Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 гады за праслухоўваньне супрацоўнікаў


Тацяна Селіх

Суд пакараў былую дырэктарку менскай «Слодычы».

Суд Першамайскага раёну Менску засудзіў былую дырэктарку кандытарскай фабрыкі «Слодыч» Тацяну Селіх за праслухоўваньне супрацоўнікаў кампаніі.

Яна пакараная 3 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці. Селіх заявіла, што не прызнае сябе вінаватай і будзе абскарджваць вырак.

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску ўстанавіла, што дырэктарка фабрыкі распарадзілася набыць за кошт прадпрыемства ў камэрцыйнай фірмы спэцыяльнае абсталяваньне для падслухоўваньня ды гуказапісу і ўсталяваць яго ў службовых памяшканьнях. Пры гэтым уся інфармацыя пра размовы супрацоўнікаў акумулявалася на кампутары кіраўніка, а гэта парушэньне таямніцы тэлефонных і іншых перамоў.

Былой дырэктарцы прад’явілі абвінавачаньне па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Дзеяньні службовай асобы кваліфікаваныя як арганізацыя незаконнага вырабу і збыту спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі і злоўжываньня службовым становішчам у асабістых інтарэсах, што нанесла прадпрыемству шкоду ў асабліва буйным памеры.

Абвінавачаная адмовілася ад супрацоўніцтва з органам крымінальнага перасьледу, спрабавала перашкаджаць дзеяньням сьледчых і не прызнала сваёй віны ў інкрымінаваных ёй злачынствах.

Былую дырэктарку фабрыкі «Слодыч» затрымалі ў сярэдзіне сьнежня 2013 году.
XS
SM
MD
LG