньня Лукашэнкі «запусьціць заводы». Але калі ацэньваць аб’ектыўна, то можна канстатаваць, што абсалютная большасьць прадпрыемстваў, якія засталіся ад савецкага часу, сапраўды працавала. Асабліва ў параўнаньні зь іншымі постсавецкімі краінамі. Аднак ці можна гэта лічыць дасягненьнем? Бо шмат заводаў і фабрык працавалі і цяпер працуюць дрэнна. Колькасьць нерэнтабэльных прадпрыемстваў застаецца вялікай. Калісьці былы прэм’ер Сяргей Сідорскі на адным з паседжаньняў ураду прызнаўся, што калі паглядзець на эканамічную сытуацыю без статыстычных выкрутасаў, то палова дзяржаўных суб’ектаў гаспадараньня фактычна стратныя. Тэма вялізных складзкіх запасаў увесь час стаіць на парадку дня Савету міністраў. На гэтым тле ўзьнікае думка: дык, можа, і ня варта было запускаць усе заводы? Навошта доўгі час трымаць нерэнтабэльныя прадпрыемствы за кошт дзяржаўнай падтрымкі? Можа, лепш было збанкрутаваць, прадаць прыватніку? І для эканомікі, і для дзяржавы было б выгадней.
Яшчэ адно выкананае абяцаньне, якое трэба вітаць, гучала так: «Неадкладна спыніць скарачэньне прыёму студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы». Сапраўды, за часы Лукашэнкі колькасьць студэнтаў у краіне павялічылася ў некалькі разоў. Праўда, гэта адбылося за кошт рэзкага падзеньня якасьці адукацыі. Але ня будзем лішне чапляцца.

І ўсё ж ёсьць адна сфэра, дзе бясспрэчна можна ўбачыць выкананыя Лукашэнкам абяцаньні, якія пайшлі на карысьць Беларусі. Падчас кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 годзе ён сьцьвярджаў: «Улада валяецца ў гразі! Загады не выконваюцца, усё развальваецца. Мы падымем уладу з гразі, мы даможамся выкананьня прынятых рашэньняў». Лукашэнка абяцаў пабудаваць «моцную дзяржаву», здольную навесьці «жалезны парадак», дысцыпліну. Пытаньне «моцнай улады» было асноўным тэзісам ягоных публічных выступаў.

І ў пэўным сэнсе Лукашэнка сваё абяцаньне выканаў. Адбудаваныя дзяржаўныя інстытуты дзейнічаюць бяз збояў. Створаная выканаўчая вэртыкаль працуе амаль на аўтамаце, як гадзіньнік. Кіраванасьць усіх працэсаў выклікае зайздрасьць суседзяў. Загады зь вяршыні адміністрацыйнай піраміды выконваюцца без разважаньняў. Чыноўнікі вышкаленыя, дысцыплінаваныя, адносна дасьведчаныя.

Невялікае лірычнае адступленьне. Калісьці ў дзяцінстве я з захапленьнем глядзеў культавы савецкі фільм «Сямнаццаць імгненьняў вясны». Ягоная адметнасьць у тым, што ўпершыню ў савецкім кінэматографе фашысты былі паказаныя не ў карыкатурным выглядзе, як дагэтуль, а як разумныя, рацыянальныя, а таму небясьпечныя ворагі. Гітлераўская Нямеччына паўстае як добра арганізаваная, жорстка кіраваная сыстэма. Найбольш мяне ўразіла вось якая акалічнасьць. Ідуць апошнія тыдні вайны, у Бэрліне ўжо чуваць стрэлы франтавых гармат, усім зразумела, што канец блізкі і немінучы. Тым ня менш уся дзяржаўная машына працуе так, нібыта нічога не адбываецца.

Вядома, што любыя паралелі ўмоўныя. Але моцны дзяржаўны апарат, які не развальваецца ў крызіс, у пару цяжкіх выпрабаваньняў, можна лічыць важным грамадзкім здабыткам. Гэта асабліва разумееш, калі бачыш, што адбываецца зь дзяржаўным апаратам ва Ўкраіне.

Зразумела, ёсьць адваротны бок гэтага працэсу. Беларуская дзяржава атрымалася бюракратычнай, паліцэйскай, не кантраляванай народам. Эфэктыўнасьць дзейнасьці дзяржаўнага апарату ў эканамічнай сфэры нізкая, правалы — адзін за адным. Але тут справа ў тым, што перад чынавенствам ставяцца невыканальныя задачы. Стварыць эфэктыўную эканоміку чыноўнікі ў прынцыпе ня ў стане, гэта — функцыя рынку.

І ўвогуле, дзяржаўны апарат — гэта інструмэнт. Ён можа выконваць любыя задачы, як добрыя, так і кепскія. Міліцыя можа хапаць апазыцыянэраў, а можа бараніць народ ад злачынцаў. Выбарчыя камісіі могуць фальсыфікаваць выбары, а могуць сумленна лічыць галасы. Усё залежыць ад загаду, палітычнага заказу. Спадзяюся, надыдзе час, калі гэты створаны Лукашэнкам дзяржаўны апарат пачне працаваць толькі на карысьць народу. Як кажуць, гэтую б энэргію ды ў мірных мэтах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG