Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палецкіс: Калі зьнікне галоўная перашкода, Грыбаўскайце сярод першых сустрэнецца з Лукашэнкам


Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс

На прэзыдэнцкіх выбарах у Літве зноў перамагла Даля Грыбаўскайце. Як гэта будзе ўплываць на дачыненьні Літвы і Беларусі? Ці застанецца сытуацыя ў Беларусі актуальнай для эўрапейцаў? На гэтыя пытаньні адказаў карэспандэнту Свабоды літоўскі палітык, былы эўрапарлямэнтар Юстас Палецкіс.

— Як будзе ўплываць на дачыненьні зь Беларусьсю пераабраньне на прэзыдэнта Далі Грыбаўскайце?

— Я думаю, будзе працягнута тая ж лінія, даволі прагматычная. І Літва ўсё ж лепш разумее, чым многія іншыя сябры Эўразьвязу, сытуацыю ў Беларусі. І зацікаўленая ў эканамічных і людзкіх сувязях. Але, канечне, галоўная перашкода была і застаецца: палітычныя вязьні. І як толькі гэтае пытаньне зрушыцца зь месца, я думаю, што Літва будзе ініцыятарам ці адным з ініцыятараў больш актыўнай палітыкі ЭЗ адносна Беларусі.

— Вядомая заява Грыбаўскайце некалькі гадоў таму, што перамога Лукашэнкі на выбарах дапамагла б забясьпечыць стабільнасьць і абмежаваць уплыў Расеі ў постсавецкіх краінах. Ці яна мела рацыю?

— Яна вядомая сваімі не зусім ардынарнымі выказваньнямі. І іншым разам яна выказвае тое, што іншыя палітыкі толькі думаюць. Яна кажа гэта ўголас. Я не магу пацьвердзіць, што яна менавіта так казала, але яна насамрэч больш прагматычная, чым многія іншыя палітыкі суседніх краін. І ў той жа час яна ня менш зацікаўленая ў тым, каб былі зрухі ў сфэры правоў чалавека, дэмакратыі, захаваньня прававых нормаў.

— Грыбаўскайце сустракалася з Лукашэнкам падчас сваёй першай кадэнцыі. Ці магчымыя яе сустрэчы з Лукашэнкам падчас другога тэрміну?

Так. Я думаю, што падзеі ва Ўкраіне ў пэўнай ступені паўплываюць на пазыцыю Беларусі і Беларусь будзе больш актыўна шукаць збліжэньня з ЭЗ і некаторымі краінамі ЭЗ. І калі будзе зьмена ў галоўнай перашкодзе, у справе палітвязьняў, то яна будзе адным зь першых лідэраў, якія сустрэнуцца з Лукашэнкам у Вільні, Менску ці яшчэ недзе. Варта ўлічваць, што і міністар замежных спраў Лінкявічус, які быў паслом у Беларусі, таксама вельмі добра ведае Беларусь і вельмі зацікаўлены ў некаторых зьменах. То бок я думаю, што гэта магчыма.
Я думаю, што падзеі ва Ўкраіне ў пэўнай ступені паўплываюць на пазыцыю Беларусі і Беларусь будзе больш актыўна шукаць збліжэньня з ЭЗ

— Аднак эўрапейскую палітыку адносна рэжыму ў Беларусі крытыкуюць — і цяпер Грыбаўскайце застаецца на новы тэрмін. Ці чакаць нейкіх зьменаў?

— Само разьвіцьцё падзеяў у сьвеце і асабліва ў Эўропе ўплывае. І Ўкраіна, і адносіны Ўкраіны з Расеяй і Беларусі з Расеяй, і Беларусі з ЭЗ — гэта ўсё цяпер не ў статычнай стадыі. Гэта ўсё мяняецца. І некаторая свабода для манэўру ёсьць. Дадам, што другі кандыдат у прэзыдэнты, які прайграў, — Зыгмантас Бальчыціс — падчас дэбатаў яшчэ больш адзначаў зацікаўленасьць літоўскага бізнэсу ў паляпшэньні стасункаў зь Беларусьсю. Але, вядома, новы-стары прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце будзе выкарыстоўваць кожны шанец для паляпшэньня. Для гэтага ўсё ж такі зь Менску павінны прагучаць ня толькі словы, павінны быць дзеяньні адносна палітвязьняў.

— Вы раней ангажаваліся беларускай праблематыкай. Ці далей вы будзеце ёю займацца?

— У пэўнай ступені. Я не балятаваўся кандыдатам у Эўрапарлямэнт, бо час саступаць месца маладзейшым. Але мяне запрашалі на канфэрэнцыі па беларускай тэматыцы. Я буду ў іх браць удзел. Падчас працы ў Эўрапарлямэнце я 10 гадоў быў у дэлегацыі па адносінах зь Беларусьсю. Ня так ужо шмат нашых калегаў цікавіліся гэтым пытаньнем. На мой погляд, гэта вельмі важна для Эўропы і для суседзяў. І я буду актыўным у гэтым пляне.

— Калі гаварыць пра новы склад Эўрапарлямэнту, наколькі будзе актуальнай для яго сытуацыя ў Беларусі?

— Несумненна, будзе. Вядома, падзеі ва Ўкраіне засланілі ўсё. Але месяца паўтара таму дэлегацыя па адносінах зь Беларусьсю запрашала прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ў Брусэль, і мы абмяркоўвалі, як будзе ўплываць новая сытуацыя. І з боку і Аляксандра Мілінкевіча, і іншых — там сабраліся амаль усе лідэры апазыцыйных партыяў, таксама адчувалася, што сытуацыя мяняецца. І ўтвараюцца больш спрыяльныя ўмовы для некаторых зрухаў. А што да новага складу Эўрапарлямэнту, то, канечне, вялікія зьмены ў тым, што зьявіліся моцныя эўраскептыкі — напэўна, гэта будзе трэцяя па велічыні фракцыя ЭП. Не сакрэт, што многія прадстаўнікі гэтай партыі маюць добрыя адносіны з «Адзінай Расеяй», цяперашнім прэзыдэнтам Расеі. Яны могуць менш прынцыпова глядзець на сытуацыю вакол правоў чалавека і прапаноўваць ініцыятывы, каб паляпшаць адносіны зь Беларусьсю нягледзячы на гэта. Але яны будуць мець толькі 15–20% галасоў у Эўрапарлямэнце, і ня іхні голас будзе вырашальным.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG