Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчасьлівыя дні ў залаты век БТ


На адной з падораных мне кніг Генадзь Бураўкін напісаў: «Вячаславу Ракіцкаму — на ўспамін аб нашым шчасьлівым супрацоўніцтве і зь вераю ў спраўджаньне надзеяў».

Генадзь Мікалаевіч моцна паўплываў на маю кар’еру, мае погляды, мой лёс увогуле. Калі за «неразуменьне сацыялістычнага рэалізму» ў 1986 годзе, напярэдадні абароны дысэртацыі, мяне выгналі з Акадэміі навук, менавіта ён падняў мяне на ногі. Ён не пабаяўся ўзяць «палітычна ненадзейнага», «нацыяналіста», беспартыйнага, маладога тэатразнаўцу і журналіста на пасаду загадчыка аддзелу літаратуры і мастацтва ў Галоўную рэдакцыю літаратурна-драматычнага вяшчаньня Беларускага тэлебачаньня.

Выдатнай камандаю, якую ён сфармаваў і якой кіраваў, мы рабілі менавіта БЕЛАРУСКАЕ тэлебачаньне, якое пасьля разбурылі ўшчэнт манкурты і барбары. Яму было нялёгка, ён штодня змагаўся з ЦК КПБ за нашы перадачы «Ліра», «Літаратурная Беларусь», «Тэатар і час», у якіх мы адстойвалі менавіта беларускі погляд на культуру і лёс нацыі. Паводле ягонай ідэі я штомесяц запісваў спэктаклі беларускіх тэатраў, каб захаваць творчасьць выдатных майстроў сцэны і для нашчадкаў. Пасьля гэтыя стужкі былі зьнішчаныя герастратамі, якія прыйшлі на наша месца. Мы і самі рабілі спэктаклі паводле беларускіх твораў.
Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін


У залаты век Беларускага тэлебачаньня, а я менавіта так называю час, калі кіраваў ім Генадзь Мікалаевіч, было недапушчальным, каб вядучыя ў кадры гаварылі не па-беларуску. Мы і ў рэдакцыях паміж сабой, з аўтарамі гаварылі на роднай мове. Таму і была на экране культура мовы. У несвабодны час у несвабоднай краіне на тэлебачаньні, прызначэньнем якога была прапаганда і агітацыя, мы былі значна больш свабоднымі, чым хтосьці дзе-небудзь яшчэ. Мы думалі па-беларуску і стваралі па-беларуску. Мы рабілі беларускую культуру, перамагаючы камуністычных цэрбэраў. І калі стала вядома, што Генадзь Мікалаевіч пакіне БТ, пачала разыходзіцца і ягоная каманда. Прастора беларушчыны і творчай свабоды тут пачала звужацца, аж пакуль не былі яны выціснуты зусім. Але пакідалі тэлебачаньне мы з упэўненасьцю ў сваіх сілах працягваць беларушчыну ў іншых месцах, што і рабілі. Загартоўку мы атрымалі на тэлебачаньні Генадзя Бураўкіна.

Я веру, што яшчэ надыдзе час, калі беларусы будуць мець сваё тэлебачаньне — сапраўды нацыянальнае, праўдзівае, інтэлектуальнае, высокамастацкае. Культурнае. А ў фае будынку на вуліцы Макаёнка, 9 будзе стаяць бюст вялікага кіраўніка беларускага тэлебачаньня — Генадзя Бураўкіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG