Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шакалядныя зайцы. Ліст апалчэнца


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Сам ня ведаю, адкуль табе пішу: яшчэ не Расея, ужо не Ўкраіна. А Данецкая рэспубліка гучыць саматужна. Так у любым райцэнтры можна рэспублік нарабіць. Ёсьць вялікая мясцовасьць – Данбас, тады так і называйце, каб разам агульная рэспубліка, а ня ў кожнай вобласьці свая. Здаецца ж, не часы Махно, у кожным сяле калі свая ўлада. Песьня, канечне, хвацкая была: «Нестор Махно смотрит в окно, а вокруг темным темно…» Але быў Махно ды сплыў, ня тыя часы.

А ў іх там выбары, шакаляднага караля свайго выбіраць сабраліся. Хай. Раней ненавідзелі мяшкі з грашыма, а цяпер толькі на іх надзея. Гэты кароль гарэлачны, той піўны. Хоць чырва, хоць бубна. У іх заўсёды з «капустай» у парадку, ня тое што ў нас, рабацяг беспрацоўных. У каго з чаго карона зроблена – справа апошняя. Нават калі шакалядная, нічога сьмешнага. Хай яны ў прэзыдэнты, нам навошта? Толькі каб народу не шкадавалі свае мільярды, а ня лезьлі па галовах наверх, каб залатых батонаў сабе накрасьці. Прэзыдэнт павінен быць народным адназначна, не лятаць адно «боінгамі» чорт знае дзе. Каб усё па справядлівасьці: будзь, таварыш, адказным за тых, каго «прыручыў», на чыім карку ў рай сабраўся. Раз «капусты» накасіў, то дзяліся з усімі.

Раней само слова «алігарх» ненавідзелі, а цяпер без алігархаў як бяз рук. Вось у іх там шакалядны заяц, а мы яшчэ пакуль памазгуем. Нам не да выбараў цяпер, калі сьпім з калашом у абдымку і канстытуцыю ніяк не абмазгуем: што там павінна быць, а чаго – ніколі. А з прэзыдэнтам пачакаем, не да сьпеху. Ясна, сёньня мода на каралёў, у каго больш «капусты» той. А друкаваць грошы – самае горшае, самадзейнасьць, мы не Папандопула, не бацька Махно і ўсе астатнія паны-атаманы Грыцыяны Таўрычаскія.

Мы жылі не тужылі, пакуль наш чалавек, якога мы выбралі, трымаў у руках і нічога не адвальвалася, ніякі Крым. Чаму мы яго выбралі? Таму што не «западэнец», таму што данбаскі, з прышлых некалі славянскіх братоў бульбашоў. І гэтым самым ён рабіў раўнавагу на шалях: каб ні Львоў не пераважваў, ні Луганск. Але як толькі трапіў на варшаўскі паркет боўдзіла, пацягнула ў паны адразу: ніякія мы не бульбашы былі, а вёска дзедаўская Янукі таму так называлася, што продкі нашыя палякамі былі і з Польшчы перасяліліся! Тут ён і сьпёкся! Гэта ён-то паляк, з такім партрэтам?! Ды палякі ў НАТО, нашы горшыя ворагі. Нам тут палякаў ніякіх ня трэба.

Нам цяпер канец сьвету абяцаюць – што не пражывем, з голаду падохнем. Пражывем, ды яшчэ як, не панікуйце! Бычкі лавіць будзем, вугаль здабываць, жалеза плавіць! І соль маем, і хімію, і алоўкавую фабрыку непадалёк. А вугаль – гэта фільтрацыя, гэта чыстая як сьляза гарэлка! Вугальны кароль ні чым ня горшы за шакаляднага, згода? Ці чыгунны таксама. А каўбасны? Ёсьць адзін такі на прыкмеце ў айцоў-камандзіраў. Толькі прыкідваецца небагатым. Няхай народ накорміць нарэшце, народ заслужыў, прагаласаваў за самастойнасьць! А раз ты тут жывеш, плаці падаткі і хлебам дзяліся.

Хай у іх будзе шакалядны кароль, а мы вугальнага выберам! Хто мацнейшы?! Але дрэнна, што няма ў нас яшчэ ў кіраўніцтве алігархаў. Гэты Пушылін нейкі сьлізкі: начальнік цяпер вялікі, хоць учора кандытарскімі вырабамі гандляваў, ня больш. Парашэнка іхны фабрыкі пабудаваў як-ніяк, а ён што? Мясцовы МММ, піраміду. Брахаў, што ведае, як зрабіць мільянэрамі шырокія народныя масы. Аказалася – як іх абдурыць мастакі такая публіка, як ён. А цяпер – начальнік, на крывой кабыле не пад’едзеш да яго блізка.

Самі алігархі пакуль ваду муцяць, выгадаць карціць, цягнуць гуму. Застаецца надзея на «залаты запас»: зброю ў шахце, толькі дамовімся з суседзямі. На ўсё астатняе жыцьцё досыць будзе: некалькі мільёнаў «ствалоў»! Партыя і ўрад родны падбалі некалі, Палітбюро і асабіста Леанід Ільліч, зямляк. Калі алігарху ў суседнюю вобласьць здаваць, ён там дае па тысячы ці нават дзьве за калаша, вось гэта «капуста»?! А яны плявузгаюць – не пражывем…

Нам самім гэтае дабро ня трэба, толькі на пераходны час: я з калашом па бутэльку хадзіць не зьбіраюся. Хоць зараз здам. А гэты Пушылін усё наракае: на казарменнае становішча вас, каб службу несьлі цэладзённа. А навошта гэта хлопцам? Прыходзяць як на работу: зь дзевяці да шасьці, атрымаў-расьпісаўся і дахаты. Але ёсьць такія, як я, каго ніхто дома не чакае, і працы ў мяне іншай няма, толькі з калашом маладосьць успамінаць. У выходныя дэмбельскі альбом асьвяжу ў памяці. Ты там таксама ёсьць.

Твой былы аднаўзводавец (в/ч 63388) Васіль Ваўкадаў, салдат ДНР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG