Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вярнулі Крым, вернем і ўсё астатняе»


Зь ініцыятывы ўладаў у Расеі тэрмінова перапісваюцца школьныя і студэнцкія падручнікі ў разьдзеле «Гісторыя Крыму» — анэксія паўвыспы цяпер падаецца як «заканамерная і гістарычная справядлівасьць». Тым часам антыўкраінская прапаганда з тэлеэкранаў і старонак газэтаў выходзіць на вуліцы гарадоў — Маскву аздобілі біг-бордамі кшталту «Вярнулі Крым, вернем і ўсё астатняе».

Расейская сталіца вось ужо каторы месяц сьвяткуе. Амаль на кожным будынку — дзяржаўныя трыкалёры. Аўтамабілі, грамадзкі транспарт, валізкі мінакоў упрыгожаныя жоўта-чорнымі стужкамі. Патрыятычныя настроі адлюстраваны і на біг-бордах. Самы распаўсюджаны ўзор у стылістыцы «Крым — наш» растыражаваны ад імя Цэнтру барацьбы з аўтамабільнымі заторамі. Вялікія і малыя плякаты цьвердзяць: «Вярнулі Крым — вернем і Маскву без затораў». Настроі масквічоў, якіх удалося спыніць пад плякатам, адпаведныя:

«Украіна, яна ж заўсёды была часткай Расеі, гэтак жа як і Беларусь. Таму ўсё правільна робіцца. А паколькі народ рускі ўсюды жыве, то яго нельга кідаць у бядзе, трэба аб’ядноўвацца і жыць разам».

«У свой час усе на эмоцыях пачалі аддзяляцца, але цяпер зноў хочуць вярнуцца да нас. Мы іх, канечне, прымем назад, бо, як бачыце, людзі там толькі пакутуюць, ня хочуць больш так жыць...»
Украіна, яна ж заўсёды была часткай Расеі, гэтак жа як і Беларусь. Таму ўсё правільна робіцца
«Я лічу, што гэта правільна, бо перадусім трэба ўлічваць думку насельніцтва. Часта так атрымліваецца, што палітыкі наверсе вырашаюць так, як выгадна ім, думка народу іх не цікавіць увогуле. А потым цярпяць шараговыя людзі. Паглядзіце на Прыбалтыку — колькі рускіх там пакутуе! Людзі ня могуць аднавіць свой статус, жывуць ва ўшчэмленым становішчы».

Лідэр наваполацкага рок-гурту «Стокс» Аляксей Смалякоў, які ад сярэдзіны 2000-х жыве і працуе ў Маскве, аднадушнасьць што да анэксіі Крыму і замаху на іншыя ўкраінскія тэрыторыі бачыць у непераборлівасьці расейцаў, якія спажываюць прапаганду, абсалютна не зважаючы на нюансы:

«Гэта ўсё пачынаецца з галоў. Такія рэчы зьяўляюцца перадусім ад недахопу культуры. Будзем шчырымі: людзей, якія высокамаральныя і г.д., якія могуць адэкватна ацаніць сытуацыю, — іх у прынцыпе ня так і шмат, правільна? Бальшыня — звычайныя спажыўцы таго ці іншага прадукту. Зразумела, што ў Расеі ідзе масіраваная прапаганда — было б глупствам з боку дзяржавы паводзіць сябе інакш, так заўсёды было. Зрэшты, у той жа Амэрыцы так робяць, у Эўропе таксама. Таму ў Расеі тое ж самае: сядзіць чалавек, слухае расейскія
каналы, дзе расказваюць, якія навокал падонкі і што толькі ў іх усё добра. Дзесьці недагаворваюць, дзесьці падкручваюць. А чалавек не аналізуе. Ён атрымлівае інфармацыю і ўспрымае яе за ісьціну. Але ісьціны няма ні ў тых, ні ў гэтых. Трэба і там, і там паслухаць, сабраць інфармацыю, залезьці, умоўна кажучы, у інтэрнэт, потым усё аб’яднаць — і дзесьці пасярэдзіне будзе ісьціна. Прынамсі, я заўсёды так спрабую разглядаць. Напэўна, нехта ёсьць у Расеі, хто шукае і аналізуе, але думаю, што гэта не такі ўжо вялікі працэнт».

У сеціве зьявіліся здымкі пілётных падручнікаў, паводле якіх расейскія школьнікі будуць вывучаць гісторыю з новага навучальнага году. Перадусім адзначаецца гістарычная міратворчая місія прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, які валявым рашэньнем уратаваў крымчанаў ад украінскіх нацыяналістаў, абвясьціўшы стварэньне Крымскай фэдэральнай акругі ў складзе Расеі.


Ці ляжыць адказнасьць за страту Крыму і на ўкраінскім баку? Ці варта было змагацца за сваю тэрыторыю? Меркаваньне выказвае ўкраінскі палітоляг, прэзыдэнт Палескага фонду міжнародных і рэгіянальных дасьледаваньняў Генадзь Максак:

«Думаю, фармаваньне сцэнару захопу Крыму і дэстабілізацыі ва Ўкраіне адбывалася ня зараз, не падчас Майдану. Апэрацыя прыдуманая 5–6 гадоў таму, калі былі зробленыя першыя спробы дыстанцыявацца ад Расеі. Магчыма, якраз Памаранчавая рэвалюцыя стала тым першым сыгналам, каб гэты рух прыпыніць. Чаму так квола супраціўляліся ў Крыме? Ёсьць абхаскі сцэнар, калі расейскія войскі дайшлі амаль да Тбілісі. Усе разумелі, што „зялёныя чалавечкі“ — гэта расейскія жаўнеры. Тут нават ня трэба было глядзець ні на аўтаматы, ні на „Тыгры“ — і так бачна, што гэта расейцы. Але любая правакацыя — і ў Крыме будзе свая Абхазія. Гэта было зразумела, хоць урэшце так усё і скончылася. Адзінае, на што мы маглі спадзявацца, дык гэта на згасаньне канфлікту. Як грамадзяніну-ўкраінцу мне хацелася грымнуць па стале: „Хлопцы, што вы робіце? Вы страціце Крым!“ Але зь іншага боку, як толькі Расея пачала апэрацыю, трэба было запускаць мэханізм міжнароднага рэагаваньня. Што Расея плюе на гэтыя мэханізмы — справа іншая. Прынамсі, мы маем Амэрыку, якая кажа: незалежна ад таго, як Расея паступіць з усходнімі абласьцямі, усё адно мы будзем прэсаваць Пуціна. Таму што Пуцін у пытаньнях павагі да міжнародных нормаў неадэкватны».

Тым часам нават у Маскве ўдалося натрапіць на ўкраінскую выспачку — на вуліцы Сушчаўскай яшчэ ад савецкіх часоў месьціцца Бібліятэка ўкраінскай літаратуры. Праўда, наведнікаў празь незанавешаныя вокны разгледзець усярэдзіне не ўдалося.
Бібліятэка ўкраінскай літаратуры
Бібліятэка ўкраінскай літаратуры
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG