Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздраў РБ, СААЗ і Акадэмія навук: Дык колькі ж п'юць беларусы


Галоўны нарколяг міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Канаразаў абверг інфармацыю з апошняй справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), паводле якой Беларусь аказалася на першым месцы ў сьвеце паводле спажываньня алькаголю.

Пра гэта доктар Канаразаў заявіў, выступаючы ў праграме «Галоўны эфір» на Першым нацыянальным тэлеканале.

Паводле сёлетняй справаздачы СААЗ узровень спажываньня алькаголю ў Беларусі склаў 17,5 л сьпіртавога эквіваленту на душу насельніцтва (14.3 л — зарэгістраванага, 3.2 л — незарэгістраванага). Іван Канаразаў падкрэсьліў , што справаздача зьмяшчае дадзеныя за 2008-2010 гады: «І я б сказаў, што мы не першыя паводле ўзроўні спажываньня алькаголю. Мы ўваходзім дзесьці ў дваццатку краін. Афіцыйная статыстыка кажа, што ў нас спажываньне алькаголю 11,14 л на душу насельніцтва. У параўнаньні з 2012 годам ідзе зьніжэньне спажываньня на 11,2 % ».

Разам з тым галоўны нарколяг Беларусі заявіў, што «даступнасьць алькаголю неабходна скарачаць: гэта месцы продажу, ўзрост, ўзьняцьце акцызаў на алькаголь, павелічэньне ўзросту, скарачэньне часу продажу алькагольных напояў».

Як стала вядома на мінулым тыдні, ва ўрадзе распрацоўваюцца заканадаўчыя зьмены, паводле якіх у краіне будзе забаронены продаж алькагольных напояў асобам да 21 году, а не да 18 гадоў, як зараз. Чакаецца, што гэтыя зьмены ўступяць у сілу з пачатку 2015 году.

Дадзеныя, агучаныя галоўным нарколягам Беларусі, супярэчаць ня толькі справаздачы СААЗ, але заяве, зробленай летась у чэрвені галоўным ўрачом Менскага наркалягічнага дыспансэру, галоўным пазаштатным нарколягам Камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Сяргеем Малочкам. БелаПАН цытаваў яго словы пра тое, што афіцыйная статыстыка спажываньня алькаголю не дае дакладнай карціны, паколькі не адлюстроўвае спажываньне самагону, а таксама алькаголю, нелегальна завезенага алькаголю з-за мяжы.

Малочка тады прывёў дадзеныя сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага ў 2010 годзе Інстытутам сацыялёгіі НАН Беларусі, згодна зь якім рэальнае спажываньне алькаголю складае каля 15-16 літраў на душу насельніцтва, што пацьвярджае шырокае распаўсюджваньне самагонаварэньня ў краіне. «Паводле дадзеных МУС, 15% дарослага насельніцтва займаецца самагонаварэньнем. Акрамя таго, у краіну трапляе нелегальны алькаголь з суседніх краінаў» — сказаў тады доктар Малочка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG