Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За прагул — арышт


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выступіла з ініцыятывай: пазбаўленых бацькоўскіх правоў арыштоўваць за прагулы на працы, каб не ўхіляліся ад выплаты сродкаў дзяржаве на ўтрыманьне дзяцей.

Адпаведны праект закону, як паведамляюць мэдыі, разглядаецца ўжо ў парлямэнце.

У Гомелі за сем гадоў — ад пачатку дзеяньня дэкрэту № 18, на падставе якога пазбаўленых бацькоўскіх правоў пачалі прымусова накіроўваць на працу —уладкавалі праз службу занятасьці звыш 1700 чалавек. Аднак цяпер зь іх пад прымусам працуе менш чым пятая частка. У гарадзкой службе занятасьці гэта патлумачылі наступным чынам:

«Кругазварот вады ў прыродзе называецца. Яны паміраюць, іх вызваляюць ад прымусовай працы паводле стану здароўя, яны зьяжджаюць у іншыя раёны на сталае жыхарства, знаходзяцца ў лячэбна-працоўных установах і месцах пазбаўленьня волі. І цяпер на тэрыторыі Гомеля працуе 308 абавязаных асобаў, якіх працаўладкоўвалі паводле нашых накіраваньняў».

Суразмоўніца дадае, што ледзь ня чвэрць «прымусоўцаў» — прагульшчыкі:

«Да 10 дзён гуляюць 17 чалавек, звыш дзесяці за апошнія тры месяцы — 56».

Пазбавіць прагульшчыкаў волі можна і бяз новага закону — на падставе дэкрэту. Але, як сьцьвярджаюць у аддзелах кадраў, гэта патрабуе пэўных высілкаў. Вось што, у прыватнасьці, кажуць у аддзеле кадраў Заводу ліцьця і нармаляў аб’яднаньня «Гомсельмаш», дзе сёньня прымусова працуюць 8 асобаў:

«У нас было 12 абавязаных, але зь цягам часу мы чатырох пасадзілі — пазбавіліся ад іх. Але так проста іх ня могуць пасадзіць — гэта доўгая працэдура. Трэба зьбіраць дакумэнты, накіроўваць у суд. Суд разглядае, знаходзіць важкія падставы — хваробы там ці іншае — пазоў адхіляюць. Вельмі доўгая працэдура і шмат часу займае».

Выглядае, што Міністэрства ўнутраных спраў жадае спрасьціць працэдуру пасадкі за краты ды зьняць некаторыя абмежаваньні — да прыкладу, не чапаць тых, чый доўг не расьце, хто ня мае бягучай запазычанасьці на ўтрыманьне дзяцей.

Калі такі закон прымуць, за краты трапяць, хутчэй за ўсё, жанчыны — іх найчасьцей пазбаўляюць мацярынскіх правоў і яны найчасьцей прагульваюць на працы. Прынамсі, на тым жа ЗЛіНе, дзе цяпер прымусова працуе 6 жанок і толькі двое мужчын:

«Нашы мужчыны ходзяць на працу рэгулярна, не прагульваюць. Прагульваюць і п’юць жанчыны».

Адна са спэцыялістак у галіне занятасьці насельніцтва наагул лічыць, што арыштамі нельга дамагчыся станоўчых пераменаў:
Ну, арыштуюць іх — і будзе расьці толькі запазычанасьць на ўтрыманьне дзяцей. Што там яны за кратамі заробяць


«Хіба ж ад гэтага нешта зьменіцца? Ну, арыштуюць іх — і будзе расьці толькі запазычанасьць на ўтрыманьне дзяцей. Што там яны за кратамі заробяць — у іх такія запазычанасьці! Выйдуць — і будзе тое ж самае».

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што такія заканадаўчыя ініцыятывы, як прапанаваная міліцэйскім ведамствам, толькі заганяюць праблемы ў тупік:

«Нашы чыноўнікі навыперадкі спрабуюць выступіць перад прэзыдэнтам у ролі ініцыятараў вырашэньня сацыяльных праблемаў — хочуць паказаць, што не дарма ядуць хлеб. Пры гэтым не пралічваюць наступстваў сваіх ініцыятываў. Ну, пасадзяць яны пазбаўленага правоў бацьку ці маці ў турму — яны што, заробяць там больш грошай для сваіх пакінутых дзяцей?

Абавязалаўку, своеасаблівае „прыгоннае права“, уводзілі ўжо ў дрэваапрацоўцы. Зараз сам кіраўнік дзяржавы хоча забараніць звальняцца з уласнай ініцыятывы працаўнікам вёскі. Цяпер яшчэ пасадзім у турму пазбаўленых бацькоўскіх правоў прагульшчыкаў! Дык, можа, час ужо садзіць у турму чыноўнікаў, якія стварылі такія ўмовы ў краіне, што чалавек не зацікаўлены ні дзяцей гадаваць, ні на заводзе, ні на фэрме рабіць?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG